21 июня в Кореличском районе состоялся единый день информирования населения

Выдатнай магчымасцю задаць хвалюючае пытанне прадстаўнікам мясцовай улады і пачуць адказ, як кажуць, з першых вуснаў з’яўляецца адзіны дзень інфармавання насельніцтва, які праходзіць кожны трэці чацвер месяца па ўсёй рэспубліцы.

21 чэрвеня такую магчымасць выкарыстаў калектыў прадстаўніцтва Белдзяржстрахау па Карэліцкім раёне падчас сустрэчы са старшынёй Карэліцкага райвыканкама Віктарам Шайбаком. Абмяркоўваліся надзённыя пытанні жыхароў раёна: добраўпарадкаванне населеных пунктаў, ход сельскагаспадарчых работ на Карэліччыне, медыцынскае абслугоўванне і іншыя.

– Карэліччына з’яўляецца аграрным раёнам, менавіта таму першачарговая ўвага – сельскай гаспадарцы, – адзначыў кіраўнік раёна. – На сённяшні дзень скончана корманарыхтоўка з першага ўкосу, падчас якога высушана каля 8000 тон сена, закладзена больш 80 тысяч тон сенажу. Трэба адзначыць, што паказчыкі Карэліцкага раёна займаюць адну з лідзіруючых пазіцый у абласной зводцы сельскагаспадарчых работ.

Як вядома, няма нічога даражэйшага чым здароўе. Аб гэтым у чарговы раз нагадаў старшыня райвыканкама, закранаючы тэму медыцынскага абслугоўвання жыхароў раёна.

– На сённяшні дзень існуе вострая неабходнасць адкрыцця на базе райбальніцы аддзялення гемадыялізу, – падкрэсліў Віктар Шайбак. – Толькі ўявіце сабе, што 5 жыхароў раёна тры разы на тыдзень і ў спякоту, і ў холад едуць у Гродна, каб ім былі праведзены неабходныя медыцынскія працэдуры. Тое ж самае праз некаторы час яны змогуць атрымаць, не выязджаючы за межы раёна.

Як адзначыў кіраўнік раёна, сёння вялікая ўвага надаецца добраўпарадкаванню г.п. Мір. На тэрыторыі сярэдняй школы гарпасёлка вядуцца работы па замене старога асфальтавага пакрыцця на новую плітку. Да канца чэрвеня будзе завершаны бягучы рамонт будынка Мірскага Дома культуры. У ліпені плануецца прыступіць да рэканструкцыі вуліцы Сташэўскай, мадэрнізацыі вуліц Танкістаў, Першамайскай, Школьнай, Зорнай.

– Як вы ўсе ведаеце, 2019 і 2020 гады таксама пройдуць пад знакам малой радзімы. Таму ў кожнага з нас ёсць час, каб унесці свой асабісты ўклад у развіццё роднай Карэліччыны. Але не трэба адкладваць на заўтра тое, што можна зрабіць сёння, – заклікаў старшыня райвыканкама. – Мне хочацца верыць, што пройдзе 5 гадоў і сёлетнія адзінаццацікласнікі, скончыўшы вышэйшыя навучальныя ўстановы і атрымаўшы пэўныя прафесіі, вернуцца на Карэліччыну, каб выкарыстаць свой малады патэнцыял на карысць сваёй малой радзімы.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий