30 июня — День экономиста. Наталья Мелешко из «Свитязянки-2003» рассказывает о секретах профессии

Расказаць пра поспех СВК “Свіцязянка-2003” праз прызму вытворча-эканамічных паказчыкаў ніхто лепш не зможа, чым галоўны эканаміст прадпрыемства Наталля Аляксандраўна Мялешка, якая сёння адзначае сваё прафесійнае свята – Дзень эканаміста.

Вось толькі некаторыя паказчыкі эканамічнай стабільнасці гаспадаркі: выручка ад рэалізаванай прадукцыі за 5 месяцаў склала 6253 тысячы рублёў, якая павялічылася на 127,5% у параўнанні з адпаведным перыядам 2017 года. Рэнтабельнасць ад рэалізацыі прадукцыі склала 46,9% (+15,6%).

Для гуманітарыяў усе гэтыя лічбы скажуць няшмат. Але для Наталлі Мялешка такія словазлучэнні, як “эканамічная дзейнасць”, “статыстычны аналіз” і “прадуктыўнасць працы” і звязаныя з імі паказчыкі добра знаёмыя і зразумелыя.

– Сёння сваім дзецям мы ўдзяляем занадта шмат увагі: ездзім з імі здаваць цэнтралізаванае тэсціраванне, экзамены, хвалюемся, можа, больш, чым яны, – разважае Наталля Мялешка. – Раней было крыху інакш: скончыўшы 11 класаў Варанчанскай сярэдняй школы, самастойна паступіла ў Бухгалтарскую школу ў Баранавічах. Затым скончыла Навагрудскі сельскагаспадарчы каледж. Апошняй маёй вучэбнай прыступкай стаў Беларускі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Так я засвойвала тэарэтычная веды, якія без практыкі мала што значаць.

Працоўны стаж сённяшні фінансавы планавік “Свіцязянкі” распачала ў калгасе “Варонча” ў якасці бухгалтара, затым працавала тут жа эканамістам. З 2005 года, пасля злучэння двух сельгаспрадпрыемстваў, Наталля Мялешка працуе ў СВК “Свіцязянка-2003”: на працягу 8 гадоў – эканамістам, апошнія 5 гадоў займае пасаду галоўнага эканаміста, першыя крокі на якой дапамагла зрабіць былы галоўны эканаміст прадпрыемства Ніна Іванаўна Пажарыцкая, у чый адрас прагучала шмат удзячных слоў.  Такім чынам, увесь працоўны шлях Наталлі Мялешка звязаны са светам лічбаў і паказчыкаў.

– Калі кіраўнік прадпрыемства не цікавіцца работай эканамістаў, ніякіх станоўчых вынікаў атрымаць немагчыма, – адзначае Наталля Мялешка. – У гэтым плане нам пашанцавала: Уладзімір Арсенцьевіч Галавач заўсёды падтрымлівае нашыя прапановы, калі бачыць іх мэтазгоднасць. Да таго ж, яго вопыт і ўнутранае пачуццё ніколі не падводзілі. Ён адразу бачыць, у якіх падліках могуць быць недакладнасці. Менавіта з такім кіраўніком і прафесія эканаміста ў радасць.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий