Лета на Карэліччыне будзе цікавым і насычаным

Летні адпачынак застанецца ў памяці дзяцей толькі ў тым выпадку, калі ён будзе насычаны цікавымі падзеямі. Менавіта да гэтага імкнуцца ўстановы адукацыі і культуры раёна, якія прапаноўваюць школьнікам мерапрыемствы і конкурсы на любы густ.

 У рамках праграмы “Лета-2018” раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці, Маладзёжны цэнтр культуры, раённы краязнаўчы музей і дзіцячая бібліятэка прапаноўваюць дзецям вялікую колькасць забаўляльных, гульнёвых і канцэртных праграм, выступленні дзіцячых творчых калектываў, вялікую колькасць спартыўных мерапрыемстваў.

Адно з такіх мерапрыемстваў адбылося на мінулым тыдні ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Радуга” з дзённым знаходжаннем дзяцей, які дзейнічае пры СШ №2 г.п. Карэлічы. Забаўляльную праграму на свежым паветры “Шчаслівае дзяцінства” прапанавалі выхаванцам прышкольнага лагера супрацоўнікі раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, якія, дарэчы, стануць частымі гасцямі ва ўстанове адукацыі. Кожны тыдзень дзецям будзе прапанавана новае цікавае мерапрыемства.

Як вядома, дзеці – вялікія непаседы. Таму больш 30 школьнікаў з вялікім задавальненнем прынялі ўдзел у спартландыі, конкурсах і  эстафеце, якія сталі асновай забаўляльнай праграмы “Шчаслівае дзяцінства”. Пасля правядзення ўсіх спартыўных спаборніцтваў быў вызначаны адзіны пераможца, якім стала сяброўства. Усе без выключэння ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі салодкія пачастункі. А найвялікшым падарункам для арганізатараў спартыўнай падзеі на свежым паветры сталі ўсмешкі і добры настрой дзяцей.

Аксана ЯНУШ.

Добавить комментарий