Мирский замок стал площадкой проведения Евразийского международного фестиваля культур

21 чэрвеня Мірскі замак стаў месцам правядзення Еўразійскага міжнароднага фестывалю культур, які прайшоў у другі раз на тэрыторыі Беларусі. Упершыню мерапрыемства адбылося ў мінулым годзе ў Пінску.

Увогуле, Еўразійскі міжнародны фестываль культур з’яўляецца праектам асацыяцыі “БелБрэнд” і выступае пляцоўкай, дзе праз рэалізацыю маладых талентаў адбываецца ўмацаванне культурных адносін краін ЕАЭС.

Адным са знакавых мерапрыемстваў міжнароднага фестывалю культур стала цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу творчых работ “Легальны гандаль – бяспечны свет”, які стартаваў у кастрычніку 2017 года, і лаурэатаў Мастацкай прэміі “БелБрэнд-2018”. Сімвалічна, што месцам правядзення ўрачыстасці была абрана Партрэтная зала Мірскага замка, дзе як і раней, некалькі стагоддзяў таму, гучалі музычныя кампазіцыі і ставіліся тэатральныя пастаноўкі.

– Мне вельмі прыемна, што нашае мерапрыемства праходзіць менавіта ў сценах Мірскага замка, дзе адчуваецца подых гісторыі, – з прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнулася намеснік старшыні Асацыяцыі абароны інтэлектуальнай уласнасці “БелБрэнд” Валянціна Іванаўна Дыніч. – Безумоўна, галоўным брэндам нашай урачыстасці з’яўляецца неймаверна таленавітая, актыўная і адораная моладзь, якой хочацца пажадаць не спыняцца на дасягнутым, а ісці толькі наперад і множыць колькасць і якасць мастацкіх работ.

Дыпломамі пераможцаў конкурсу творчых работ “Легальны гандаль – бяспечны свет” былі ўзнагароджаны Кацярына Роўда, Эльжбета Скшыдлеўская, Юлія Кукушкіна, Кацярына Сафонава. Лаўрэатамі мастацкай прэміі “БелБрэнд” у намінацыі “Маладыя таленты Беларусі” сталі Анастасія Шылягіна, Варвара Выбарава, Марыя Кашалёва, Алеся Іса.

Сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных сталі выступленні гасцей мерапрыемства – дацэнта кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Лідзіі Шкор, яе таленавітай дачкі Алісіі Шкор і магістранткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў з Кітайскай Народнай Рэспублікі Лі Цзясінь.

Дыпламантка конкурсу “Легальны гандаль – бяспечны свет” Эльжбета Скшыдлеўская, творчая работа якой легла ў аснову стварэння банэра асацыяцыі “БелБрэнд”, расказала аб сабе:
– Родам я з Польшчы. Але ўжо чатыры гады жыву ў Беларусі і вучуся на юрыдычным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Так, гучыць дзіўна, але я будучы юрыст. Хочацца запэўніць, што прадстаўнікі гэтай прафесіі таксама творчыя асобы. Шмат маіх аднакурснікаў займаюцца вакалам, харэаграфіяй, выяўленчым мастацтвам. Ведаеце, Беларусь мне вельмі падабаецца. А якая мілагучная беларуская мова! Шкада, што на мінскіх вуліцах пачуеш яе не так часта, як хацелася б. Планую застацца жыць у Беларусі. Безумоўна, з настальгій успамінаю малую радзіму. Дзякуючы таму, што Польшча – краіна-суседка Беларусі, дома бываю дастаткова часта.

Пасля заканчэння цырымоніі ўзнагароджання ўсіх гасцей мерапрыемства ва ўнутраным дворыку Мірскага замка чакаў эфектны сюрпрыз – музычна-харэаграфічнае моднае шоу “Шлях да Беларусі” вядомага беларускага дызайнера Анастасіі Фальковіч, якая выкарыстоўвае ў сваіх работах фальклорную і гістарычную спадчыну беларусаў.

У выкананні калектываў “РАWА” і “ФЕЕРЫЯ” на суд гледачам быў прадстаўлены невялікі ўрывак з шоу “Шлях да Беларусі”, у якім расказваецца пра каханне маладога Пана да простай беларускай дзяўчыны, пра пераадоленне імі шматлікіх выпрабаванняў дзеля свайго шчасця. Незвычайнае спалучэнне музыкі ў народнай стылізацыі, харэаграфіі і моднага дэфіле, у якім цэнтральнае месца па праве належала элементам беларускага арнаменту, пакінулі небывалае адчуванне гонару за багатую гісторыю і культуру Беларусі.

– Многія асацыіруюць стыль беларускай вопраткі выключна з сельскім стылем, лапцямі і кашуляй. Ствараючы сваю калекцыю, мне хацелася даказаць, што беларускі арнамент можа выдатна ўпісацца ў паўсядзённую моду ХХІ стагоддзя, – адзначыла дызайнер Анастасія Фальковіч. – Беларускі арнамент вывучаю на працягу апошніх 5 гадоў. Паступова, крок за крокам, паглыбляюся ў нацыянальную культуру, адкрываючы для сябе новыя вобразы. Сёння гледачы ўбачылі анонс прэм’еры музычна-харэаграфічнага шоу “Шлях да Беларусі”, якая адбудзецца на вялікай сцэне Палаца культуры прафсаюзаў у верасні бягучага года.

Вячэрняя праграма Еўразійскага міжнароднага фестывалю культур таксама была насычана цікавымі канцэртамі і мерапрыемствамі. Падчас канцэрта лаўрэатаў Міжнароднай музычнай прэміі “BELBRAND AWARD” сваёй творчасцю з гасцямі Мірскага замка падзяліліся артысты з Беларусі, Сербіі, Італіі, Казахстана, Кіргізіі. Прыемным завяршэннем яркага фестывальнага дня стала фальклорна-музычнае шоу “Падарожжа па Неўрыдзе”, а таксама выступленні шоу-дуэта “АРБАТ” і ўдзельніцы тэлевізійнага праекта “Танцы на ТНТ” Юліі Касьміной.

Оксана ЯНУШ.

Фото автора.

Добавить комментарий