Портреты наших современников: какая она, молодежь Кореличчины?

Карэліччына славіцца дасягненнямі і талентамі маладых. Дзяўчаты і юнакі раёна любяць працу, спорт, песню. 

Напярэдадні Дня моладзі журналіст газеты «Полымя» паспрабавала намаляваць партрэты нашых сучаснікаў. Спартсменка, актывістка, выдатніца — розныя па характары, кожная са сваімі памкненнямі, але ўсе моцна любяць жыццё і хочуць знайсці сябе ў ім.

«Вучоба адкрывае перад чалавекам цэлы свет»

— Вучэнне — гэта вопыт, зносіны з людзьмі, новыя адкрыцці, — пачынае разважаць выпускніца, залаты медаліст ДУА «Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы» Любоў Адамцэвіч і дадае: «Вучоба ў школе — штодзённая праца. Ты шмат працуеш з вучэбнымі дапаможнікамі і дадатковай літаратурай. Для пазнання адкрыты вялікія магчымасці: школьныя ўрокі, вучэбная літаратура, бібліятэка, інтэрнет. Толькі не лянуйся, авалодвай ведамі!»

Па меркаванні Любові, вучоба адкрывае перад чалавекам цэлы свет. Са школьных прадметаў аддае перавагу біялогіі — навуцы аб усім навакольным свеце і чалавеку.

— Ёсць асаблівая жыццёвая навука, — гаворыць Любоў. — Ёй вучылі мяне бацькі — матуля Наталія Браніславаўна і тата Аляксандр Іванавіч. У дзяцінстве я асвойвала з імі «Азбуку: што такое добра і што такое дрэнна”. Адправіўшы мяне ў школу, зноў былі побач штодзённа, калі выконвала дамашнія заданні. З татам чыталі па складах першыя словы, пазней з мамай рашалі складаныя задачы. У юнацтве мама стала лепшай сяброўкай — адкрывае мудрасці жыцця, дзеліцца вопытам, дае слушныя парады.

Навука, як сцвярджае дзяўчына, усюды, на кожным кроку. У сваіх бабуль у сельскай мясцовасці асвойвала навуку зямлі . Патрэбны жаданне, працалюбства, старанне, і яна як найлепш старалася рабіць сялянскую справу.

— Мне надзвычай пашанцавала з маім акружэннем, — з радасцю зазначае субяседніца. — Наша сям’я дружная. Сястра Вікторыя — творчая і неардынарная, а брат Уладзіслаў — дапытлівы і вясёлы. Разам мы і карысна праводзім вольны час.

Другая мая сям’я  — аднакласнікі, яны сталі для мяне блізкімі і роднымі. У класе панавалі давер, павага, дапамога. Веру, што наша сяброўства захаваецца з гадамі.

У спорце загартоўваецца характар

— Самае галоўнае — мэтанакіраванасць, — гаворыць Вольга Блакіцкая. — Гэта ўласціва многім маладым, якія ставяць перад сабой мэту і ўсе старанні накіроўваюць для яе выканання.  Спартсменаў гэта датычыць найбольш: даводзіцца быць моцнымі і цвёрдымі, пераадольваць цяжкасці на шляху.

Вольга Блакіцкая займаецца гандболам з сёмага класа. Наведвала заняткі ў Карэліцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе. Дзяўчыне пашанцавала з трэнерамі Святланай Іванаўнай Вярбіцкай і Тамарай Уладзіміраўнай Прохар. Яны вучылі не толькі тэхніцы гульні ў гандбол, але і раскрывалі сакрэты жыцця. Дзяўчына стала больш упэўненай у сабе, па-іншаму глядзіць на многія рэчы. «Галоўнае ў жыцці — вызначыцца з выбарам жыццёвага шляху. Хачу застацца сама сабой і працягваць сябраваць са спортам», — прызнаецца яна.

Неаднаразова Вольга ўдзельнічала ў раённых, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах, яе каманда шмат разоў атрымлівала перамогу. У тыя хвіліны юную спартсменку перапаўняў гонар за карэліцкі край, і з’яўлялася  яшчэ большае жаданне прысвяціць сябе спорту. Таксама займаецца лёгкай атлетыкай, неаднойчы прымала ўдзел у лёгкаатлетычным кросе на прызы раённай газеты «Полымя» і займала прызавыя месцы. Абараняла гонар роднай школы на розных спаборніцтвах.»Гэта прыносіла мне добры настрой і давала сілы. Чым большая фізічная нагрузка, тым лягчэй рухацца да пастаўленай мэты», — дзеліцца сваімі сакрэтамі субяседніца.

— На спаборніцтвах прыходзілася выступаць у Мінску, Гродне, Лідзе, Ашмянах, Зэльве, Слоніме, Гомелі, — стараецца ўспомніць усе наведаныя гарады спартсменка. — Кожны з іх заварожваў па-свойму, але ў сэрцы заўсёды заставаліся родныя Карэлічы — мой родны куточак. Тут  нарадзілася, зрабіла першыя крокі, моцна палюбіла спорт. Маленькую радзіму немагчыма забыць і нічым у свеце замяніць.

«Люблю займацца творчасцю…»

Ірыну Арцюх ведала даўно — неаднаразова бачыла яе выступленні падчас правядзення раённых свят, таму адразу пачала гаворку пра захапленне музыкай.

— Я люблю займацца творчасцю, — прызнаецца дзяўчына. — Стараюся праявіць сябе ў розных галінах, ад музыкі да малявання. Гэта ў мяне ад таты Генадзія Мікалаевіча, чалавека мэтанакіраванага і дапытлівага. Ён заўсёды падтрымлівае мяне ў маіх пачынаннях, дае карысныя парады, натхняе на новыя і цікавыя справы. Мама Таццяна Мікалаеўна таксама падтрымлівае мае памкненні ў свеце прыгожага і канструктыўна крытыкуе, што дазваляе мне развівацца ў творчым накірунку.

І ўсё-такі галоўнае ў жыцці дзяўчыны — музыка. Яе музычныя здольнасці былі адкрыты яшчэ ў дзіцячым садку,  калі выступала на ранішніках і спявала песні. У школе дапамагло тое, што тата, працуючы тут настаўнікам, бачыў захапленні дачкі і падтрымліваў.

З’яўлялася ўдзельніцай вакальна-інструментальнага ансамбля «Цэнтр» і выступала на многіх раённых святах.

Ірына любіць маляваць. Аднойчы давялося маляваць эмблему для абласной маладзёжнай арганізацыі. «Калі даюць тэму, ты ствараеш вобраз. Мяне больш захоплівае  ідэя, чым сам працэс», — гаворыць дзяўчына і прызнаецца, што яе заўсёды натхнялі работы майстроў мастацтва.

Пэўны ўплыў на яе творчасць аказвалі паездкі ў вёску Валеўка Навагрудскага раёна, на маленькую радзіму мамы. Непадалёку знаходзіцца маляўнічае возера Свіцязь, і яно заўсёды натхняла дзяўчыну на творчасць: хацелася перадаць гэтыя краявіды на паперы.

— Сучасны чалавек павінен мець сваё меркаванне і сваю індывідуальнасць, — прадаўжае Ірына, — каб людзі былі зацікаўлены ў зносінах з табой як цікавым субяседнікам. Мне таксама падабаюцца людзі вясёлыя і эрудыраваныя: з імі ёсць аб чым пагаварыць.

З дабрынёй адношуся да людзей, у кожным імкнуся знайсці штосьці добрае. Людзей добрых шмат — іх трэба шукаць. Калі ты добры, то прыцягваеш таксама добрых. Хаця трэба іншы раз прыгледзецца да тых, хто ў сяброўстве з табою бачыць толькі выгаду, такіх людзей трэба абыходзіць за вярсту.

У Ірыны Арцюх ёсць мара: па-першае, убачыць свет, па-другое, знайсці сабе справу па душы і па-трэцяе, проста быць шчаслівым чалавекам.

 

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Аксаны ЯНУШ

Добавить комментарий