Што паказаў рэйд па Мірскім сельсавеце

На мінулым тыдні праведзена аператыўна-прафілактычная адработка адміністратыўнага ўчастка на тэрыторыі Мірскага сельсавета. Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслана Юр’евіча Абрамчыка адбылася сустрэча з кіраўнікамі зацікаўленых суб’ектаў прафілактыкі. У рэйдзе-праверцы ўдзельнічалі праваахоўнікі, дзяржаўтаінспекцыя, выратавальнікі-пажарныя, педагогі, медыкі, сацыяльная служба, прадстаўнікі мясцовага сельвыканкама і ДП «Птушкафабрыка «Чырвонаармейская», члены добраахвотнай дружыны.

 Журналіст раённай газеты «Полымя» прыняў удзел у рэйдзе-праверцы. Мы наведалі домаўладанні, у якіх жывуць адзінокія састарэлыя, а таксама пажылыя грамадзяне разам з дзецьмі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і існуюць за кошт пенсій бацькоў.

Што ні чалавек, то сваё жыццё, са сваімі плюсамі і мінусамі. Адны моцна трымаюцца на плыву, другія плывуць па яго цячэнні. Адзінокая Фаня Барысаўна Багдановіч з’яўляецца інвалідам другой групы, жыве разам з сястрой, якая прыехала даглядаць роднага чалавека са сталіцы. Вось ужо восем гадоў яны жывуць разам. Жанчыны атрымалі адказ на хвалюючыя пытанні. Напрыклад, дзе можна адрамантаваць комін. Для гэтага патрэбна звярнуцца ў сацыяльную службу раёна.

Грамадзянку Л. нельга назваць адзінокай, хаця яна імкнулася ў гэтым пераканаць членаў рэйда-праверкі. У жанчыны ёсць дачка, якая жыве ў суседнім раёне, але не ўдзяляе маці ўвагі. Састарэлую наведвае сацыяльны работнік, і людзі таксама не забываюць. У час нашага візіту на кухні ўвіхалася суседка, дапамагала гатаваць ежу. У доме праверылі ўмовы пражывання і далі рэкамендацыі гаспадыні на гэты конт.

Сустрэча з Галінай Іванаўнай і Мікалаем Мікалаевічам Ложачнікамі пакінула добрае ўражанне. Больш шасцідзесяці гадоў крочаць па жыцці рука аб руку. Сям’я пражыла годнае жыццё, ім задаволена і зараз: дзеці не забываюць, сацработнік аказвае неабходныя паслугі.

Не было скаргаў на жыццё і ў Валянціны Савельеўны Чэпелевай. Як прызналася жанчына, яна даўно знаходзіцца на надомным абслугоўванні, і работнікі сацыяльнай службы ва ўсе часы аказвалі неабходную дапамогу. «Памідораў для каго шмат насадзілі?» — пытаемся, кідаючы позірк на цяпліцу. «Гэта на раздачу, для дзяцей і ўнукаў», — адказвае гаспадыня.

87-гадовая Пальміра Аляксееўна Кондак сустракае на падворку. Ля хаты  добра дагледжаны агародчык. Прадстаўнікі раённых службаў правяраюць домаўладанне і даюць рэкамендацыі. «Каля газавай пліты нельга нічога складзіраваць і абавязкова перакрывайце газ», — раіць работнік газавай службы.

Пры наведванні домаўладання Леаніда Мікалаевіча Людкевіча прадстаўнік Карэліцкага раёна электрычных сетак парэкамендаваў гаспадару замяніць электраправодку.

Падчас правядзення рэйда-праверкі работнікі раённых службаў давалі рэкамендацыі жыльцам домаўладанняў. Супрацоўнікі праваахоўных органаў праводзілі прафілактычныя гутаркі з асобамі, якія вядуць антыграмадскі лад жыцця, а таксама гаварылі аб захаванні асабістай маёмасці, недапушчэнні крадзяжоў у дамах, а выратавальнікі — аб мерах пажарнай бяспекі, выяўленні недахопаў і іх ліквідацыі.

Падчас сустрэч урач-нарколаг расказвала грамадзянам аб шкодзе алкаголю, яго ўплыве на здароўе чалавека. Прадстаўнік сацыяльнай службы рэкамендавала адзінокім грамадзянам пэўныя паслугі і называла нумары, па якіх можна патэлефанаваць, каб падрабязней пра гэта даведацца. Падчас абследавання гэтай катэгорыі грамадзян парушэнняў правоў і законных інтарэсаў не было выяўлена.

Як паведамілі ў Карэліцкім раённым аддзеле ўнутраных спраў, усяго падчас правядзення прафілактычнай адработкі сельсавета выяўлены 24 адміністратыўныя правапарушэнні, з якіх па арт. 17.3 КоАП Рэспублікі Беларусь — 9 выпадкаў (4 — з’яўленне ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе, 5 — знаходжанне на рабочым месцы і ў рабочы час у стане алкагольнага ап’янення), па арт. 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь — 3 (дробнае хуліганства), па арт. 23.16 КоАП Рэспублікі Беларусь —  1 і 26 парушэнняў правілаў дарожнага руху.

Галіна СМАЛЯНКА.

Добавить комментарий