В Мирской горпоселковой библиотеке состоялась встреча с сельскими библиотекарями из Вильянди (Эстония)

Спіс замежных турыстаў, якія з задавальненнем знаёмяцца з гісторыяй і культурай Карэліччыны, папоўнілі жыхары Эстоніі. На мінулым тыдні ў Мірскай гарпасялковай бібліятэцы адбылася сустрэча з мэтай абмену вопытам паміж бібліятэкарамі раёна і сельскімі бібліятэкарамі з эстонскага горада Вільяндзі.

Пад’ехаўшы да Мірскай гарпасялковай бібліятэкі, 39 эстонскіх гасцей адразу адчулі, што тут іх чакаюць. Неймавернае здзіўленне было заўважна на тварах бібліятэкараў з Вільяндзі, бо сустрэча суправаджалася беларускімі спевамі ад народнага ансамбля народнай песні “Забава” і хлебам-соллю ад мясцовай улады. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Міхайлаўна Санчук павітала гасцей з Эстоніі і ўручыла ім падарункі, з дапамогай якіх эстонскія бібліятэкары змогуць пазнаёміцца з Карэліччынай і творчасцю мясцовых паэтаў.

Экскурсію па бібліятэцы г.п. Мір распачала дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Канстанцінаўна Арцюх, якая расказала гасцям аб структуры бібліятэчнай сеткі раёна, асноўных мэтах і задачах, якія ставяць перад сабой бібліятэкары Карэліцкага раёна, тых праграмах, акцыях і мерапрыемствах, якія дапамагаюць адарваць чытачоў ад камп’ютараў на карысць традыцыйнай кнігі.

  • На сённяшні дзень у бібліятэчнай сетцы раёна налічваецца 16 бібліятэк, 13 з якіх сельскія, – расказала дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі. – Намі робіцца ўсё для таго, каб кожны жыхар Карэліцкага раёна, нават самай аддаленай вёскі, меў магчымасць пазнаёміцца з друкаванымі навінкамі і перыёдыкай. Ажыццяўляецца гэта з дапамогай бібліёбуса, які працуе па 10 маршрутах і ахоплівае 43 населеныя пункты Карэліччыны.

Бібліятэкары сельскіх бібліятэк з Вільяндзі вельмі зацікавіліся такой формай абслугоўвання насельніцтва, аб якой яны чулі ўпершыню. Да таго ж, эстонскім гасцям было цікава даведацца аб тых платных паслугах, якія бібліятэкары Карэліччыны прапаноўваюць сваім карыстальнікам. Таксама бібліятэкары з Вільяндзі задавалі пытанні наконт рэжыма працы і камплектавання фондаў бібліятэк Карэліччыны, павышэння адукацыі бібліятэкараў і спосабаў павелічэння колькасці наведванняў бібліятэк.

Выконваючы абавязкі загадчыка Мірскай гарпасялковай бібліятэкі Таццяна Леанідаўна Кулакоўская пазнаёміла эстонскіх бібліятэкараў з дзейнасцю кніжнай скарбніцы г.п. Мір, а таксама прапанавала ўсім прысутным пазнаёміцца з работай бібліятэкі праз зроблены асабістымі рукамі альбом “Гісторыя Мірскай гарпасялковай бібліятэкі”.

У сваю чаргу эстонскія госці расказалі аб рабоце сельскіх бібліятэк Вільяндзі, якія поўнасцю аўтаматызаваныя. Традыцыйныя каталогі, якія сёння актыўна выкарыстоўваюцца ў беларускіх сельскіх бібліятэках, у Эстоніі даўно адышлі ў мінулае. Замежнымі гасцямі былі агучаны яшчэ шмат пунктаў у дзейнасці эстонскіх бібліятэк, якія, магчыма, будуць выкарыстаны беларускімі калегамі.

  • Адразу хочацца адзначыць, што так урачыста нас яшчэ нідзе не сустракалі. Беларускія народныя песні і каравай вельмі ўразілі, – адзначыла дырэктар Вільяндскай гарадской бібліятэкі Рэт Лубі. – Ды і ўвогуле, падарожжа па Беларусі надоўга застанецца ў маёй памяці. Беларусь – чыстая і прывабная краіна, беларусы – вельмі гасцінныя і добразычлівыя, Нясвіжскі і Мірскі замкі маюць асаблівю энергетыку, праз якую перадаецца гісторыя беларускай зямлі. Мірская бібліятэка вельмі ўразіла сваёй утульнасцю.

Безумоўна, сёння мы адзначылі для сябе шмат цікавых момантаў, якія, магчыма, у хуткім часе знойдуць адлюстраванне ў сельскіх бібліятэках Вільяндзі. Спадзяюся, што гэтая сустрэча стане першым крокам да супрацоўніцтва паміж бібліятэкамі Беларусі і Эстоніі.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

 

Добавить комментарий