7 июля — День кооперации. Главное в профессии продавца — вежливость

У магазіне Карэліцкай аўтастанцыі шматлюдна. Пакупнікі, і дарослыя, і дзеці, стараюцца набыць неабходны тавар. І гэта невыпадкова: у гандлёвай кропцы прадукты ў  вялікім асартыменце.

— Нашы прадукты карыстаюцца вялікім попытам у пакупнікоў, —  удакладняе загадчыца магазіна Станіслава Вітальеўна Вадап’ян і падрабязна расказвае пра прадукцыю, якую пастаўляюць карэліцкія кааператары. У рэстаране «Колас» пякуць піражкі з рознымі начынкамі, беляшы з мясам, рыбу ў цесце, катлеты ў шырокім асартыменце і іншае. Каўбасны цэх радуе пакупнікоў шашлыкамі, фаршам, паўфабрыкатам свіным па-сялянску. З кафэ «Рагнеда» дастаўляюцца ў магазін чабурэкі з мясам, смажанкі з вяндлінай, сасіскі ў цесце. Вялікі асартымент хлебабулачных вырабаў прывозяць з цэха хлебапячэння г.п. Мір: акрамя хлеба, пірагоў, булачак, палюбіліся людзям сочнікі з тварагом, кексы з разынкамі, коржыкі, бісквітныя рулеты, слоеныя вушкі, пясочныя палоскі.

У гандлёвай кропцы заўсёды бываюць людзі, ёсць нават і пастаянныя пакупнікі. Найбольш у тыя дні, калі прыходзіць прыгарадны транспарт, і пасажыры не мінаюць магазін. Па меркаванні загадчыцы магазіна, да пакупнікоў трэба адносіцца добразычліва, умець выслухаць іх, даць параду, дапамагчы ў выбары пакупкі.

— Самае галоўнае ў нашай працы — ветліваць, гэта з’яўляецца асноўным арыенцірам, — лічыць Станіслава Вітальеўна. Жанчына моцна любіць сваю справу, ёй прысвяціла трыццаць чатыры гады. Пасля заканчэння Мінскага вучылішча спажыўкааперацыі працавала ў рэстаране «Колас», бары “Маладзёжны”, магазіне «Спадарожнік» райцэнтра. Зараз спяшаецца на працу ў магазін Карэліцкай аўтастанцыі і ніколі не пашкадавала аб выбары сваёй прафесіі. Па яе сцяжынцы пайшла дачка Вераніка — яна працуе прадаўцом у адным з прыватных магазінаў гарпасёлка.

Да Дня кааперацыі Станіслава Вітальеўна Вадап’ян узнагароджана Падзячным пісьмом Белкаапсаюза за значны ўклад у развіццё галіны дзейнасці спажывецкай кааперацыі.

 

Галіна СМАЛЯНКА.

Фота Аксаны ЯНУШ.

Добавить комментарий