Члены военно-патриотического клуба «Витязь» из Лук вошли в тройку победителей на республиканской игре «Зарница»

Члены  клуба “Віцязь”, які дзейнічае пры Лукскай сярэдняй школе, сталі ўладальнікамі трэцяга месца ў фінале рэспубліканскай ваенна-патрыятычнай гульні “Зарніца”. Рабяты з глыбінкі змаглі даказаць, што дзякуючы карпатлівай працы і імкненню да перамогі можна і горы звярнуць.

— Нашы віцязі ўжо даволі тытулаваныя рабяты, — расказвае настаўнік дапрызыўнай падрыхтоўкі Лукскай сярэдняй школы, кіраўнік ваенна-патрыятычнага клуба “Віцязь” Уладзімір Матусевіч. — На рахунку клуба, пачынаючы з 2008 года, 4 перамогі на абласной “Зарніцы” і тры прызавыя месцы на рэспубліканскім этапе. Так што нам ёсць чым ганарыцца.

У гэтым годзе фінал рэспубліканскай  “Зарніцы” праходзіў на базе 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады на палігоне “Брэсцкі”. 10 хлопчыкаў і дзяўчынак разам з кіраўнікамі на працягу 5 дзён жылі ў палатках, як сапраўдныя салдаты, і дэманстравалі на практыцы тое, чым авалодалі падчас заняткаў у клубе “Віцязь”.

Адзін з самых складаных этапаў гульні — страявая падрыхтоўка. Тут важна ўсё: і выпраўка кожнага ўдзельніка каманды, і зладжанасць крокаў, і нават градус паварота галавы. Адна невялікая памылка — і з каманды здымаюць балы. Традыцыйна нашы рабяты адны з лепшых у гэтым відзе спаборніцтваў. І на гэты раз яны занялі другое месца, прапусціўшы ўперад толькі кадэтаў з г. Барысаў. Дарэчы, эпізод выступлення нашай каманды можна будзе ўбачыць у перадачы “Арсенал” 1 ліпеня.

Разабраць і сабраць макет аўтамата Калашнікаў лукскія віцязі могуць літаральна з заплюшчанымі вачыма, а па мішэнях страляюць як запраўскія снайперы.

— Кожны аўторак на працягу ўсяго навучальнага года мы збіраемся ў школе на заняткі клуба, — расказвае аб сістэме падрыхтоўкі Уладзімір Матусевіч. — Але мы не толькі страляем і маршыруем, яшчэ займаемся творчасцю і павышаем свой фізічны і інтэлектуальны ўзровень.

На “Зарніцы” ўдзельнікі павінны праінсцэніраваць ваенную песню і прыняць удзел у конкурсе знатакоў ваеннай гісторыі. Для свайго выступлення лукскія рабяты выбралі песню Дзяніса Майданва “Пара развітвацца”, якая літаральна да слёз кранула членаў журы конкурсу.  Роўна сотня пытанняў па ваеннай гісторыі прынесла рабятам трэцяе каманднае месца, а ў конкурсе баявых лісткоў наша каманда стала пераможцай.

Адным  з самых складаных этапаў спаборніцтваў з’яўлялася ваенізіраваная гульня на мясцовасці, у якой нашы рабяты паказалі добрую фізічную падрыхтоўку, узаемавыручку, зладжанасць, метка паражалі мішэні і кідалі гранаты ў цэль.

Ранкам 22 чэрвеня ўсе каманды наведалі мемарыяльны комплекс “Брэсцкая крэпасць-герой”, дзе сталі сведкамі ваенна-гістарычнай рэканструкцыі пачатку вайны і гераічнай абароны крэпасці.

Уладзімір Матусевіч вынікам задаволены, як і самі рабяты. І гэта зразумела: вучні невялікай сельскай школы змаглі не толькі скласці дастойную канкурэнцыю моцным супернікам, але і ўзысці на рэспубліканскі п’едэстал.

Вось імёны пераможцаў: Вадзім Купрыянчык, Аляксей Максімовіч, Мікалай Захарчук, Андрэй Брэнёў, Іван Самец, Мацвей Мардзіловіч, Дар’я і Лізавета Карвіга, Ксенія Матышчык, Дар’я Лях. Віншуем нашых юных землякоў з перамогай!

 

Іна ЛЕЙКА.

Добавить комментарий