К 74-летию освобождения Кореличского района. На поле Фогеля состоялся митинг

У пятніцу, 6 ліпеня, на мемарыяльным комплексе каля агр. Малюшычы, дзе ноччу з 7 на 8 ліпеня 1944 года аддаў апошні загад і быў смяротна паранены камандзір 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі, Герой Савецкага Саюза Ян Янавіч Фогель, адбыўся мітынг-рэквіем, прысвечаны вызваленню Карэліцкага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Своеасаблівая атмасфера цішыні і спакою панавала на ўзгорку між соснаў. Кожны з удзельнікаў мерапрыемства змог прыпыніцца і ўспомніць слаўныя імёны тых воінаў, дзякуючы бясстрашным подзвігам якіх мы сёння жывём пад мірным небам.

Першым да ўсіх прысутных звярнуўся намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Руслан Юр’евіч Абрамчык, які ўспомніў пра падзеі 74-гадовай даўніны:

– 3 ліпеня наша краіна адзначыла галоўнае свята – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Але кожны раён, кожны населены пункт мае сваю асабістую дату, якую мы павінны шанаваць, аб якой павінны ведаць нашыя дзеці. Для Карэліцкага раёна такой датай з’яўляецца 8 ліпеня 1944 года, калі падраздзяленні Чырвонай Арміі сумесна з партызанамі пачалі вызваленчыя баі на тэрыторыі Карэліччыны.

Старонкі біяграфіі камандзіра 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі Яна Фогеля ўзгадаў старшыня Малюшыцкага сельвыканкама Віктар Аркадзьевіч Дзірвук.

– У мінулым годзе мемарыяльны комплекс наведала дзеючае падраздзяленне 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Афіцэры і салдаты аддалі даніну павагі былому баявому камандзіру, – адзначыў Віктар Дзірвук. – І сёння мы лічым сваім абавязкам падтрымліваць гэтае месца ў належным стане, каб перадаць памяць аб сапраўдных героях падрастаючаму маладому пакаленню.

Сакратар Карэліцкай РА Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Уладзіміраўна Беленава заклікала кожнага з прысутных памятаць аб тым, якой цаной была заваявана Вялікая Перамога над фашызмам.

Вучні Малюшыцкай пачатковай школы і выхаванцы сацыяльна-педагагічнага цэнтра Карэліцкага раёна стаялі ў задуменні. Хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак да мемарыяльнага комплексу мясцовая ўлада і жыхары раёна аддалі даніну павагі Герою Савецкага Саюза Яну Фогелю і адзначылі чарговую гадавіну вызвалення Карэліччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий