Кореличский район лидирует в Гродненской области по урожайности хлеба

Абласная зводка сельскагаспадарчых работ сведчыць: аграрыямі Карэліччыны можна і трэба ганарыцца. Нягледзячы на тое, што сёлетняя ўборачная кампанія яшчэ не дасягнула экватара,  нашы хлебаробы знаходзяцца ў перадавіках на Гродзеншчыне: маюць першы вынік па ўраджайнасці зерневых і другі – рапсу.

 Уборку алейнай культуры завяршылі ўсе гаспадаркі раёна. Ганаровае першае месца па ўраджайнасці рапсу атрымаў СВК “Маяк-Заполле”, дзе атрымалі 42,9 цэнтнера на круг. На другім месцы з невялікім адставаннем у 0,5 ц/га апынулася ДП “Царука”. Тройку лідараў замыкае СВК “Свіцязянка-2003”, дзе атрымалі 40,8 ц/га. Сярэднераённая ўраджайнасць склала 33 ц/га, што на некалькі дзясятых менш паказчыка Гродзенскага раёна, які стаў бясспорным пераможцам рапсавай эпапеі бягучага года. Усяго на Карэліччыне ўбрана 2341 га алейнай культуры, з якіх намалочана 8034 тоны чорнага золата.

Сельгаспрадпрыемствы раёна, не губляючы ні хвіліны добрага надвор’я, вядуць уборку хлеба. Па стану на раніцу 27 ліпеня агульнараённы намалот з убраных 5470 га, альбо 28% склаў 24605 тон зерня. Сярэдняя ўраджайнасць зерневых Карэліччыны напрыканцы тыдня была лепшай у вобласці і з’яўлялася прыкладам для астатніх сельгаспрадпрыемстваў Гродзеншчыны. 46,4 цэнтнера на круг – той паказчык, да якога імкнуцца аграрыі ўсіх раёнаў вобласці.

Сухое надвор’е – і максімальная колькасць зернеўборачных камбайнаў накіроўваецца на палі раёна. Сонечны дзень у чацвер, 26 ліпеня, на поўную моц скарысталі аграрыі ДП “Племзавод “Карэлічы”. 5 камбайнаў убіралі азімую пшаніцу ва ўрочышчы Азёрскія.

– У гэтым годзе аграрыі “Племзавода” зрабілі першы крок ва ўборачную 8 ліпеня. Да масавага жніва прыступілі 21 ліпеня, – дзеліцца галоўны аграном ДП “Племзавод “Карэлічы” Яўгеній Бусько. – У сувязі са зменлівым надвор’ем чаргуем уборку азімых зерневых з яравымі. Безумоўна, спякотны чэрвень наклаў адбітак на некаторыя ўчасткі збожжавых. Але ўсё ж такі плануем атрымаць не менш 50 цэнтнераў на круг. Калі будзе добрае надвор’е, плануем плённа папрацаваць усе выхадныя. Сёння кожны разумее, што летні дзень падчас жніва год корміць. Таму ўсе без выключэння працаўнікі адказна падыходзяць да даручанай справы. Людзі вопытныя, якія не першы год выходзяць на ўборачную і добра разумеюць, што агульны вынік залежыць ад намаганняў кожнага.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота і відэа аўтара.

Добавить комментарий