Механизатор из Мира Михаил Харута принял участие в 7-м Открытом чемпионате России по пахоте

Механізатар з Міра Міхаіл Харута некалькі тыдняў таму вярнуўся з рабочай камандзіроўкі з расійскага горада Суздаль, дзе прымаў удзел у 7-м Адкрытым чэмпіянаце Расіі па ворыву. Дарэчы, у гэтым годзе беларусы ўпершыню прынялі ўдзел у такога кшталту спаборніцтвах і там паказалі свой высокі зямляробскі клас.

 Больш 60 земляробаў з Расіі, Башкартастана, Крыма, Татарстана, Малдовы і Беларусі змагаліся за званне мацнейшага. Дарэчы, Беларусь у гэтым дэбютным раўндзе прадставілі два чалавекі: наш зямляк Міхаіл Харута і майстар вытворчага навучання БАТУ Віктар Бяцько.

— Ці складана было на спаборніцтвах? — Міхаіл на хвіліну задумваецца. — Самае цяжкае тое, што тэхніка была расійская, да якой яшчэ трэба было прывыкнуць. Але мы з напарнікам і на чужых машынах імкнуліся адпрацаваць па поўнай. На апрацоўку ўчастка ў 20 сотак суддзі адвялі тры гадзіны. Дома, напрыклад, за такі час можна апрацаваць тры гектары. Але тут увага надавалася знешняму выгляду баразны.

Вышыню, глыбіню і шырыню грабяня эксперты разглядалі літаральна пад мікраскопам. Ацэнка ішла па крытэрыях Еўрапейскай земляробскай федэрацыі. На жаль, праз пэўны час у беларусаў трактар зламаўся, і выгляд баразны аказаўся ўжо не той. Нават у гэтай крытычнай сітуацыі яны зусім крыху не дацягнулі да першай дзясяткі.

Міхаіл вынікамі выступлення задаволены. Лічыць, што 30-гадовы стаж работы дапамог справіцца і з хваляваннем, і з расійскім чарназёмам:

— У саўгас «Мірскі» я прыйшоў яшчэ «зялёным», адразу пасля арміі. Неўзабаве ажаніўся. У панядзелак прыйшоў на работу, а кіраўніцтва ўручыла ключы ад новенькага трактара «Т-40». Такі вось своеасаблівы вясельны падарунак! Так усё жыццё ў кабіне трактара і каляшу: вясной — ворыва, летам — адвозка зерня, восенню — зябліва. Зімой рамантую свайго «Беларуса», сумаваць няма калі.

Міхаіл Харута неаднойчы адстойваў гонар Карэліцкага раёна ў конкурсе аратых на міжнароднай спецыялізаванай выставе «Белагра», адкуль прывозіў прызавыя месцы. А разам з імі і гонар за хлебаробскую справу, за бацькаву зямлю, за край Карэліцкі.

 

Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара.

Добавить комментарий