Русалчына варажба, цукеркавая эстафета і конкурс на лепшы купальскі вянок. На Карэліччыне адсвяткавалі Купалле (ФОТА)

6 ліпеня ў г.п. Карэлічы і аграгарадках раёна ў лепшых беларускіх традыцыях, шумна і весела, адзначылі Купалле.

У аграгарадку Краснае, напрыклад, самадзейныя артысты не толькі прадэманстравалі свой песенны і танцавальны патэнцыял, але і паказалі сапраўднае тэатралізаванае прадстаўленне, героямі якога сталі міфалагічныя істоты: русалкі, вадзяны і лесавік. Тым часам красненскія прыгажуні пускалі на мясцовым возеры купальскія вянкі, каб даведацца, калі замуж выйдуць і адкуль сватоў чакаць.

У аграгарадку Турэц на свята прыйшла русалка-варажбітка, якая прадказвала ўсім гасцям будучыню. Кожны з удзельнікаў купальскай ночы змог загадаць жаданне, павязаўшы стужку на маладую чароўную бярозку.

У Ярэмічах свята Купалля прысвяцілі Году малой радзімы, таму на свяце гучалі вершы вядомага беларускага паэта і пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Прайшоў у аграгарадку і конкурс на лепшы купальскі вянок.

У Карэлічах не абышлося без народных гульняў і забаў, якія больш за ўсё парадавалі мясцовую дзетвару. Абавязковы атрыбут купальскай ночы — вогнішча — прыйшоўся даспадобы ўсім удзельнікам свята.

Іна ЛЕЙКА.

Фота аўтара. 

Добавить комментарий