В студенческих отрядах Кореличского района молодежь хорошо зарабатывает

Як правесці летні адпачынак з карысцю, ведаюць тыя юнакі і дзяўчаты Карэліччыны, якія выбралі для сябе рамантычнае студатрадаўскае жыццё. У сераду, 11 ліпеня, у СВК “Свіцязянка-2003” пачаў працаваць студэнцкі атрад імя Мікалая Гастэлы.

– Тое, што моладзь падчас летніх канікул вырашае папрацаваць і зарабіць першыя ўласныя грошы, мы толькі падтрымліваем, – адзначае старшыня СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Арсенцьевіч Галавач. – Успомніце сябе ў юнацтве: мы таксама летам працавалі. Вельмі прыемна, што менавіта мясцовая моладзь выказвае жаданне быць карыснай гаспадарцы. За няпоўны месяц работы рабяты змогуць зарабіць да  500 рублёў. Да таго ж, на лінейцы, прысвечанай пачатку навучальнага года, ва ўрачыстай абстаноўцы мы  адзначаем тых школьнікаў, якія летам працавалі ў “Свіцязянцы”, і дадаткова іх прэміруем у памеры дзвюх базавых велічынь.

Студэнцкі атрад, у склад якога ўваходзяць 14 юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 17 гадоў, прыступіў да работы ў сярэдзіне мінулага тыдня. 7 чалавек будуць заняты на зернесушыльным комплексе ў агр. Райца, астатнія 7 – на зернятоку ў агр. Варонча. Пакуль не пачалася масавая ўборка зерневых, частка студатрадаўцаў поле буракі. Юнакі і дзяўчаты будуць працаваць у дзве змены. Дадатковая адказнасць ляжа на плечы камандзіра студатрада Вольгі Куляка і яго камісара Дар’і Філіпавай, якія будуць сачыць за выкананнем правіл аховы працы, дысцыпліны, працоўных абавязкаў студатрадаўцаў, прадумваюць іх культурны адпачынак.

Сама райцаўская моладзь з энтузіязмам уступае ў студатрадаўскае жыццё. Кацярына Варэнка ўжо чацвёртае лета запар працуе ў “Свіцязянцы”, але ў студатрад трапіла ўпершыню:

– Сядзець дома – не для мяне. А чым можна займацца летам у чатырох сценах? У студатрадзе спалучаюцца фізічная праца, новыя знаёмствы, жывыя зносіны і, што немалаважна, свой асабісты заробак. На мой погляд, гэта самы аптымальны варыянт для сучаснай молодзі.

– У студатрадзе працаваў у мінулым годзе. Мне спадабалася. Вельмі рады, што і сёлета маю такую магчымасць, – падзяліўся Аляксей Каралько.–  Збіраюся паступаць у Беларускі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, таму працаваць на зернесушыльным комплексе мне не толькі цікава, але і карысна.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий