Хозяйства Кореличчины в этом году ожидают хорошей отдачи от рапса

9 з 10 гаспадарак Карэліччыны прыступілі да ўборкі рапсу, якая распачалася тыдзень таму і фактычна паклала пачатак уборачнай страдзе. У той час, калі камбайны некаторых гаспадарак выйшлі ў поле літаральна пару дзён таму, тэхніка ДП “Чарняхоўскі-Агра” ўжо абмалаціла 245 га алейнай культуры і дасягнула 100-працэнтанага выніку.

Як вядома, пачатак справы заўсёды самы хвалюючы. Каб убачыць на свае вочы, як камбайны СВК “Свіцязянка-2003” робяць першыя крокі ва ўборачную кампанію-2018, накіроўваемся на рапсавае поле каля агр. Варонча.

Ужо здалёк заўважаю магутныя камбайны «Джон-Дзір» і «Лексіён», якія павольна ідуць па бяскрайняй прасторы. За штурвалам «Джон-Дзіра» ўпэўнена сядзіць Васілій Іосіфавіч Коўгар, для якога сёлетні сезон стаў шаснаццатым па ліку. «Лексіёнам» спраўна кіруе Сяргей Уладзіміравіч Галавач, які выйшаў на ўборачную ў шосты раз.

Непадалёк чакаюць свайго часу два МАЗы, якія ў імгненне вока аказваюцца каля камбайнаў, каб адвезці чорнае золата “Свіцязянкі” на зернесушыльны комплекс. Менавіта тут адбываецца пярвічная дапрацоўка атрыманага ўраджаю: рапсавае зерне ачышчаецца ад смецця і дасушваецца. Іван Баляслававіч Мялешка і Аляксандр Аляксандравіч Флейта – тыя вадзіцелі, ад якіх залежыць хуткасць дастаўкі ўраджаю рапсу на зерняток.

Усяго ў першы дзень уборачнай, 11 ліпеня, на палях гаспадаркі працавалі 6 камбайнаў. Два новенькія “Палессе КЗС-1218”, якія гаспадарка набыла якраз напярэдадні сёлетняй страды, таксама выйшлі на ўборку рапсу, каб паказаць сябе на поўную моц.

– У гэтым годзе алейны клін гаспадаркі складае 350 га. Азімы рапс, да ўборкі якога мы прыступілі, быў пасеяны ў жніўні мінулага года, – дзеліцца аграном СВК “Свіцязянка-2003” Святаслаў Валер’евіч Красоцкі. – Асноўнае пытанне, якое сёння не сыходзіць з вуснаў аграрыяў: “Як паўплывала спякотнае надвор’е, калі амаль на працягу месяца не было ападкаў, на ўраджайнасць рапсу?”. Безумоўна, паказчыкі будуць ніжэй леташніх. Але мы правялі ўсе неабходныя мерапрыемствы па захаванню алейнай культуры, таму спадзяёмся, што сёлетняя ўраджайнасць не расчаруе нас.

Гледзячы на зводку сельскагаспадарчых работ, становіцца відавочным, што аграрыі “Свіцязянкі” пачалі ўборку рапсу добрымі тэмпамі. Па стану на раніцу 13 ліпеня ў гаспадарцы ўбрана 50 га, альбо 14% ад запланаванай плошчы, намалочана 150 тон чорнага золата, ураджайнасць якога склала 30 ц/га.

Паралельна з пачаткам уборачнай кампаніі працягваецца нарыхтоўка кармоў з другога ўкосу. На канюшынным полі каля в. Русацін на кормаўборачным камбайне КВК-800 плённа працуе трактарыст Мікалай Мікалаевіч Карпейчык.

Усяго на зімовы перыяд у СВК “Свіцязянка-2003” ужо зроблены дастаткова трывалы запас кармоў: нарыхтавана 888 тон сена, закладзена 11272 тоны сенажу. У гаспадарцы добра разумеюць, што ад якасці нарыхтаванага корму будуць залежыць надоі, якасць малака і прывагі буйной рагатай жывёлы. Менавіта таму падчас першага ўкосу аграрыі “Свіцязянкі” актыўна закатвалі сянаж у рулоны, які будзе выдатным кормам узімку. Усяго на сённяшні дзень нарыхтавана 317 тон высокаякаснага корму ў стрэйч-плёнцы.

 

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий