Александр Знайден и Александр Жук признаны лидерами по кормозаготовке в Кореличском районе

На Карэліччыне стала добрай традыцыяй ушаноўваць лепшых аграрыяў, якія паказалі выдатныя вынікі падчас важнейшых сельскагаспадарчых работ: пасяўной, корманарыхтоўцы альбо ўборачнай.

Лепшымі з лепшых на нарыхтоўцы кармоў з траў першага ўкосу сталі старанныя працаўнікі, якія ўжо не першы год носяць ганаровае званне перадавікоў раёна.

Кореличский район. Кормозаготовка. Знайден. Жук.

Найвышэйшы вынік на змяльчэнні траў з першага ўкосу паказаў трактарыст-машыніст СВК “Жухавічы” Аляксандр Мікалаевіч Знайдзён, у адрас якога на мінулым тыдні прагучалі словы ўдзячнасці за добрасумленную працу і пажаданні далейшых працоўных поспехаў.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ірына Леанідаўна Пянькоўская ўручыла аграрыю гаспадаркі Дыплом за дасягненне высокіх вынікаў падчас нарыхтоўцы кармоў і грашовую прэмію. Да віншаванняў далучыўся намеснік старшыні СВК “Жухавічы” Міхаіл Міхайлавіч Штыцько, які выказаў гонар за тых працаўнікоў, што ўносяць значны ўклад у развіццё гаспадаркі.

– На “Ягуары-860”, на якім працую трэці сезон, падчас корманарыхтоўкі бягучага года змяльчыў каля 14 тысяч тон зялёнай масы, – падзяліўся Аляксандр Знайдзён. – На добрай тэхніцы работа заўсёды ў радасць.

Кореличский район. Кормозаготовка. Знайден. Жук.

Другім героем корманарыхтоўкі з першага ўкосу траў стаў трактарыст-машыніст СВК “Маяк-Заполле” Аляксандр Мікалаевіч Жук, які стаў першым на касьбе. Дыплом, грашовая прэмія і шчырыя віншаванні ад райкама прафсаюза работнікаў АПК сталі выдатным стымулам для далейшай плённай працы на карысць “Маяка”.

28 гадоў запар Аляксандр Жук выходзіць на вясеннюю раллю, затым паказвае добрыя вынікі на корманарыхтоўцы, а пасля ўборачнай рыхтуе глебу да сяўбы азімых.

– Спытаеце, ці не стамляюся ад манатоннасці ў працы Не стамляюся. Калі займаешся любімай справай, час ляціць непрыкметна, – адзначыў працалюбівы аграрый.

– Менавіта на такіх людзях трымаецца гаспадарка. Бярэцца за любую работу і робіць яе на выдатна, – хваліць Аляксандра Жука загадчык участка №1 СВК “Маяк-Заполле” Іван Пятровіч Гавака. – У мінулым годзе на касьбе былі задзейнічаны 3-4 касілкі, сёлета ён фактычна адзін справіўся з пастаўленай задачай. Вось ён які, сапраўдны працаўнік сваёй зямлі.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

Добавить комментарий