К 100-летию ВЛКСМ. Людмила Говша рассказала о боевой комсомольской молодости

Карэліччына багата сваёй гісторыяй. Актыўна развіваўся ў мінулым стагоддзі камсамольскі рух. Сярод яго прадстаўнікоў і жыхарка райцэнтра Людміла Пятроўна ГОЎША.

Падчас сустрэчы журналіст папрасіў камсамольскага лідара адказаць на некалькі пытанняў.

З біяграфіі
Са жніўня 1977 года — сакратар Карэліцкага райкама камсамола.
З чэрвеня 1979 года — першы сакратар Карэліцкага райкама камсамола.
З верасня 1983 па снежань 1985 года — загадчык аддзела школьнай моладзі і піянераў Гродзенскага абкама камсамола.

— Людміла Пятроўна, нагадайце, калі ласка, якая роля належала ВЛКСМ і якім быў асноўны лозунг савецкай моладзі.

— Стабільнасць у дзяржаве, моцная кадравая палітыка, камсамол заставаўся памочнікам і рэзервам Камуністычнай партыі. Гэта быў не лозунг, а школа жыцця і школа ўмення працаваць з людзьмі, арганізоўваць іх на карысныя і цікавыя справы.

— Хто мог стаць членам маладзёжнай арганізацыі? Каго з актывістаў маглі б назваць?

— У члены ВЛКСМ мог уступіць малады чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, які ведаў і прызнаваў Устаў ВЛКСМ. Яго запрашалі на бюро райкама камсамола, дзе прымалася рашэнне аб яго прыняцці ў члены ВЛКСМ.

У 80-я гады мінулага стагоддзя з’явіліся першыя вызваленыя сакратары камсамольскіх арганізацый. Да прыкладу, Сяргей Валынец (калгас імя Жалезняковіча), Віктар Жалезняковіч і Міхаіл Бында (калгас «Ленінскі шлях»). Хочацца ўспомніць і сакратароў камсамольскіх арганізацый: Галіну Прохар (калгас «Маяк»), Галіну Зайко і Мікалая Васілеўскага (імя Гастэлы), Івана Шыша («Новае жыццё»), Галіну Шынкевіч (Карэліцкае ПМК-68), Алу Макар (Белаграпрамбанк), Тамару Карповіч (Карэліцкае спажывецкае таварыства), Марыну Кажына (райбыткамбінат), Ніну Яфрэмаву і Ірыну Бяляк (аддзел культуры), Леаніда Карповіча (ветлячэбніца), Уладзіміра Галавача (калгас “Нёман”) і іншых. Яны былі ў рабоце надзейныя і карысталіся вялікім аўтарытэтам у моладзі.

— Хто найчасцей быў пачынальнікам карысных спраў у раёне? Якія значныя падзеі найбольш засталіся ў памяці?

— Камсамольцы працавалі на вытворчасці. Маладзёжная арганізацыя падтрымлівала і заахвочвала маладых. Праз камсамольска-маладзёжныя звенні і экіпажы юнакі і дзяўчаты мелі магчымасць паказаць свае здольнасці і стараннні, і ім гэта ўдавалася зрабіць. Яны ўдзельнічалі ў сацыялістычных спаборніцтвах і розных конкурсах.

У памяці засталіся піянерскія злёты і спартыўныя патрыятычныя гульні «Зарніца» і Арлёнак». Збіралі і запісвалі ўспаміны ветэранаў вайны, праводзілі розныя акцыі. Па іх выніках уручаліся значкі і пасведчанні ВЛКСМ.

Вялікую работу праводзілі піянерскія важатыя і намеснікі дырэктараў школ па выхаваўчай рабоце. Камсамольскія білеты юнакам і дзяўчатам ветэраны вайны і працы ўручалі ў раённым музеі.

На базе бара і сталовай райцэнтра праводзілася маладзёжная дыскатэка сумесна з супрацоўнікамі раённага Дома культуры Мікалаем Іванавічам Дулубам, Васіліем Уладзіміравічам Чартко, Ірынай Станіславаўнай Бяляк. Дыскатэкі карысталіся попытам у моладзі, нават іншы раз не хапала білетаў.

— Якую падтрымку і дапамогу аказвала Камуністычная партыя ВЛКСМ?

— Самыя добрыя ўспаміны засталіся ў памяці аб дружнай камандзе райкама партыі ў асобах Аляксея Аляксандравіча Яновіча, Івана Аляксандравіча Базевіча, Рыгора Нікіфаравіча Давыдоўскага, Яўгена Мікалаевіча Вырко, Вячаслава Астапавіча Турка, Вячаслава Рыгоравіча Калтунова і кіраўнікоў гаспадарак: Івана Міхайлавіча Паўловіча, Аляксандра Аляксандравіча Багушэвіча, Аляксандра Аляксандравіча Зантовіча, Уладзіміра Максімавіча Сатыгі, Васілія Васільевіча Бар’яша, Аляксандра Мікалаевіча Сакалова, Станіслава Валяр’янавіча Лычкоўскага, Вячаслава Якаўлевіча Тура, Уладзіміра Кірылавіча Бабанскага і іншых. Яны дзяліліся вопытам, падтрымлівалі моладзь, стваралі ўмовы для работы і адпачынку, і гэта дапамагала моладзі вызначыцца ў жыцці.

— Ёсць тое, што асабліва часта ўспамінаецца?

— Камсамол рыхтаваў кадры не толькі прафесійна, але праяўляў клопат пра членаў ВЛКСМ у культурным накірунку. У 1985 годзе я была на курсах ЦК ВЛКСМ. Акрамя лекцый, мы наведалі прэм’еры фільмаў і сустрэчы з рэжысёрамі (фільм «Чучала» Ралана Быкава), сустракаліся з маладымі паэтамі і пісьменнікамі, наведвалі спектаклі маладзёжных труп. Былі экскурсіі ў Крэмль, Зорны гарадок, Музей авіяцыі. Запомнілася адкрыццё Маскоўскай алімпіяды. У складзе Першага Інтэрнацыянальнага студэнцкага атрада праца ў Польшчы, турыстычныя паездкі ў Балгарыю, Югаславію, Румынію. Праз маладзёжную арганізацыю «Спутнік» шмат моладзі раёна пабывала ў розных турыстычных паездках.

— Атрымліваецца, што стаць членам ВЛКСМ было вялікім гонарам. Што гэта значыла асабіста для Вас?

— Для мяне камсамол — гэта школа жыцця. Будучы вучнем школы, адказвала за спартыўны сектар, у студэнцкія гады была намеснікам сакратара камітэта камсамола педінстытута і камандзірам штаба будатрада. Таму і прыехала па размеркаванні працаваць у райкам камсамола. За работу ў камсамоле ўзнагароджана значком ЦК ВЛКСМ «За актыўную работу ў камсамоле» і медалём «За працоўную адзнаку», бронзавым медалём «За дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі СССР». На ХХVІІ з’ездзе выбрана членам рэвізійнай камісіі ЛКСМБ.

— З камсамольцамі тых гадоў і сёння падтрымліваеце добрыя ўзаемаадносіны?

— Назаўсёды засталіся добрым святлом у маім жыцці сумесная праца з работнікамі райкама камсамола Уладзімірам Кліменковым, Уладзімірам Тананка, Святланай Кохан, Іванам Драздом, Зінаідай Калбаса, Віктарам Жалезняковічам і іншыя.

— Што сённяшняя моладзь магла б пераняць ад членаў ВЛКСМ і выкарыстаць у сваім паўсядзённм жыцці?

— Усё залежыць ад саміх маладых людзей. Трэба ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, прапаноўваць ідэі і адстойваць іх, дэлегіраваць маладых людзей у органы ўлады. Каб самым было цікава і іншых захапіць ідэяй, цікавая справа не пакіне нікога раўнадушным.

— З нагоды 100-годдзя ВЛКСМ Вы б хацелі штосьці пажадаць камсамольцам дваццатага стагоддзя?

— У гэты цудоўны год гісторыі краіны і нашага юнацтва жадаю ўсім камсамольцам 60-х, 70-х, 80-х гадоў здароўя, бадзёрасці духу, энергіі і вялікага чалавечага шчасця.

Галіна СМАЛЯНКА

Добавить комментарий