Вступительная кампания-2018: В Мире планируют учить на мебельщиков, а в Кореличах — на секретарей

Апошні месяц лета – гэта не толькі час уборачнай кампаніі, але і час прыёмнай. Набор у навучальныя ўстановы Карэліччыны будзе працягвацца да 20 жніўня, але тым, хто яшчэ думае над будучай прафесіяй, трэба спяшацца: месцаў засталося няшмат.

План прыёму ў Карэліцкі дзяржаўны будаўнічы прафесійны ліцэй амаль выкананы. З трыццаці чалавек, якіх было запланавана залічыць у навучэнцы, гэты статус ужо практычна набылі дваццаць пяць.

Большасць з тых, хто жадае атрымаць прафесійна-тэхнічную адукацыю, складаюць абітурыенты Карэліцкага раёна. Але ёсць і тыя, хто прыязджае з Мінска, Стоўбцаў, Бярозаўкі і Навагрудка. Залічэнне ідзе па сярэдняму балу атэстата, без іспытаў.

Дарэчы, усе абітурыенты ліцэя – хлопцы. Раней установа адукацыі прапанавала дзяўчатам прафесіі швачкі і прадаўца, але, як паказаў час, гэта не аказалася запатрабаным.

– У нас вельмі шмат заявак на такіх спецыялістаў. Напрыклад, Навагрудская швейная фабрыка гатова хоць зараз прыняць да сябе дваццаць чалавек, Карэліцкае раённае спажывецкае таварыства – таксама. Але час паказвае, што дзяўчат зараз больш цікавіць касметалагічная сфера, – адзначае дырэктар ліцэя Генадзій Мікалаевіч Арцюх. — У будучым мы разглядаем пытанне, каб адкрыць набор на сакратароў. Спадзяёмся, што гэта спецыяльнасць будзе больш запатрабаванай у прадстаўніц жаночага полу.

Усе першакурснікі забяспечваюцца пакоем у адным з двух інтэрнатаў, якія месцяцца ў самым ліцэі. Ёсць трэнажорная і спартыўная залы, пакой самападрыхтоўкі. Разам з навучэнцамі ў інтэрнаце пражываюць сем’і і маладыя спецыялісты, жыллё якім прадастаўляе адміністрацыя ліцэя.

Таксама працягваецца набор і ў Мірскі дзяржаўны мастацкі прафесійна-тэхнічны каледж. Як паведамілі ў прыёмнай камісіі, адна група ўжо набрана. Вялікім попытам карыстаюцца спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, “Сталярныя, паркетныя і шкляныя работы” і “Мастацка-афарміцельскія работы і дызайн інтэр’ераў”. Менавіта на гэтыя спецыяльнасці набор закрыты.

Але ў тых, хто жадае атрымаць адукацыю ў Мірскім каледжы, яшчэ ёсць магчымасць стаць рэстаўратарам дэкаратыўна-мастацкіх афарбовак, мастаком роспісу па дрэве ці тынкоўшчыкам. Да поўнага набору тут не хапае васьмі чалавек. Шэсць месцаў застаюцца вольнымі і на другую ступень навучання – чатыры на дзённае і два на завочнае аддзяленні.

Залічэнне праходзіць таксама па балу атэстата і без выпрабаванняў. Дарэчы, больш за ўсё паступаючых з Мінска і Мінскай вобласці. Цікава, што ў параўнанні з мінулым годам значна павысіліся прахадныя балы. Калі летась у прыёмную камісію прыходзілі абітурыенты з 4-6 баламі, то зараз ёсць і тыя рабяты, у каго 8-9.

Усе жадаючыя забяспечваюцца інтэрнатам, дзе ў пакоі пражываюць два-тры чалавекі.

Як расказала дырэктар навучальнай установы Наталля Леанідаўна Кадлубай, каб стаць навучэнцам мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, зусім неабавязкова мець спецыяльную адукацыю.

– Мы з упэўненасцю гатовы сказаць, что навучым кожнага. Нічога страшнага, калі чалавек на заканчваў мастацкую школу. У нас добрыя выкладчыкі, якія, дзякуючы прафесійнаму падыходу, дадуць выдатныя і якасныя веды.

У наступным годзе плануецца адкрыць набор, дзе можна будзе атрымаць адукацыю настаўніка-мастака ці вытворцы мэблі.

На базе прафтэха часта праводзяцца пленэры, на якія прыязджаюць падзяліцца вопытам мастакі з Масквы.

За час існавання ўстановы 17 чалавек сталі стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, многія працягвалі вучыцца, паспяхова паступаючы ў сярэднеспецыяльныя і вышэйшыя навучальныя ўстановы.

У каледжы дзейнічае музей, дзе выстаўляюцца лепшыя работы навучэнцаў, а таксама працуе народны лялечны тэатр “Батлейка”.

Дарэчы, у гэтым годзе Мірскаму дзяржаўнаму мастацкаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу спаўняецца 30 год.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.