Известные белорусские художники приехали в Новогрудок на пленэр памяти нашего земляка Виктора Стащенюка

У кожнага творцы свой шлях. Але пачынаецца ён на малой радзіме. Так сталася і з творчым лёсам выдатнага беларускага мастака Віктара Сташчанюка, які нарадзіўся ў маляўнічай вёсачцы Сёгда ў Карэліцкім раёне, а дзяцінства правёў на суседняй Навагрудчыне. Таму любоў да беларускай правінцыі пранёс праз усё жыццё, у шматлікіх творах увасобіўшы гісторыю і сучаснасць нашых мястэчак.

Сёлета, у красавіку, Віктару Сташчанюку споўнілася б 85 год. Але творцы не стала яшчэ ў 2007-м. І ўсё ж у гэтыя жнівеньскія дні імя мастака ізноў на слыху і любімымі сцежкамі яго маленства пройдуць іншыя творцы. Бо здараюцца такія надзвычайныя моманты, калі на неабсяжных прасторах мастацтва дарогі таленавітых людзей пераплятаюцца на некаторы час. Пленэр памяці Віктара Сташчанюка ў Навагрудку адносіцца да такіх сакральных падзей.

Сярод удзельнікаў – мастакі Кастусь Качан, Кацярына Сумарава, Дар’я Сумарава-Копач, Валянціна Шоба, Антаніна Фалей, Ксенія Бяляева-Дзягілева, Галіна Сушко, Ліліяна Гудава, Віктар Нямцоў, фатограф Валерый Вядрэнка, мастацтвазнаўцы Аляксей Хадыка і, па сумяшчэнні арганізатар і куратар пленэра, Таццяна Гаранская. Усе – цудоўныя людзі, імёны якіх вядомыя ў Беларусі і за мяжой.

Дарэчы, адной з асноўных пляцовак пленэра, дзе якраз мастакі ў першы дзень, 17 жніўня, і сабраліся за адным сталом, стала карцінная галерэя Кастуся Качана – сусветна вядомага песняра беларускіх мястэчак. І гэта сімвалічна. Бо, як і Віктар Сташчанюк, Кастусь Качан робіць усё, каб увекавечыць вобразы роднага краю у мастацтве.

Завяршыццца пленэр 26 жніўня выставай і вечарынай у доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

Даведка

Віктар Сташчанюк. Нарадзіўся 1 красавіка 1933 г. у в. Сёгда Карэліцкага раёна. Скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1970). Вучыўся ў Віктара Гаўрылава. Сябар Беларускага саюза мастакоў з 1993 г. У мастацкіх выставах браў удзел з 1976 г. Творы экспанаваліся ў Беларусі, Польшчы, ЗША, Германіі, Францыі, Канадзе. Персанальныя выставы: Навагрудак (1996), Мінск (2002, 2003 – юбілейная 2004, 2005). Мемарыяльныя выставы: Мінск, галерэя “Добрыя Мыслі” (2007), бібліятэка імя Л.Талстога (2008).

Працаваў у галіне кніжнай, станковай графікі і дэкаратыўна-ўжытковага мастацтва (кераміка). Асаблівае месца ў творчасці займаюць гістарычныя рэканструкцыі архітэктурных ансамбляў (Навагрудак, Мінск, Полацк, Заслаўе).

Асноўныя творы: серыі “З вандровак па Беларусі” (1960-1973), “Мой Навагрудак” (1964-1999), “Палессе” (1970-1971), “Мінск гістарычны” (1985-1986), рэльефы “Мікола Гусоўскі”, “Тадэвуш Касцюшка”, “Эмілія Плятэр”.

Займаўся дызайн-графікай паштовых канвертаў і марак. Яго маркі былі адзначаны на міжнароднай выставе ў Парыжы як найлепшыя ў сваёй катэгорыі.

Аўтар ілюстрацыі і аздаблення кніг: “Пінская шляхта” В.Дуніна-Марцінкевіча, “Па слядах аднаго міфа” М.Ермаловіча, “Адкуль наш род” У.Арлова і інш.

Творы захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Музея сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску, Беларускага саюза мастакоў, Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, Літаратурнага музея Максіма Багдановіча, Музея Францішка Багушэвіча ў Кушлянах, Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея, Беларускага музея ў Гайнаўцы, Дзяржаўнага гістарычна-культурнага запаведніка “Заслаўе”, у прыватных калекцыях.

Аўтар кніг “У прасторы часу. Вершы, малюнкі” (Мінск, 2002), “Сцежкамі роднага краю” (Мінск, 2005).

Памёр 7 лютага 2007 г. Пахаваны ў Навагрудку на Старых могілках.

Паводле артыкула ў часопісе «Мастацтва» (аўтар Таццяна Гаранская)

Добавить комментарий