Кореличчина вошла в топ-20 районов с лучшими показателями в молочной и мясной отраслях Беларуси

Дваццатае месца ў рэспубліканскай зводцы з магчымых 118. А гэта значыць, што Карэліччына ўваходзіць у топ раёнаў з лепшымі паказчыкамі малочнай і мясной вытворчасцей у краіне. Менавіта такія высокія вынікі паказала жывёлагадоўчая галіна Карэліцкага раёна за першае паўгоддзе бягучага года.

Калі гаварыць мовай лічбаў, то за 6 месяцаў 2018 года сярэдні надой малака ад адной каровы склаў 2990 кілаграмаў, што на 19 адзінак больш паказчыка за аналагічны перыяд мінулага года. Валавая вытворчасць малака засталася практычна на ўзроўні леташняй лічбы, а менавіта 38999 тон.

Яшчэ адным важным паказчыкам жывёлагадоўлі з’яўляюцца сярэднясутачная прывагі на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы, якія, у параўнанні з першым паўгоддзем 2017 года, хоць і нязначна, але павялічыліся – +4 грамы і складаюць 730 грамаў.

На абласным узроўні Карэліччына таксама займае верхнія радкі рэйтынгавай табліцы: чацвёртая пазіцыя па сярэдняму надою малака і другое месца па сярэднясутачнай прывазе буйной рагатай жывёлы.

– Бясспрэчнымі флагманамі жывёлагадоўлі Карэліччыны з’яўляюцца тры сельгаспрадпрыемствы раёна: СВК “Свіцязянка-2003”, СВК “Маяк-Заполле” і ДП “Лукі-Агра”, дзе выдатна наладжаны працэс складання рацыёну харчавання жывёл, у наяўнасці неабходная колькасць якасных кармоў, – адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Манько. – Але ўсё ж такі некаторым гаспадаркам Карэліччыны не ўдаецца дасягнуць запланаваных паказчыкаў, што ў значнай ступені залежыць ад адсутнасці высокакваліфікаваных кадраў у жывёлагадоўлі. Сёння ў раёне назіраецца недахоп ветурачоў, заатэхнікаў. Тым не менш па выніках 7 месяцаў бягучага года малочная і мясная вытворчасці раёна развіваюцца стабільна.

Аксана ЯНУШ

Добавить комментарий