Пленэр памяти уроженца Кореличчины Виктора Стащенюка завершился творческой встречей с фотографом Валерием Ведренко и уникальной выставкой

Пленэр памяці беларускага мастака, ураджэнца Карэліцкага раёна Віктара Сташчанюка завяршыўся ў доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку выставай твораў удзельнікаў і сустрэчай з фатографам Валерыем Вядрэнкам.

10 дзён падарожжаў, глыбокага пагружэння ў жыццё беларускай правінцыі і натхнённай працы выдатных мастакоў і фатографаў ускалыхнулі культурнае жыццё нашага краю.

Куратар і арганізатар пленэра мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская ў прамове падчас сустрэчы ў музеі падкрэсліла знакавасць і маштаб падзеі для нашага рэгіёна, яе ўнікальнасць і культурныя здабыткі.

Сапраўды, менавіта такія мерапрыемствы надаюць Году малой радзімы асобы змест і сэнс. Бо наша спадчына якраз і нараджаецца тады, калі творцы ўвекавечваюць у сваіх працах моманты паўсядзённага жыцця беларускіх мястэчак і гарадоў.

І як мы цяпер спасцігаем свет мінулага праз малюнкі Напалеона Орды, рэканструкцыі Віктара Сташчанюка альбо фотаздымкі Яна Булгака, так і нашы нашчадкі будуць знаёміцца з беларускай рэчаіснасцю праз творы сучасных мастакоў і фатографаў.

Сярод такіх асоб – фотамастак Валерый Вядрэнка. Беларусь у яго працах – гэта цэлы Сусвет паэтычных вобразаў, так званая “пілігрымка ў Стары Свет”. Валерый Вядрэнка аб’ехаў усю Беларусь, завітаў і ў Карэліцкі край. І дзе б ён не быў, усюды ён змог адчуць і перадаць душу месца. У яго творах нават храм у самай глухой вёсачцы пададзены так, нібы гэты Сабор Гаўдзі ў Барселоне. Кожная яго праца пранізана шчырай беларускасцю, няштучнай прыгажосцю нашай гісторыі.

Падчас творчай сустрэчы з Валерыем Вядрэнкам у межах пленэра памяці Віктара Сташчанюка прысутныя змаглі таксама адчуць усе гэтыя тонкія моманты і здзейсніць уласнае духоўнае падарожжа па правінцыйнай Беларусі праз творы фотамастака.

І хоць пленэр завершаны, але мастацтва і беларускія землі як прастора для натхнення творцаў – вечныя.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара

P.S. Матэрыял пра пачатак пленэра памяці Віктара Сташчанюка і біяграфію мастака вы можаце прачытаць ТУТ. А зараз…

Запрашаем вас у Мір Валерыя Вядрэнкі (2012-2013 гг.)

(больш фота аўтара на яго facebook-старонцы — Valerry Vedrenko)

Добавить комментарий