Поэтесса Раиса Романчук привезла в Кореличи друзей, стихи и песни

У Карэліцкай раённай бібліятэцы адбылася творчая сустрэча з паэткай, нашай зямлячкай Раісай Міхайлаўнай Раманчук з г. Баранавічы і яе сябрамі.

Цудоўная краіна там, дзе маё дзяцінства,
Дзе голы вецер песціць ласкаваю рукой.
Дзівоснейшы малюнак з узгоркаў і рачушак…
І велічныя дрэвы над Свіцяззю сівой…
Дзівосная краіна там, дзе маё дзяцінства,
Там, дзе Адам Міцкевіч з Марыляю блукаў,
Дзе «Камень філарэтаў» зялёным мохам сагрэты,
Дзе лес наўкола хаты, рознакалёр’е траў.
«Там, дзе маё дзяцінства». Р. Раманчук

Ад родных ніў, ад роднай хаты

Раіса Міхайлаўна Раманчук (Шымко) нарадзілася каля вёскі Літараўшчына на хутары. Закончыла Варанчанскую сярэднюю школу, тэхнікум лёгкай прамысловасці. Працавала кантралёрам якасці, брыгадзірам асноўнай вытворчасці на Баранавіцкім баваўняным аб’яднанні.

Друкуецца ў рэспубліканскай прэсе. На яе вершы выконваюцца песні. Аўтар паэтычных зборнікаў: «Сцежка ў дзяцінства», «Рамонкавы ранак», «Звон верасовы», кніжка для дзяцей «Дабрыня». Яе вершаваныя творы змешчаны ў зборніку паэзіі і прозы «Крыніца дабрыні».

Кіраўнік літаратурна-музычнай гасцёўні «Крыніца» пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, член літаратурных клубаў «Ліра» і «Никогда не поздно».

Член Саюза беларускіх пісьменнікаў.

З любоўю да жыцця і ўсяго зямнога

Раіса Міхайлаўна імкнецца падтрымліваць творчую сувязь з маленькай радзімай. Яе вершы друкаваліся на старонках раённай газеты «Полымя». Гэтая творчая сустрэча з землякамі не першая — прыязджала на Карэліччыну ў красавіку 2014 года. На гэты раз паэтка шмат чытала сваіх вершаў — прызнавалася ў любові да роднага краю. Радкі ўскалыхвалі сэрца — яны былі аб такім блізкім і дарагім для прысутных у зале.

«Дома ёсць дома», — шчыра прызнавалася зямлячка і адзначала, што гэтая творчая сустрэча прыносіць вялікую радасць для душы. Яна пажадала, каб і надалей бруілася крыніца творчасці — духоўнае багацце нашага краю.

Разам з нашай зямлячкай на творчую сустрэчу завіталі яе сябры, якія шчодра падзяліліся сваімі талентамі. Ірына Васільеўна Здановіч навучылася іграць на гітары і гармоніку ў сталым узросце, напісала шмат песень. «Я пішу вершы і песні аб чалавечых лёсах, захапляюся дабрынёй, — прызналася яна. — Хочацца, каб цябе пачулі, бо пасля такіх сустрэч імкнуся тварыць…» Выканаўца падарыла слухачам цудоўныя кампазіцыі.

Вялікае ўражанне аказалі на прысутных і музычныя творы ў выкананні Рэгіны Вікенцьеўны Скіпар — спявачкі, кіраўніка клуба «Баранавіцкі вальс». Яна выканала песні на словы сваіх творчых сяброў, а таксама раманс «Под луной золотой».

І яшчэ адна паэтка, вершы якой хацелася слухаць, — Таццяна Мікалаеўна Яцук. З-пад яе пяра выйшлі ў свет кнігі: «Груша над абрывам», «Маладосць на выданні», «Валошкавыя сны». Творца прачытала вершы аб родным краі, аднакласніку, каханні.

Любяць паэзію ў нашым краі

На сустрэчу з баранавіцкімі творцамі прыйшлі і члены літаратурнага аб’яднання «Рэчанька» пры Карэліцкай раённай газеце «Полымя». Антаніна Мікалаеўна Аўчыннікава паведала пра тое, што яе маленькая радзіма на Карэліччыне — вёска Плужыны. Вось ужо амаль чатыры гады, як жанчына вярнулася сюды. Зараз жыве ў Карэлічах і сваё прызнанне і любоў да роднага краю выказвае ў вершаваных радках.

Аляксандра Іванаўна Панасенка з вёскі Баранавічы адзначыла, што наша радзіма пачынаецца з маці, а гэтыя хвіліны сустрэчы з творцамі — вялікае святло. Яна любіць паэзію і ўсіх тых, хто ёю захапляецца. Мясцовая паэтка прачытала свае вершаваныя творы.

Напрыканцы творчай сустрэчы вядучая, бібліятэкар Валянціна Іванаўна Кошур звярнулася да паэтаў з пажаданнямі:

«Іскрынку тую, што ад Бога,
Паэт, глядзі, не патушы!»

Дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Канстанцінаўна Арцюх падзякавала баранавіцкім творцам за талент, бадзёрасць, аптымізм і выказала спадзяванне на далейшыя сустрэчы.

Гасцям уручылі зборнік вершаў нашых мясцовых паэтаў «Плыві, «Рэчанька» зямлі Карэліцкай».

Галіна СМАЛЯНКА

Добавить комментарий