Пункт погляду журналіста: Лёгкі хлеб

Блог журналиста газеты Полымя Галины Смолянко Невялічкая дзіцячая кніжачка, а дакладней беларуская народная казка “Лёгкі хлеб”, трапіла на вочы выпадкова, калі пераглядала асабістую бібліятэку. Ну, як яе не перачытаць? І потым не пашкадавала аб гэтым.

Для пачатку коратка нагадаю яе змест. Сустракаюцца на лузе касец з ваўком. Апошні папрасіў у чалавека хлеба, які яму спадабаўся, і пацікавіўся, дзе яго дастаць.

— Трэба зямлю заараць, забаранаваць, пасеяць, пачакаць, пакуль жыта вырасце, затым закрасуе, пачне каласіцца, спець…, — пачуў у адказ. Гэта работа здалася ваўку сумнай і цяжкай, таму шукае лёгкага хлеба і па сённяшні дзень.

Многія маладыя людзі ў пошуках працы і заробку накіроўваюцца ў гарады. Магчыма, таму ўсё больш пусцеюць вёскі, а ў некаторых моладзь можна на пальцах пералічыць. Хаця некаторыя знаходзяць сабе справу па душы і на роднай зямлі. У гэтым пераконвалася пры сустрэчах з героямі будучых замалёвак. У большасці яны — шчаслівыя людзі: шмат сезонаў убіраюць збажыну на палетках і гэтым ганарацца.

І сапраўды, гэта пачэсная праца. Успамінаецца, як улетку наводзілі парадак на падворку бацькоўскай хаты. Калі за агародам раздаўся гул, азірнуліся і ўбачылі, як па полі ішлі камбайны. Сын адрэагаваў хутка: сфатаграфаваў іх — атрымаўся добры здымак. “Няхай будзе на памяць”, — патлумачыў ён. У мяне ад убачанага часцей пачало біцца сэрца — не кожны дзень даводзіцца бачыць такую карціну. Хіба можна заставацца раўнадушным да ўсяго вечнага і зямнога? У нас усё ад зямлі — яна поіць і корміць, дае сілы, і перад ёй заўсёды ў даўгу.

У жыцці мы стараемся выбраць прафесію аднойчы і на ўсё жыццё. З гадамі прыходзяць вопыт і майстэрства. Мы застаёмся адданымі любімай справе і не ўяўляем сябе на іншым месцы. Хаця ўсе прафесіі важныя і патрэбныя: хлебароб вырошчвае хлеб, настаўнік вучыць дзяцей, доктар лечыць хворых — і паспрабуй абысціся без іх і іншых! А як быць без прадстаўнікоў творчых прафесій? Нашай душы неабходна палымянае слова паэта, цудоўная песня спевака, добрая карціна мастака — усё тое, што дапамагае ўзняць настрой і глянуць на навакольны свет па-іншаму.

Няма нецікавых прафесій. Пагавары з прадстаўніком любой з іх — і пераканаешся: кожны будзе ўсхваляць сваю і прыводзіць довады на гэты конт. У кожнай ёсць свае “плюсы” і “мінусы”, чаго больш не вызначыш, ды ці патрэбна гэта рабіць. Асноўнае ў тым, што яна падабаецца выканаўцы, і ён прыкладае ўсе намаганні, каб сумленна працаваць.

“Пад ляжачы камень вада не цячэ”, — гавораць у народзе. Шмат патрэбна старанняў, каб выканаць намечанае. Заўжды паважала вяскоўцаў за іх руплівасць: з ранку да вечара ў рабоце. А будаўнікі: шмат трэба зрабіць, каб нашы вочы радавалі прыгожыя гмахі. У спякоту і зімовую сцюжу яны заняты справай, не скардзяцца на ўмовы надвор’я, разумеюць, што час не чакае, неабходна ў тэрмін узвесці аб’ект.

А хіба мала адказных пасад, якія патрабуюць вялікай аддачы?! Быць кіраўніком няпроста — ім трэба нарадзіцца. Кіраваць калектывам можа чалавек вялікага розуму і добрага сэрца, які заўсёды зразумее падначаленых і падтрымае ў складанай сітуацыі. Трэба быць гаспадарлівым і чалавекам слова — тады справа будзе ладзіцца, і людзі паважаць.

І сапраўды, лёгкага хлеба не бывае. Ды ці трэба яго шукаць у жыцці? Калі чалавек мае любімую справу, прыносіць карысць людзям і грамадству — хіба гэтага мала?

Галіна СМАЛЯНКА

Добавить комментарий