Студенческая рабочая декада в ГП «Птицефабрика «Красноармейская» завершилась за сладким столом

Ужо другі за сезон студэнцкі атрад завяршыў сваю работу ў ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. 8 юнакоў і дзяўчат аказалі пасільную дапамогу роднай гаспадарцы, атрымаўшы пры гэтым уласнаручна заробленыя грошы.

— У мінулым годзе мы з сяброўкай Вікторыяй таксама працавалі ў студатрадзе, — расказвае Дар’я Хіневіч. — За дзесяць дзён работы атрымалі нядрэнную зарплату. Купілі сукенкі і канцылярскія тавары да школы. На жаль, гэта наша апошняе школьнае лета. З 1 верасня мы ўжо студэнткі. Але наступным летам ізноў папросімся сюды на працу.

Юрысконсульт прадпрыемства Юлія Толмач задаволена работай студатрадаўцаў:

— Моладзь вельмі старанна працуе. За гэтыя дзесяць дзён паспрабавалі ўсё: і зерне на КЗС убіралі, і падмяталі, і праполкай займаліся, ямы пад будучую агароджу капалі. Іх прымушаць не трэба. Вось Ваня Пашкялевіч сам прыйшоў на працу прасіцца. А камандзір атрада Дзіма Гаўрош за лета дзве працоўныя вахты адслужыў.

ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская” — не самае моцнае прадпрыемства раёна. Але, як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук, змагло працаўладкаваць два студатрады за лета. А гэта значыць, што да моладзі тут ставяцца асабліва паважліва. І сапраўды, за гэты час студатрадаўцы паўдзельнічалі ў квэст-гульні на фестывалі “Мястэчка” ў Міры, пабывалі на фестывалі кветак у Аюцавічах.

— За працай і лета хутчэй прайшло, — гавораць рабяты, — мы бы і месяц былі згодныя працаваць. Так што наступным летам чакайце нас!

За салодкім сталом і сяброўскай гутаркай удзельнікі студатрада атрымалі ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культурыі і па справах моладзі райвыканкама Іны Санчук і галоўнага спецыяліста РК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Вольгі Ваяводскай памятныя падарункі.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара

Добавить комментарий