В магазине деревни Песочная год не было продавца. Учитель музыки из России Ирина Ивашевская стала за сельский прилавок

Тэлефонныя званкі са словамі ўдзячнасці, якія раздаюцца ў кабінетах мясцовай выканаўчай улады, — з’ява не частая. Часцей за ўсё гэта просьбы альбо нават патрабаванні. Чамусьці людзі прывыклі бачыць толькі недахопы, а потым скардзіцца, крытыкаваць. А дабро, яно, як вядома, мала помніцца і хутка забываецца…

На мінулым тыдні ў кабінет старшыні Карэліцкага райвыканкама Віктара Леанідавіча Шайбака патэлефанавала жыхарка Пясочнай Марыя Іванаўна Капура. Жанчына з радасцю расказала, што вясковы магазін, які не працаваў на працягу года, літаральна атрымаў другое жыццё дзякуючы цудоўнаму прадаўцу Ірыне Івашэўскай.

Карэспандэнт «Полымя» адразу ж адправіўся ў Пясочную, каб пазнаёміцца з той, хто заслужыў словы ўдзячнасці.

Кореличский район Песочная Продавец Ирина Ивашевская

Ірына Анатольеўна Івашэўская сустракае нас за прылаўкам невялікага вясковага магазіна прыязнай усмешкай. У яе невялікая чарга з трох чалавек, якіх яна хуценька разлічвае і расказвае пра сваё жыццё-быццё.

— У Пясочнай я пачала працаваць з лютага гэтага года. Да гэтага некалькі месяцаў — ў кіёску “Саюздрук” у Міры. Калі прапанавалі ісці прадаўцом у Пясочную, былі ваганні. Знаёмыя казалі: “Што ты там будзеш рабіць? Вёска ж зусім невялікая”. А я падумала і згадзілася. Цяпер за дзень магазін прыносіць па 300-400 рублёў выручкі, абслугоўваю каля сотні чалавек. І гэта вельмі нядрэнны паказчык.

Ірына Анатольеўна Івашэўская некалькі гадоў таму пераехала з мужам у Мір з Архангельска. Яе пажылая мама даўно жыве ў Нясвіжы, таму хацелася быць бліжэй да роднага чалавека. Дзіўна, але ў Ірыны Івашэўскай зусім не было вопыту работы ў гандлі. Усё сваё жыццё яна працавала настаўніцай музыкі, вучыла дзяцей іграць на фартэпіяна. А цяпер вось працуе за прылаўкам сельскага магазіна і зусім не шкадуе.

— Канечне, можна было б ужо і не працаваць, — гаворыць жанчына, — я ж на пенсіі, але без людзей не магу, мне патрэбны зносіны. Я добра вывучыла попыт вяскоўцаў і стараюся зрабіць так, каб у магазіне было ўсё. А ў дадатак да гэтага — абавязкова ветлівасць і ўсмешка.

Кореличский район Песочная Продавец Ирина Ивашевская

Ірына Анатольеўна любіць, каб пакупнікі сыходзілі з магазіна ў добрым настроі, таму робіць дзецям невялікія сюпрызы. У яе доме шмат цацак, якіх звычайна кладуць у шакаладныя яйкі. Іх жанчына дарыць малым, якія прыходзяць з бацькамі ў магазін. І гэта зусім не хітры маркетынгавы крок, яна робіць гэта проста і ад душы.

Пасля сустрэчы ў магазіне адпраўляюся да Марыі Іванаўны Капуры. 79-гадовая жанчына не хавае сваёй радасці:

— Залаты ў нас прадавец! Вось я інвалід другой групы, мне цяжка хадзіць. Дык Ірына Анатольеўна прывозіць мне дадому на ўласнай машыне ўсё, што трэба: і малако, і хлеб. Нядаўна на мой дзень нараджэння падарыла каробку цукерак. Такіх душэўных і ўважлівых людзей трэба цаніць.

Марыя Іванаўна не па чутках ведае, што такое ветлівасць у рабоце з людзьмі. Сама ўсё жыццё адпрацавала прадаўцом. Ужо шмат гадоў яна на заслужаным адпачынку, але склаўшы рукі не сядзіць. Адмысловая чысціня ў хаце, выдатны парадак на падворку — усё гэта штодзённыя старанні жанчыны.

Кореличский район Песочная Продавец Ирина Ивашевская

— Толькі праца і рух дапамагаюць чалавеку быць здаровым, — упэўнена жанчына. — Пад’ём у 6 раніцы і пайшла працаваць. Мыю, прыбіраю, у агародзе працую — так пра балячкі і забываешся. Важна, што мясцовая ўлада не забывае. Старшыня Жухавіцкага сельсавета Аляксандр Уладзіміравіч Івашка заўсёды дапаможа і словам, і справай. Вось нядаўна дапамог мне сядзібу абкасіць. Дзякуй яму вялікі за гэта!

Пакідаючы Пясочную, падумала: “Як здорава, што адны ўмеюць рабіць дабро, а другія яго цаніць. Якое гэта простае слова: “Дзякуй!”, і як няпроста бывае яго сказаць. А трэба!..

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара

Добавить комментарий