В редакции газеты «Полымя» специалисты дали рекомендации по правильному школьному питанию

Штогод у краіне сярод дзіцячага насельніцтва рэгіструюцца 300 новых выпадкаў цукровага дыябету і 400 выпадкаў гіпертэнзіі. Урачы б’юць трывогу: няправільнае харчаванне прыводзіць да непапраўных змен у дзіцячым арганізме. Як правільна харчавацца, каб пазбегнуць праблем са здароўем, паспрабавалі разабрацца падчас круглага стала ў рэдакцыі газеты «Полымя» ўрач-педыятр Карэліцкай цэнтральнай раённай бальніцы Лілія Уладзіміраўна Шастак, спецыялісты групы цэнтралізаванага гаспадарчага абслугоўвання ўпраўлення адукацыі Карэліцкага райвыканкама Наталія Аркадзьеўна Ласко і Нэла Мікалаеўна Стэльмашка, памочнік урача-гігіеніста Карэліцкага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Валянціна Аркадзьеўна Баравікова.

Л. Шастак: Школьны перыяд характарызуецца інтэнсіўным працэсам росту, складанай перабудовай абмену рэчываў у арганізме школьнікаў, таму парушэнні ў харчаванні могуць прывесці да хранічных захворванняў страўнікава-кішэчнага тракта. Каб ваша дзіця захацела ў будучым паўнавартасна харчавацца, гэтую звычку ў ім трэба развіваць з дзяцінства. Вялікае значэнне мае рэгулярны прыём ежы. Калі дзіця кожны дзень будзе есці ў адзін і той жа час, гэта паслужыць прафілактыкай развіцця гастрыту, язвы. Неабходна выконваць рэжым харчавання: абавязковы сняданак перад школай, другі сняданак у школе (10-11 гадзін), абед у школе ці дома і вячэра.

Дыетолагі раяць увесці ў правільнае меню для школьніка такія складальнікі, як малочныя прадукты, тлушчы расліннага і жывёльнага паходжання, садавіну і агародніну, а таксама бялковае харчаванне: мяса, рыбу і яйкі. Выключыць з рацыёна сасіскі, сардэлькі, магазінныя сухарыкі з рознымі дабаўкамі, чыпсы, салодкія газіроўкі, якія ў адной шклянцы ўтрымліваюць 5 чайных лыжак цукру, фастфуды і рознае вострае харчаванне, вэнджаныя і сыравэнджаныя каўбасы, каву і прадукты, утрымліваючыя кафеін, розныя соусы, маянэз, кетчуп. Неабходна шмат піць, асабліва ваду і малако. Прамежкі паміж асобнымі прыёмамі ежы не павінны перавышаць 4-5 гадзін. Дзецям важна ўжываць бялкі. Так, у штодзённы рацыён школьніка неабходна ўключаць 500 мл малака, 1 яйка, 40-50 гр тварагу, 10-15 гр сыру, 4-60 гр рыбы, 140-175 гр мяса. Дзецям вельмі карысна сметанковае масла, а вось расліннага масла трэба ўжываць менш. Замест цукерак і батончыкаў купляйце зефір і мармелад.

Асноўныя прынцыпы здаровага харчавання аднолькавыя для ўсёй сям’і. Часцей стаўце на стол салаты са свежай агародніны і зеляніны. Больш гатуйце на пару. На гарнір імкніцеся класці ў талерку не традыцыйныя макароны ці смажаную бульбу, а стравы з агародніны, звараныя на пару альбо запечаныя ў духоўцы. У звычайныя аладкі для сняданка дабаўце долькі яблык, нацертую моркву ці капусту. Імкніцеся ўжываць карысныя прадукты, але не прымушайце дзіця есці насільна.

Н. Ласко: Да новага навучальнага года распрацавана адзінае для ўсіх школ двухтыднёвае меню. Рацыён распрацаваны для розных узроставых груп навучэнцаў: ад 6 да 10 гадоў, ад 11 да 13 і ад 14 да 17 гадоў. Пры складанні меню ўлічваліся патрабаванні ў плане захавання сезоннасці, рацыянальнага размеркавання агульнай каларыйнасці сутачнага рацыёну, аптымальных суадносін харчовых рэчываў (бялкоў, тлушчаў і вугляводаў), выкарыстання прадуктаў, дазволеных для харчавання дзяцей. Таксама стравы не могуць паўтарацца ў меню два дні запар. У прыкладных двухтыднёвых меню такія прадукты, як малако і кісламалочныя напоі, расліннае і сметанковае масла, цукар, мяса, хлеб, крупы, агародніна, свежая садавіна ці сокі, уваходзяць у рацыён штодзённа, рыба, яйкі, сыр, тварог, смятана — 2-3 разы ў тыдзень.

Н. Стэльмашка: Як вядома, многія катэгорыі школьнікаў харчуюцца ў школе бясплатна. Згодна з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 177 ад 21.02.2005 года аднаразовае бясплатнае харчаванне за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў прадастаўляецца вучням: 1-4 класаў пачатковых, базавых і сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў, навучальна-педагагічных комплексаў (акрамя вучняў першых класаў, якія навучаюцца на базе дашкольных устаноў); вучням 5-11 класаў названых устаноў, якія жывуць у сельскай населеных пунктах; з сем’яў, у якіх адзін з бацькоў з’яўляецца інвалідам I ці II групы; з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, якія навучаюцца ў спецыяльных класах, класах інтэгрыраванага навучання і выхавання; спецыялізаваных па спорце класаў; тым, хто знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным стане. Вучні з малазабяспечаных сем’яў, з сем’яў, якія маюць трох і больш дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў, і з ліку дзяцей-інвалідаў, вучні пачатковых, базавых,сярэдніх школ, навучальна-педагагічных комплексаў, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем. Для атрымання права на бясплатнае харчаванне бацькі падаюць заяву кіраўніку ўстановы адукацыі.

В. Баравікова: У новым навучальным годзе кожная з 25 устаноў адукацыі грунтоўна падрыхтавалася да прыёму дзяцей. Праведзены бягучыя рамонты памяшканняў навучальных класаў, групавых дашкольных устаноў, харчблокаў. Напрыклад, у Малюшыцкай пачатковай школе адрамантаваны складскія памяшканні, праведзена замена харчовага электракатла ў Жухавіцкай школе. На харчаблоках трох школ у Міры, Луках і Карэлічах заменена халадзільнае абсталяванне. На суму больш 3 тысяч рублёў набыты эмаліраваны посуд. Чакаецца рамонт харчаблокаў у СШ №2 райцэнтра і Мірскім прафтэхкаледжы.

Іна Лейка
Фота аўтара

Добавить комментарий