Будут драники знатные! В ГП «Царюка» планируют собрать солидный урожай картофеля – около 300 ц/га

Верасень і бульба. Наўрад ці знойдуцца больш узаемазвязаныя па сэнсе словы. Для ўсіх беларусаў стала добрай традыцыяй увесну сабрацца вялікай дружнай сям’ёй, каб пасадзіць усімі любімую гародніну, а ўвосень – каб выкапаць бульбу, якую па праве лічаць другім хлебам. Яна з’яўляецца не толькі важнай складовай часткай гастранамічных пераваг нацыянальнай кухні, але і адметнай рысай беларускага менталітэту.

На Карэліччыне да бульбы адносяцца з вялікай павагай. Ці ведаеце вы мясцовага жыхара, які не мае кавалка зямлі пад крухмалістыя караняплоды? Наўрад ці. У больш шырокіх маштабах вырошчваннем другога хлеба займаюцца дзве гаспадаркі раёна: ДП “Царука” і ДП “Цырын-Агра”, дзе сёлета пасаджана 70 га і 70 га адпаведна. Для асабістых патрэб 4 га бульбы маецца ў СВК “Жухавічы” і 2 га – у ДП “Чарняхоўскі-Агра”.

На пачатку тыдня да ўборкі другога хлеба прыступілі аграрыі ДП “Царука”.

– Традыцыйна яшчэ з савецкіх часоў у гаспадарцы садзілі бульбу. 10 гадоў таму, калі я прыйшоў сюды на працу, плошча пад крухмальную гародніну складала 130-150 га. Адзін год нават 200 га было пасаджана, – успамінае галоўны аграном ДП “Царука” Сяргей Аляксандравіч Валынец. – Але адна справа – вырасціць багаты ўраджай, а зусім іншая – яго ўпарадкаваць. Як вядома, рынак збыту мае стыхійны характар. Калі адзін год бульба мае вялікую закупачную цану і карыстаецца попытам, то наступнай восенню можа назірацца зусім процілеглая сітуацыя. Добра памятаю 2010 год, калі прыязджалі расіяне і ў чарзе стаялі за беларускім другім хлебам.

У тым, што сёлета бульба ў ДП “Царука” ўрадзіла, давялося пабачыць на свае вочы. На полі каля вёскі Лядкі на 70 га знаходзіцца ўвесь крухмальны скарб гаспадаркі. Янка, Брыз і Гала – тры гатункі, якім аддаюць перавагу ў ДП “Царука”. Дарэчы, насенне “Галы” завезлі толькі ў мінулым годзе з НПП «Ніка».

Бульбаўборачны камбайн, якім умела кіруе механізатар Анатолій Малышка, імкліва рухаецца наперад, збіраючы караняплоды і пакідаючы пасля сябе чыстае поле. Вадзіцелі на адвозцы Яўгеній Падалянчык і Аляксандр Браўка заўсёды на падхваце. Менавіта яны адвозяць бульбяны ўраджай у Першамайскі, дзе знаходзіцца мясцовае сховішча для гародніны.

– Плануем сабраць каля 300 цэнтнераў з гектара. Дзесьці 350-400 тон караняплодаў пакінем на насенне, астатную частку ўраджаю будзем прадаваць і здаваць на крухмальны завод, – дзеліцца Сяргей Валынец. – Расія – наш асноўны рынак збыту. Пакуль што цана на бульбу невялікая, але загадваць наперад пакуль рана.

Збіраць ураджай заўсёды прыемна, асабліва калі ён радуе вока сваёй якасцю. Але колькі сіл, часу і матэрыяльных сродкаў неабходна затраціць, каб яго атрымаць. Сёлетняя бульбяная гісторыя ДП “Царука” распачалася ў першай палове мая, калі насенне было пакладзена ў глебу.

– Для атрымання добрага ўраджаю ў глебу ўносіцца стандартны комплекс мінеральных угнаенняў: азот, фосфар, калій. Падчас пасадкі клубні абавязкова пратраўліваюцца. Як вынік – ніводнага каларадскага жука сёлета на гэтым полі я не сустрэў. Да таго ж хімічная апрацоўка абараняе бульбу ад драцяніка, які можа сапсаваць будучы ўраджай, – расказвае галоўны аграном гаспадаркі. – На 20-21 дзень пасля пасадкі насенне дае ўсходы. Праз некаторы час бульба абганяецца і апырскваецца гербецыдамі. Па статыстыцы ў Гродзенскай вобласці аграрыі гаспадарак апрацоўваюць бульбоўнік супраць фітафторы тры разы. Для параўнання: у Галандыі тое ж самае робяць разоў 6, калі не больш. Але і ўраджай яны збіраюць амаль удвая вышэйшы, каля 500 цэнтнераў з гектара.

З поля бульбяны скарб ДП “Царука” адпраўляецца ў сховішча для гародніны, дзе ён уручную перабіраецца. Механічнае сартаванне свядома не выкарыстоўваецца, бо пры падзенні з вышыні клубні траўміруюцца і, як вынік, пачынаюць загніваць.

– Сказаць, што бульбасховішча ў пасёлку Першамайскім адпавядае ўсім неабходным патрабаванням для захавання сабранага ўраджаю, не магу. Ёсць пэўныя пытанні. Менавіта таму большую частку крухмальнай гародніны стараемся прадаць альбо здаць як мага хутчэй, – дзеліцца Сяргей Валынец. – Бульбу прадаём як аптовым пакупнікам, так і мясцовым жыхарам. Таму, калі ласка, да нас за бульбяным запасам на зіму.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

Добавить комментарий