Чем занимались кореличчане летом?

Нягледзячы на тое, што на календары ўжо восень, на вуліцы ячшэ па-летняму цёпла. І пакуль залатая прыгажуня толькі ўступае ў свае правы, мы спыталі ў карэліччан, чым жа яны займаліся гэтым летам?

Міхаіл Башко, рэжысёр ДУ “РЦКіНТ”:

– Я амаль усё лета прапрацаваў, а потым, калі пачаўся водпуск, то рабіў дома рамонт. На гэтае лета нават не ствараў ніякіх планаў, бо ведаў, што ім не суджана спраўдзіцца. Можна сказаць, што праца – гэта мае планы, а мае планы – гэта праца. Праўда, я ўсё ж такі знайшоў час для свайго любімага занятку – чытання кніг. Пазнаёміўся з творамі шматлікіх аўтараў, адзін з якіх Чарльз Букоўскі.

Рыта Яроцкая, мастацкі кіраўнік ДУ “РЦКіНТ”:

– Маё лета прайшло ў вандроўках. Паколькі ў жніўні я павінна была выйсці на працу, то ведала, што больш такой магчымасці не будзе. Таму я адправілася ў Расію, каб наведаць сваіх родных і блізкіх, якіх не бачыла ўжо каля сямі гадоў. Вельмі спадабалася Волга, якую ў далейшым я буду часта ўспамінаць. За час знаходжання ў іншай краіне я натхнілася, набралася сіл і вярнулася ў родны пасёлак, каб працаваць, займацца любімай справай і натхняць іншых людзей.

Карына Ячнік, метадыст ДУ “РЦКіНТ”:

– Увесь чэрвень я вучылася і здавала дзяржэкзамены ў каледжы. У ліпені рыхтавалася для паступлення ва ўніверсітэт, а ў жніўні ўжо пачала працаваць. Вядома, быў час, калі я сустракалася з сябрамі і адпачывала, але ў большасці сваёй маё лета прайшло вельмі напружана.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

Добавить комментарий