Журналист газеты «Полымя» провел один рабочий день с потомственным лесником Кореличского лесничества Иваном Ошманкевичем

16 верасня работнікі лясных гаспадарак краіны будуць адзначаць сваё прафесійнае свята. Напярэдадні Дня лесу карэспандэнт “Полымя” правёў адзін працоўны дзень з патомным лесніком Карэліцкага лясніцтва Іванам Дзмітрыевічам Ашманкевічам.

— Ляснік — гэта чалавек, які абараняе лес ад парушальнікаў закону, што імкнуцца правесці незаконную высечку або ўчыніць пажар, — тлумачыць Іван Ашманкевіч. — Таксама лес можа і сам сабе нашкодзіць: з’яўляецца караед або кроны суседніх ствалоў пачынаюць перашкаджаць адна адной. Тады лес трэба абараняць ад самога сябе. Вось тут на выручку прыходзяць пілы і сякеры.

Іван Дзмітрыевіч — ляснік з 20-гадовым стажам, і ўвесь свой абход, а гэта ні многа ні мала — 870 гектараў насаджэнняў, ведае як уласныя пяць пальцаў. Прафесія ў лесніка клапотная, адпачываць няма калі. Рабочы дзень пачынаецца ў 8.00 з планёркі ў майстра, які раздае леснікам нарады. Большую частку свайго рабочага часу лясныя работнікі займаюцца высечкай лесу. Па дарозе да дзялянкі даведваюся, што ўся драўніна дзеліцца на дзелавую і дравяную. У першым выпадку піламатэрыял выкарыстоўваецца для будаўнічых работ, вырабу мэблі, у другім ідзе ў топку.

— Абавязковае правіла пры валцы лесу — працаваць з напарнікам, — расказвае Іван Дзмітрыевіч, — лес ёсць лес, ён жартаў не любіць. Усялякія выпадкі бываюць. Напрыклад, можа заклініць пілу прама ў расколіне ствала. Тады на дапамогу прыходзіць напарнік, аднаму тут ніяк!

У лічаныя хвіліны Іван Дзмітрыевіч спілоўвае стромкую асіну, якая падае ў тым накірунку, куды ён і разлічваў.

— Ого! — дзіўлюся я, — як хутка! Колькі ж адзін ляснік за дзень можа такіх дрэў спілаваць?

Вопытны работнік толькі ўсміхаецца: “Спілаваць — не самая складаная задача. Галоўнае — выдаліць усе галіны, падрыхтаваць ствол для тралёўкі трактарам, а на гэта нямала часу трэба”.

Заварожаная лясной цішынёй і спакоем, пытаюся ў Івана Дзмітрыевіча, калі ён больш за ўсё любіць бываць у лесе.

— Любы работнік нашай галіны скажа, што зімовы лес — самы камфортны. Ні табе камароў, ні кляшчоў, ні спякоты. Калі ад кляшчоў нас кожны год абавязкова прывіваюць, то ад камароў спасу няма. Нават рэпеленты не дапамагаюць. У такой гарачыні ўсе гэтыя “пшыкалкі” сцякаюць пад вопратку разам з потам, — аказалася, што прафесія лясніка не такая ўжо і рамантычная.

І ўсё ж нягледзячы на пэўныя цяжкасці, многія працуюць тут дзесяцігоддзямі, прыходзіць у прафесію і моладзь.

— Мой бацька таксама лесніком быў, — расказвае Іван Дзмітрыевіч, — усё жыццё калгасным кавалём працаваў, а як выйшаў на пенсію, прапанавалі на варту лесу стаць. Ён згадзіўся, часта мяне з сабой на абходы браў. Гэта я добра памятаю.

Пакуль едзем на старэнькім УАЗіку на поле Фогеля, за якім расце хвойны лес, пытаюся ў лесніка, ці часта людзі ў лесе парушаюць закон.

— Раней, як толькі пачынаў працаваць, парушальнікаў хапала. У асноўным па дровы ездзілі. Цяпер яны мала каму патрэбныя, у вёскі даўно прыйшла газіфікацыя. А калі каму патрэбна паліва, прасцей зрабіць гэта законным шляхам, бо штрафы ў нас немаленькія. Да прыкладу, за незаконную высечку парушальніку прыйдзецца заплаціць ад 5 да 50 базавых велічынь, — расказвае Іван Дзмітрыевіч. І раптам пачынае смяяцца, успомніўшы сваю даўнюю сустрэчу з такім незаконным лесарубам:

— Раней у лясніцтвах машын амаль не было. Ездзілі мы на конях. Еду па сваім участку, чую: лес сякуць. Я хутчэй праз поле туды! Аднак мой браканьер, напэўна, пачуў і хуценька ад’ехаўся на сваім вазку. Я кажу: “Што ж ты робіш, зладзюга?” А ён: “Не я гэта!” Вось і паспрабуй дакажы, што гэта ён. Не злавілі — не злодзей! Хаця я яго па куртцы пазнаў.

Паляўнічых цяпер у лесе таксама няшмат. Нятаннае гэта задавальненне: і сама здабыча звера дорага каштуе, і з захаваннем зброі няпроста, шмат патрабаванняў. Да гонару мясцовых жыхароў, у Карэліцкім лясніцтве амаль не сустракаюцца імправізаваныя сметнікі.

Найбольш леснікоў сёння турбуюць палы сельскагаспадарчых угоддзяў і нашэсце жука-караеда. Дарэчы, з першай бядой у лясніцтвах змагацца ўмеюць, ды яшчэ як! Можна сказаць, на ўзроўні прафесіянальных пажарных-выратавальнікаў працуюць. Вясною, якая лічыцца самым пажаранебяспечным перыядам, у лясніцтвах круглыя суткі дзяжурыць каля дзясятка чалавек. На іх узбраенні — пажарныя ЗІЛы, мотапомпы і вогнетушыцелі. Галоўная задача — не дапусціць, каб агонь з поля перакінуўся ў лес.

За 9 гадоў існавання Карэліцкага лясніцтва лес гарэў толькі аднойчы, у 2012 годзе. Тады хтосьці вырашыў пасмажыць на прыродзе шашлыкі і, відаць, добра не патушыў касцёр. Агонь хутка перакінуўся праз калгасныя сенакосы на лес. Тады з вогненнай стыхіяй змагаліся адразу пяць пажарных машын.

За гутаркай не заўважылі, як прыехалі на месца. Поле памяці славутага генерала Яна Янавіча Фогеля — маляўнічы прыгорак паміж сосен. Гэта таксама падапечная гаспадарка лесніка Ашманкевіча. Тут расце і малады 7-гадовы лес, і тыя дрэвы, якія хутка пойдуць пад пілу. На працягу года дзялянкі для галоўнага лесакарыстання работнікі лесу наведваюць не раз. Кожнае дрэва — на ўліку. Пазначаны памер ствала, на кожным — адмеціна ярка-аранжавай фарбай. Адна адмеціна — дзелавая драўніна, дзве — дравяная. Вымяраць таўшчыню дрэва неабходна для таго, каб весці ўлік і ведаць кубатуру. Тут Іван Дзмітрыевіч паказвае на дарослыя сосны з парыжэлымі верхавінамі.

— Гэта караед пастараўся, — з горыччу ў голасе гаворыць ён, — адно выратаванне — піла. Ствол, вядома, пойдзе па прызначэнні, а вось галіны неабходна тут жа спаліць, каб караед не распаўсюджваўся далей. Таксама ён баіцца моцных маразоў, але ў Беларусі ў апошнія гады зімы мяккія, вось гэтыя крылатыя тэрарысты і захопліваюць лес.

— За 20 гадоў, напэўна, каля 100 тысяч дрэў уласнымі рукамі пасадзіў, —
гаворыць ветэран лясной гаспадаркі, — сям’я ёсць, дом пабудаваў, сына вырасціў. Так што задачу мінімум як мужчына выканаў.

ДАВЕДКА “ПОЛЫМЯ”
Карэліцкае лясніцтва займае 6,5 тысячы гектараў лесу. 58% з іх займаюць хвойныя, 35% — мяккаліставыя (асіна, альха, бяроза) і амаль 7% — цвёрдаліставыя (дуб, бук). Вясной 2018 года работнікамі лясніцтва пасаджана 20,5 гектараў лясных культур. Папоўнена загінулага пасадачнага матэрыялу на плошчы каля 22 га. За 8 месяцаў бягучага года рэалізавана 2814,07 метраў кубічных драўніны на суму 91157,79 рублёў.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара

Добавить комментарий