К 100-летию ВЛКСМ. Мария Беленова поделилась историей комсомола и встречей с Фиделем Кастро

29 кастрычніка 2018 года спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. Школу Ленінскага камсамола ў савецкі час прайшлі мільёны маладых людзей ва ўзросце ад 14 да 28 гадоў.

Камсамол быў утвораны на 1-м Усерасійскім з’ездзе саюза рабочай і сялянскай моладзі. У 1924 годзе яму прысвоена імя У. І. Леніна. У сувязі з утварэннем СССР пераіменаваны ва Усесаюзны Ленінскі Камуністычны Саюз Моладзі.

За подзвігі ў гады Грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў, а таксама поспехі ў сацыялістычным будаўніцтве ВЛКСМ узнагароджаны 6 ордэнамі.

Правапераемнікам камсамола ў нашай краіне з’яўляецца БРСМ, створаны ў верасні 2002 года.

Часта, калі дома перабіраю старыя фотаздымкі, з асаблівай цеплынёй успамінаю гады свайго камсамольскага юнацтва. Цяпер мне 70 гадоў, але як учора памятаю многія падзеі таго цудоўнага часу.

Што для мяне значыць камсамол, у рады якога ўступіла 50 гадоў таму, калі была вучаніцай Мірскай сярэдняй школы? Гэта — маладосць, кіпучая энергія, насычанасць жыцця значнымі падзеямі, якія перапляталіся з гісторыяй роднага краю нашай неабсяжнай Радзімы.

Без перабольшвання магу сказаць, што лепшыя і незабыўныя гады жыцця аддадзены камсамолу, які ўручыў свайго роду камсамольскую пуцёўку ў далейшае станаўленне партыйнага работніка. Менавіта камсамол навучыў мяне верыць у тую справу, якой служыш і захапляць іншых. Падарыў дзясяткі сустрэч з вядомымі людзьмі, тут набыла шмат дарагіх майму сэрцу сяброў.

Шмат было цікавых мерапрыемстваў і падзей тых незабыўных камсамольскіх гадоў. Напрыклад, як камсамолка, актывістка, спартсменка атрымлівала заахвочвальныя пуцёўкі на востраў Свабоды Куба, сустракалася з Ф. Кастра, была ў Румыніі, Балгарыі, Крыме, Сочы, Нальчыку, Прыбалтыцы. Аб’ездзіла ўвесь Паўночны Каўказ. Узнімалася на снежныя вяршыні Дамбая. Зараз гэта не выклікае здзіўлення і захаплення, ездзяць і больш.

Нас вучылі, што кожны камсамолец павінен быць палітычным байцом, служыць прыкладам дзелавітасці, сціпласці, прынцыповасці, дастойна насіць высокае званне члена ВЛКСМ, і мы гэта ўспрымалі як належнае.

Да дня галоўных дзяржаўных свят, адкрыцця з’ездаў камсамольцы абавязваліся датэрмінова выканаць планавыя заданні, станавіліся на працоўныя вахты, выступалі ініцыятарамі сацыялістычных спаборніцтваў за эканомію і беражлівасць на кожным рабочым месцы і г. д. Спявалі песні А. Пахмутавай «Не расстанусь с комсомолом», «Песню о тревожной молодости», «Главное, ребята, сердцем не стареть», «Орлята учатся летать» і іншыя. Мы разумелі і адчувалі, што праца моладзі неабходна Радзіме, па заслугах ацэньваецца ўклад у развіццё краіны рабочага і калгасніка, урача і інжынера, шахцёра і агранома, абаронцы Айчыны.

Мне вельмі прыемна, што ў свой час я атрымала высокую ўзнагароду ЦК ВЛКСМ «Лепшаму настаўніку-камсамольцу», значок «Турыст СССР» і іншыя ўзнагароды, якімі ганаруся і зараз. З тых памятных гадоў, як гавораць, шмат вады ўцякло.

У 1991 годзе я, як і многія прадстаўнікі майго пакалення, па-свойму востра перажывала, калі з распадам СССР спыніў сваю дзейнасць ВЛКСМ, на сцягу якога 3 ордэны Леніна, ордэны Чырвонага Сцяга, ордэн Кастрычніцкай Рэвалюцыі, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга.

Працуючы зараз ва УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей», сустракаюся з сучаснай моладдзю. Прыемна ўсведамляць, што ў нашай краіне адноўлены маладзёжны рух, і выхаванне маладога пакалення — у надзейных руках. Узначальваючы раённую партыйную арганізацыю, сустракаюся з членамі партыі, былымі камуністамі і камсамольцамі. Мы ўспамінаем сваё камсамольскае юнацтва і нашых сяброў. Мы, ветэраны камсамола, адзіныя ў тым, аб чым хочацца сказаць словамі папулярнай у 80-х песні: «Камсамол — не проста ўзрост, камсамол — мой лёс».

Марыя БЕЛЕНАВА,
сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі КПБ
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.