Лаборатория преображения, волонтерский клуб или кружок по фитнесу. В Кореличах дети и взрослые легко могут найти занятие по душе

– Вось і хочацца табе прачынацца кожную суботу ні свет ні зара! – гаварыла матуля, калі я, яшчэ дзесяцігадовая дзяўчынка, у 8.00 збіралася ў школу на харавыя спевы. – І гэтак табе патрэбен гэты хор? Лепш паспала б гадзіну-другую, выхадны ж… А для мяне тады суботняя раніца была самым дарагім на свеце, бо я займалася тым, што так люблю.

Гурток вакальны, гурток харэаграфіі або гульні ў хакей, тэатральны, інтэлектуальны – чаго толькі зараз няма! І такая колькасць аб’яднанняў вельмі радуе, бо кожны – пятнаццацігадовы хлопчык ці шасцідзесяцігадовая жанчына – можа знайсці тое, што дапаможа якасна і цікава правесці свой вольны час.

Па-першае, гурткі і аб’яднанні па інтарэсах зробяць вольны час больш разнастайным, а па-другое, дадуць магчымасць спазнаць штосьці новае альбо развіць тое, што ўжо маецца ў арсенале здольнасцей кожнага з нас.

Для таго, каб расказаць чытачам пра новыя і цікавыя гурткі, мы адправіліся ва ўстановы культуры і адукацыі нашага пасёлка, дзе амаль у кожнай панавала атмасфера дабрыні і творчасці.

Заходзім у актавую залу Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці і чуем спевы прыгожых, але яшчэ нясмелых, галасоў. Падыходзім бліжэй і бачым дзвюх дзяўчынак, разгубленых ад з’яўлення чужога чалавека. Крыху наводдаль, у правай кулісе, стаіць матуля адной з іх.

– Калі дачушка расла, я бачыла, што ёй вельмі падабаецца спяваць. Спачатку яна займалася вакалам у садзіку, а цяпер мы вырашылі аддаць яе ў ансамбль народнай песні “Забава”. Ведаеце, Даша нават канцэрты ладзіць для нас. Аднойчы на мой дзень нараджэння спявала вельмі прыгожую песню пра маму. Яна спявала, а я плакала, – дзеліцца ўспамінамі Вольга Бокша.

Але, калі, напрыклад, вакал ці харэаграфія – гэта ўжо класіка, то гурток прыгажосці – новая плынь, якая, дарэчы, зацікавіла і нас. “Лабараторыя пераўтварэння” будзе дзейнічаць на базе Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці і навучыць кожную жанчыну быць яшчэ прыгажэйшай. Новы гурток створаны для таго, каб паказаць, як правільна карыстацца касметыкай і даглядаць за станам свайго аблічча. Здаецца, менавіта зараз, калі кожная другая дзяўчына ходзіць на курсы візажу, гэты гурток актуальны як ніколі. Тым больш, бясплатна.

Ідзем далей і даведваемся пра валанцёрскі клуб “Добрае сэрца” – таксама новае аб’яднанне, якое вось-вось пачне сваю працу. Кіраўнік клуба прапануе кожнаму жадаючаму заняцца праектнай дзейнасцю і дабрачыннымі акцыямі, якія накіраваны на дапамогу дзецям з інваліднасцю і людзям у сталым узросце. Цікава, што запісацца ў клуб могуць усе падлеткі ад 12 да 17 гадоў, якія маюць у сваім сэрцы жаданне дапамагаць іншым.

Далей накіроўваемся ў Карэліцкі Дом рамёстваў, каб паглядзець, чым займаюцца ў гуртку роспісу па дрэве “Народныя ўзоры”. Заходзім і бачым дзяцей, пагружаных у сваю справу з галавой… Хтосьці ўжо ўсё зрабіў і чакае, пакуль вынік яго працы высахне, а хтосьці яшчэ дамалёўвае апошнюю кветачку.

– “Народныя ўзоры” з’явіліся ў нас толькі ў гэтым годзе. Дзеткам прапануецца маляваць, але рабіць гэта не на звычайнай паперы, а на драўляных дошках. Пакуль мы не абмяжоўваем іх тэматыкай – яны малююць тое, што душы заўгодна, але потым плануем усё ж такі зрабіць заняткі тэматычнымі, – паведамляе дырэктар установы Юлія Аляксандраўна Баярэнка.

А вось студыя выяўленчага мастацтва “Творчасць”, якая дзейнічае на базе Карэліцкага раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, працуе даўно, але вельмі плённа. Заходжу ў аўдыторыю, дзе вочы так і разбягаюцца ад вялікай колькасці маленькіх творцаў… Яны, як сапраўдныя мастакі, акуратна і вельмі старанна выводзяць кожную рысачку, часам цягнучыся за тым ці іншым алоўкам. Музыка, якая гучыць падчас працэсу, здаецца, толькі дапамагае хлопчыкам і дзяўчаткам атрымаць асалоду ад занятку ў поўнай меры.

Але існуе ў Карэліцкім раённым Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі гурток, які прыдзецца даспадобы амаль кожнай прыгажуні. Хто з нас не хоча быць здаровай, энергічнай і абавязкова – зграбнай? Фітнес-гурток “Sport dance” створаны для таго, каб дапамагчы кожнаму адчуць гармонію ўнутры сябе.

– На заняткі ходзяць як маладыя, так і жанчыны, якім ужо крышачку “за”. “Sport dance” – гэта шыкоўная магчымасць прывесці сваё цела ў добрую форму, падняць настрой і зарадзіцца добрымі эмоцыямі, – дзеліцца дырэктар Ларыса Віктараўна Карась. – Мы імкнуліся зрабіць студыю даступнай для кожнага, таму кошт заняткаў вельмі сімвалічны – усяго 1 рубель 20 капеек за гадзіну. Параўноўваючы з сучаснымі фітнес-заламі, гэта насамрэч капейкі. Але галоўнае – гэта вынік, які ўжо бачны ў кожнай наведвальніцы.

Дарэчы, існуе гурток ужо не першы год і карыстаецца вялікім попытам. У “Sport dance” займаюцца групы па 6-7 чалавек. Робіцца гэта для таго, каб эфектыўнасць ад заняткаў была яшчэ больш прыкметнай.

Як бачым, альтэрнатыва звыклай для нас канапе ёсць. Засталося толькі абраць тое, што ляжыць бліжэй да душы, і ісці насустрач цікаваму і карыснаму адпачынку. Канкрэтна я ўжо пайшла, а вы?

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

АФІШЫ ГУРТКОЎ

Добавить комментарий