Любимые песни, удалые пляски, живая история. Концерт хора имени Цитовича в Мирском замке покорил сердца зрителей (фото+видео)

У нядзелю, 30 верасня, у Мірскім замку спявалі і танчылі ўсе. Напярэдадні Міжнароднага дня пажылых людзей сюды з вялікім канцэртам «Для тых, хто малады сэрцам і душой» завітаў Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча пад кіраўніцтвам народнага артыста БССР Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага.

Гледачы, жыхары Карэліччыны і госці з розных краін свету, сталі сведкамі надзвычайнай культурнай падзеі, дзе на фоне старажытных муроў Мірскага замка ажыла гісторыя ў спевах, танцах ды жанравых замалёўках. Дзякуючы яскраваму таленту артыстаў хора імя Цітовіча, прысутныя адчулі прыгажосць і глыбіню славянскай душы. Канцэрт аб’яднаў знакамітыя творы беларускай, рускай і ўкраінскай культур.

?«Я ўспрымаю Мірскі замак як адзін з храмаў беларускай гісторыі. Таму да выступлення на гэтай знакамітай зямлі мы з калектывам сур’ёзна рыхтаваліся і прывезлі нумары рознай тэматыкі і на любы густ,» — зазначыў мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор хора імя Цітовіча Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі. — Тым больш, з Мірскім замкам нас звязваюць цёплыя сяброўскія адносіны. І калі дырэктар установы Аляксандр Часлававіч Лойка звярнуўся да мяне з прапановай зладзіць канцэрт да Дня пажылых людзей, я з радасцю пагадзіўся. Дарэчы, мы тут выступаем ужо ў трэці раз, і, безумоўна, гэта вялікае задавальненне. Нават надвор’е заўжды спрыяе. Што датычыцца нагоды, якая нас усіх сабрала разам, — свята пажылых людзей, то асабіста я называю яго Днём карысных і разумных асоб, якія годна працавалі і шмат зрабілі для сваёй краіны. І я шчыра зычу старэйшаму пакаленню, акрамя здароўя і дабрабыту, сіл і жадання плённа жыць! Калі чалавек нешта хоча здзейсніць, ён заўжды будзе малады душой. І тут галоўнае — часцей рабіць дабро. Бо нават калі вы аднаму чалавеку дапаможаце, гэта ўжо вялікая справа і крыніца духоўных сіл. Жадаю ўсім рухацца наперад, уздымаць сябе над рознымі жыццёвымі цяжкасцямі і адчуваць радасць ад таго, што вы прынеслі карысць іншым людзям і сваёй зямлі!»

? Дырэктар музея «Замкавы комплекс «Мір» Аляксандр Часлававіч Лойка таксама звярнуўся да прадстаўнікоў старэйшага пакалення з найлепшымі пажаданнямі, а да хора імя Цітовіча — з вялікай падзякай за грандыёзнае выступленне: «Мы ўсе знаходзімся ў чароўным месцы. Аглядзіцеся навокал — якое хараство! Нездарма кажуць, што архітэктура — гэта застылая музыка. Але сёння вы, шаноўныя артысты і паважаны Міхаіл Паўлавіч, стварылі сапраўдны цуд, і муры Мірскага замка нібы набылі голас і так казачна загучалі».

Гледачы пацвердзілі словы выступоўцы гучнымі апладысментамі. Пасля канцэрту людзі «залатога веку» разыходзіліся, нібы памаладзеўшыя на некалькі дзясяткаў год, а іншаземныя турысты на розных мовах гаварылі прыкладна адно і тое ж: «Як жа нам пашанцавала апынуцца сёння тут».

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота і відэа аўтара

? ВІДЭАГАЛЕРЭЯ ?

? ФОТАГАЛЕРЭЯ ?

Добавить комментарий