Николай Василевский из деревни Миратичи вырастил помидоры-гиганты

Не сакрэт, што ў гэтым годзе амаль кожны гаспадар мог пахваліцца добрым ураджаем яблык. Але цікавым з’яўляецца тое, што акрамя гэтай садавіны шмат у каго ўрадзілі і іншыя дары садоў-агародаў. Прытым не толькі ўрадзілі, але і здзівілі сваімі памерамі.

Мікалай Аляксеевіч Васілеўскі, які пражывае ў вёсцы Міратычы, не можа не нарадавацца на свае памідоры. І ведаеце, ёсць чаму! Нягледзячы на тое, што цалкам ураджай яшчэ не сабраны, у падвале ўжо месцяцца каля 30 слоікаў з марынаванымі таматамі. Самым вялікім аказаўся 800-грамовы памідор сорту “Мядовае сэрца”, які, дарэчы, на вялікім агародзе быў не адзін. Гаспадар аказаўся не сквапны і з вялікім задавальненнем падзяліўся сваім сакрэтам вырошчвання.

З-за хваробы, якая не дала пасеяць памідоры ў запланаваны час, Мікалай Аляксеевіч зрабіў гэта толькі ў канцы сакавіка. І, як аказалася пазней, не прагадаў. Калі 80 сеянцаў крышку падраслі, мужчына пікіраваў іх у пластыкавыя бутэлькі, а ў маі накрыў плёнкай. Мінеральных угнаенняў не выкарыстоўваў – толькі натуральныя.

Спачатку жыхар Міратычаў скасіў крапіву, заклаў у 70-літровую бочку і заліў вадой. У такім стане яна знаходзілася месяц. Затым з бочкі гаспадар узяў 1,5 літра атрыманага раствору на вядро вады, дадаў 200 грамаў драўнянага попелу і крыху конскага гною. Тым, што атрымалася, паліваў расаду 2-3 разы за ўвесь час росту. Зразумела, што тым раслінам, якія страчвалі пазіцыі, давалася больш увагі і, канешне, больш угнаення.

Назіраючы за ростам будучых пладоў, нельга было забыць і пра апрацоўку ад туману. Распавядаючы пра ўраджай, не забыўся гаспадар і пра важную дэталь: глебу пад агародніну трэба рыхтаваць восенню і абавязкова даць вялікую колькасць гною. У мінулым годзе Мікалай Аляксеевіч выкарыстаў каля 10 кілаграмаў на 1,5-2 кв. м.

Усяго таматная калекцыя мужчыны налічвае 8 сартоў, сярод якіх знакамітыя “Андрамеда”, “Салярыс” і “Мядовае сэрца”. Апошнія, дарэчы, на думку мужчыны, самыя смачныя.

Але ўрадзілі ў гэтым годзе не толькі выхадцы з Паўднёвай Амерыкі. Да таго ж мужчына сабраў дзевяць вёдраў маліны і вялікую колькасць перцаў. Натуральна, не абышлося і без яблык – асабісты сад жыхара Міратычаў налічвае 25 дрэў.

Гледзячы на плантацыі Мікалая Аляксеевіча, я здзіўлялася і не магла не спытаць: “А што ўвогуле рабіць з такой колькасцю памідораў?” На што гаспадар толькі ўсміхнуўся і адказаў: “Што-што? Есці. Кожны дзень. Са смятанай”.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

Добавить комментарий