Пункт погляду журналіста: Маладосць і Мудрасць

«Маладосць не купіш, старасць не прадасі» — народнае выслоўе, якое не раз паўстае ў памяці. На гэты раз выклікала жаданне паразважаць аб гэтых дзвюх лесвіцах жыцця.

Многія з нас, прайшоўшы першую з іх, на другой успамінаюць гады маладосці. I не выпадкова: першае каханне, першыя крокі ў прафесію, першыя ўзлёты… Падчас успамінаў часцей пачынае біцца сэрца, і гэта немагчыма выкрасліць з памяці. Ды і ці патрэбна ўвогуле рабіць: яно было ў нашым жыцці, на схіле гадоў прадаўжае вярэдзіць памяць, паўстае ў больш ружовых фарбах.

Дык чаму мы не заўсёды імкнёмся пачуць маладых? Многія з іх хочуць мець усё і адразу. Хаця што ў тым дрэннага, калі дабрабыт у сям’і дасягаецца сумленнай працай? Ці калі чалавек ставіць мэты і дасягае іх? Застаецца толькі вітаць тых, хто прыносіць карысць грамадству і людзям, а ў іх сем’ях пануюць каханне, давер, узаемаразуменне.

На моладзь ускладваюцца вялікія надзеі. На гэты конт нават існуе лозунг: «Будучае — у руках маладых». Дадзеная выснова павінна выклікаць толькі адабрэнне ў прадстаўнікоў старэйшага пакалення. У гады сваёй мададосці мы таксама былі пачынальнікамі новых праектаў і энтузіястамі карысных спраў. Дык чаму зараз багаты вопыт не перадаць сваім прадаўжальнікам і не стаць добрымі дарадцамі?

У гэтыя дні ў працоўныя калектывы раёна прыходзяць на працу маладыя спецыялісты. Хто, калі не мы, добра валодаючыя сваёй прафесіяй, зможам падтрымаць іх у складанай сітуацыі? Так было ва ўсе часы, невыпадкова ўдзячнасць свайму настаўніку мы праносім праз усё жыццё.

Адна з актуальных тэм — бацькі і дзеці. Аб узаемаадносінах у сям’і пішуць у сродках масавай інфармацыі, абмяркоўваюць на бацькоўскіх сходах, у працоўных калектывах, сям’і.

Ну, скажыце, каго з бацькоў не хвалюе лёс сваіх дзяцей? Хто не жадае ім дабра і шчасця? І колькі б ім не было — шэсць, шаснаццаць ці трыццаць шэсць— дачок і сыноў любім у любым узросце. Любім такімі, якія яны ёсць. Дык чаму ў некаторых дарога да роднага парога такая доўгая, а сустрэча з маленькай радзімай і блізкімі людзьмі адкладваецца на потым? Яны імкнуцца знайсці на гэты конт розныя прычыны, будзённыя справы здаюцца ім больш значнымі і важнейшымі. Адно відавочна: не пашкадаваць бы потым аб гэтым.

Маці — самы дарагі чалавек. Так любіць, як яна, ніхто не зможа. Дык чаму іншы раз крыўдзім родных людзей, не наведваемся і не тэлефануем ім? У такія моманты яны не перастаюць любіць сваіх сыночкаў і дачушак, вельмі моцна ўнукаў, якія для іх самае важнае.

Мудрасць прыходзіць з гадамі. Як нярэдка бывае, пераадолеўшы жыццёвыя выпрабаванні і чамусьці навучыўшыся нават у тых, хто нас не любіў, становімся моцнымі духам і далей упэўнена крочым па жыцці. Мы ўдзячны людзям, якія падтрымалі нас у складанай сітуацыі.

Мы любім жыццё ва ўсіх яго фарбах. Удзячныя лёсу за тое, што распарадзіўся так, а не інакш. Атрымліваем вялікае задавальненне ад сустрэч з прыгожымі душой людзьмі. Сярод іх нямала прадстаўнікоў маладога і сталага ўзросту. Многія з іх займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю, шчыра працуюць, маюць свае захапленні, дораць нам радасць. Гэтае, відаць, патрабуецца і ад нас.

Маладосць і мудрасць — дзве ўзроставыя катэгорыі, якія звязаны паміж сабою. Маладое пакаленне праяўляе клопат пра ветэранаў вайны і працы. Для моладзі іх словы-наказ служаць пуцяводнай зоркай у жыцці.

Галіна СМАЛЯНКА

Добавить комментарий