В Кореличском районе получили льноволокно наивысшего номера 1,5 (фото+видео)

Лён любіць паклон. Так здаўна казалі на Беларусі. Безумоўна, сёння, калі ручная праца амаль не выкарыстоўваецца, а на змену ёй прыйшоў цэлы арсенал сучаснай тэхнікі, гэтая прыказка згубіла сваю актуальнасць. Тым не менш, для таго, каб вырасціць і сабраць добры ўраджай ільну, неабходна прыкласці шмат фізічных намаганняў і матэрыяльных сродкаў.

Лён – знакавая сельскагаспадарчая культура для Карэліччыны. Нездарма герб раёна ўпрыгожваюць сінія кветкі лёну, які яшчэ называюць не інакш, як паўночнае золата альбо паўночны шоўк. Таму і плошчы, якія адводзяцца пад пасеў ільну, значныя – 2130 га.

– Самастойным вырошчваннем ільну на Карэліччыне займаюцца два сельскагаспадарчыя прадпрыемствы: ДП “Чарняхоўскі-Агра” з сёлетняй плошчай пад культуру 120 га і ДП “Малюшычы”, дзе лён займае 80 га. Астатнія землі ААТ “Карэлічы-Лён” арандуе ў гаспадарак раёна, – расказвае намеснік дырэктара ААТ “Карэлічы-Лён” Фёдар Мікалаевіч Жук. – Увогуле, вырошчванне паўночнага золата – вельмі працаёмісты працэс. Ад пасяўной і да ўборачнай выконваецца не менш 10 відаў работ. І, трэба адзначыць, што на кожнай ступені гэтага тэхналагічнага ланцужка неспрыяльныя ўмовы надвор’я могуць сказацца на канчатковым выніку.

Менавіта так адбылося сёлета. Па словах Фёдара Жука, калі б не ліпеньская спякота і адсутнасць дажджоў, то аграрыі раёна маглі б пахваліцца рэкордным ураджаем ільну. Але, як кажуць, надвор’е непадуладнае чалавеку. Таму выдатныя вясеннія ўсходы паўночнага шоўку, якія былі адзначаны спецыялістамі льняной галіны падчас правядзення рэспубліканскай нарады на базе ААТ “Карэлічы-Лён” у маі бягучага года як адны з найлепшых у краіне, не далі чакаемага ўраджаю.

– Сёлета мы зрабілі ўсё для атрымання добрага ўраджаю: пасеялі ў неабходныя тэрміны да 1 мая, правялі поўную закладку мінеральных угнаенняў, да таго ж унеслі павялічаную норму сернакіслотнага цынку. Але надвор’е не дазволіла атрымаць жадаемага выніку, – адзначыў намеснік дырэктара ААТ “Карэлічы-Лён”. – Страцілі мы 493 га пасеваў, якія проста засушыла. Плошчы ДП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, дзе ў асноўным пясчаныя глебы, прыцярпелі ад спякоты ў большай ступені. На многіх іншых пасяўных плошчах мы таксама не змаглі атрымаць запланаванага ўраджаю. Таму на сённяшні дзень наша задача – дасягнуць паказчыкаў мінулага года.

Па дадзеных райсельгасхарчу, па стану на раніцу 10 верасня ў раёне ўбрана 1120 га лёну, засталося ўбраць 317 га. Нарыхтавана 3943 тоны льнотрасты ў фізічнай вазе. Сёлета карэліцкія аграрыі атрымалі найвышэйшую ўраджайнасць ільняной трасты ў вобласці — 32,7 ц/га пры сярэднеабласным паказчыку 22,0 ц/га. У абласной зводцы найлепш выглядае і сярэдні нумар нарыхтаванай у раёне льнотрасты — 0,89 пры 0,74 па вобласці.

Трэба адзначыць, што ўборачная кампанія лёну па сваёй працягласці значна адрозніваецца ад, напрыклад, жніва. Тут усё зразумела: паспела збожжа – яго абмалацілі. З паўночным жа золатам справа ідзе куды марудней.

– У гэтым годзе да цераблення лёну мехатрад прадпрыемства прыступіў 5 ліпеня. Спачатку ўбіралі найгоршыя ўчасткі, пацярпелыя ад засухі. Пасля цераблення лён у лентах ляжыць дзён 7-10 — адбываецца даспяванне насення. Толькі затым адбываецца працэс абчэсвання галовак лёну. Калі неабходна, насенне дасушваецца і адпраўляецца ў Навагрудскую міжраённую льнонасенстанцыю, – расказвае Фёдар Жук. – Сёлета мехатрад ААТ “Карэлічы-Лён” скончыў церабленне ўсіх плошчаў лёну 9 жніўня, пасля чаго ленты па меры неабходнасці некалькі разоў перагортваліся. Трэба адзначыць, што працэс цераблення мы наўмысна расцягвалі, каб ільнотраста на палях падыходзіла не адначасова, а ў пэўнай паслядоўнасці. Нарыхтоўка льняной трасты — і ёсць самы адказны перыяд уборачнай кампаніі.

Менавіта такі важны і адначасова заключны перыяд ільноўборкі давялося пабачыць асабістымі вачыма. А яшчэ пашанцавала трапіць на адно з лепшых палёў ва ўрочышчы Гектары ля аграгарадка Лукі, з якога, па словах галоўнага агранома ААТ “Карэлічы-Лён” Андрэя Мікалаевіча Комара, плануецца атрымаць ільновалакно высокага нумару – 1,5. Так яно будзе альбо не, даведацца атрымаецца крыху пазней, калі льнотраста трапіць на пункт прыёмкі ААТ “Карэлічы-Лён”. Да таго ж ва ўрочышчы Гектары ўжо сабраны найлепшы ўраджай ільнасемені.

– Наша асноўная задача – атрымаць неабходны колер валакна. Выключна шэры. Ідэальнымі ўмовамі для гэтага з’яўляюцца начныя тэмпературы паветра на ўзроўні 14-18 градусаў цяпла і дастатковае ўвільгатненне ў выглядзе расы і дажджу. А вось прасавацца льнотраста павінна абсалютна сухой. Толькі ў гэтым выпадку можна гарантаваць яе якасць, – расказвае Фёдар Жук. – Пасля ападкаў працэс прасавання прыпыняецца на некаторы час.

А пакуль надвор’е спрыяе аграрыям, работа ва ўрочышчы Гектары ідзе поўным ходам. Тут завіхаюцца 16 прэс-падборшчыкаў, 3 узбівальнікі, 7 адзінак на адвозцы льнотрасты. Усе працаўнікі, якія кіруюць той ці іншай тэхнікай, разумеюць, што ад хуткасці і якасці іх работы залежыць агульны вынік. Таму не хвіліны прастою, толькі наперад.

Можна лічыць, што справа выканана на выдатна, калі поўнасцю сухая льнотраста трапляе на пункт прыёмкі ААТ “Карэлічы-Лён”. Неўзабаве давялося пачуць больш чым прыемную навіну: ільновалакно з найлепшага поля каля аграгарадка Лукі атрымала такі доўгачаканы нумар 1,5 – найвышэйшую адзнаку якасці. Дарэчы, у мінулым годзе так і не атрымалася сабраць ураджай з такімі паказчыкамі.

– На гадзінніку 16.00, а мы ўжо прынялі каля 120 тон ільнотрасты, 70 з якіх маюць нумар 1,5, астатнія 50 тон – нумар 0,5. Працаваць аграрыі сёння будуць да позняга вечара, таму канчатковая лічба яшчэ павялічыцца, – дзеліцца начальнік участка па нарыхтоўках і перапрацоўках ААТ “Карэлічы-Лён” Лілія Іванаўна Чачотка, якая за 25 гадоў працы на прадпрыемстве можа расказаць усё аб якасці лёну. – Ведаеце, трымаць у руках вось такое льновалакно, якое адпавядае найвышэйшым паказчыкам, – адно задавальненне. Настрой адразу ўздымаецца. І неймаверныя сілы для працы з’яўляюцца.

Аксана ЯНУШ
Фота і відэа аўтара

Добавить комментарий