В пустующие и старые дома Кореличчины придет новая жизнь

Закінутыя і забытыя, непрыглядныя і небяспечныя… Калісьці ў гэтых дамах кіпела жыццё, былі чутны дзіцячыя галасы, ладкаваліся святы. Але час не стаіць на месцы. На парозе ўжо не сустракае гаспадыня, у вокнах не гарыць святло, бур’ян даўно захапіў прысядзібную тэрыторыю. Які далейшы лёс пустуючых дамоў? Ці з’явяцца ў іх новыя гаспадары? Вырашэнню гэтых пытанняў будзе спрыяць новы Указ № 357 “Аб пустуючых і старых дамах”, падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 4 верасня бягучага года.

? Якія дамы прызнаюць пустуючымі і старымі?

►► Пустуючымі – дамы, у якіх на працягу трох гадоў не пражывалі ні дня і чые ўладальнікі не прадаставілі ў мясцовы сельсавет апавяшчэнне аб намеры выкарыстоўваць будынкі.

►► Старымі – аварыйныя дамы, у якіх на працягу года не жывуць і не прымаюць ніякіх спробаў аднавіць альбо знесці будынак.

Для таго, каб прызнаць дом пустуючым ці старым, не менш, чым два разы ў год населеныя пункты наведае спецыяльная камісія, якая візуальна ацэніць стан будынкаў. Пашырыліся абавязкі міліцыянераў. Іх новая задача – апытаць суседзяў і ўстанавіць, калі апошні раз сюды прыязджалі нашчадкі. Як і раней, праваахоўнікі акажуць дапамогу ў далейшым пошуку ўладальнікаў дома.

? Знайшлі пустуючы – што далей?

Уладальніку альбо нашчадкам вышлюць апавяшчэнне, што дом хочуць прызнаць пустуючым. Калі той на працягу месяца не вышле зваротнае апавяшчэнне ў райвыканкам, у якім будзе сказана, што ён плануе пражываць у доме альбо адмовіцца ад яго, дом будзе ўключаны ў рэгістр пустуючых. А калі ўладальнік не будзе знойдзены, звесткі аб пустуючым будынку будуць апублікаваны ў сродках масавай інфармацыі і на сайце райвыканкама. Не менш чым праз два месяцы звесткі аб будынку павінны паступіць у суд, які прызнае дом і зямельны ўчастак уласнасцю адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі.

? Ці з’яўляецца праблема пустуючых дамоў актуальнай для Карэліччыны?

Колькі іх, такіх забытых радавых гнёздаў, якія сёння чакаюць свайго далейшага лёсу? За адказамі на гэтыя пытанні карэспандэнт газеты “Полымя” звярнуўся да старшыняў Красненскага, Ярэміцкага і Райцаўскага сельсаветаў.

– Па стану на 1 студзеня 2018 года на тэрыторыі Красненскага сельсавета налічваецца 33 пустуючыя дамы, – адзначыла старшыня Красненскага сельсавета Тамара Мікалаеўна Лейка. – Менавіта з імі мы сёння працуем: ад уладальнікаў 10 дамоў атрымалі зваротныя апавяшчэнні, што яны самі разбяруць будынкі, яшчэ 8 дамоў былі ўключаны ў рэгістр пустуючых. 10 кастрычніка адбудзецца суд, на якім вырашыцца лёс двух з іх. Сёння ідзе пошук уладальнікаў 5 дамоў. Вельмі цяжка знайсці тых людзей, якія пражываюць у Расіі альбо іншай краіне.

З пустуючымі і старымі дамамі на тэрыторыі Красненскага сельсавета вядзецца планамерная работа з 2012 года. З пачатку дзеяння Указа №70 “Аб мерах па ўпарадкаванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў з гаспадарчымі і іншымі прыбудовамі ў сельскай мясцовасці”было знесена 60 будынкаў.

– Плённа папрацавалі з пустуючымі дамамі ў першы год дзеяння Указа, калі было знесена 14 будынкаў і пахаваны іх фундаменты. Кожны наступны год гэтая лічба вагалася ў межах 9-11 адзінак, – дзеліцца Тамара Лейка. – Сёння мы яшчэ працуем па Указу №100 “Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці”. З прыняццем новага ўказа, на мой погляд, многія дамы набудуць другі шанс на жыццё. Я маю на ўвазе, прамы продаж альбо аўкцыён пустуючага будынка.

Блізкасць да г.п. Карэлічы – асноўная прычына, чаму ў вёсках Лясок і Заполле дамы з ахвотай купляюць пад дачы. У Бараціне, Востухаве таксама назіраецца хоць і невялікі, але дачны бум.

– Ведаеце, я заўсёды была супраць таго, каб знішчаліся чыісьці радавыя гнёзды. Ну калі ты не жывеш у доме сваіх бацькоў, прыедзь сюды і навядзі парадак, –
адзначае старшыня Красненскага сельсавета. – Некаторыя ўладальнікі абяцаюць добраўпарадкаваць тэрыторыю каля дома на працягу года-двух, але і носа не паказваюць. З імі мы размаўляем па-іншаму, больш жорстка: пішам папярэджанні, складаем пратаколы. Я супраць такіх мер, але па-іншаму дастукацца да сумлення не атрымліваецца.

Ярэміцкая зямля з прыцягальнасцю Нёмана і ягадна-грыбных лясоў прываблівае дачнікаў з Мінска.

– У вёсках Сіняўская Слабада і Зарэчча няма пустуючых дамоў, нягледзячы на тое, што цана трымаецца на ўзроўні 5-6 тысяч умоўных адзінак. Мінчане з ахвотай тут праводзяць лета. Але на зіму вёскі заціхаюць, – дзеліцца старшыня Ярэміцкага сельсавета Пётр Анатольевіч Навумовіч. – Лядкі таксама аблюбавалі гараджане, хоць ад Нёмана вёска знаходзіцца дастаткова далёка. Тут выкупляюць адразу па некалькі дамоў і ўтвараюць своеасаблівыя сямейныя гнёзды. Але такая станоўчая тэндэнцыя назіраецца не ва ўсіх населеных пунктах сельсавета. Напрыклад, пытанне з пустуючымі дамамі востра стаіць у Даўгінаве, дзе мы ўжо разабралі 6 дамоў, адзін з якіх у гэтым годзе. Сёлета таксама вырашыўся лёс дамоў у Баўцічах, Вялікай Вобрыне, Пагарэлцы, якія разабралі. Увогуле, на тэрыторыі сельсавета знаходзяцца прыкладна 50 пустуючых дамоў, па якіх мы не можам знайсці ўласнікаў.

Безумоўна, разабраць пустуючы дом не вельмі цяжка. Іншае пытанне: якім чынам даць участку, на якім ён стаяў, другое жыццё?

– Зямельныя ўчасткі, якія застаюцца пасля знясення дамоў, складаюць прыкладна 10-15 сотак. Уключыць іх у сельгасабарот не атрымаецца, будаваць новыя дамы ніхто не будзе, таму мы проста абкошваем тэрыторыю. Толькі ў Баўцічах у розных месцах засталіся 4-5 кавалкаў зямлі, – адзначае Пётр Навумовіч. – Але ўсё ж такі некаторыя ўчасткі ўдаецца далучыць да зямель гаспадаркі. Напрыклад, у Скорычах мы разабралі пустуючы дом, які стаяў на ўскрайку, каля поля, таму зямля сёння выкарыстоўваецца аграрыямі ДП “Царука”.

Рэкардсменам па плошчы, уключанай у сельгасабарот у гэтым годзе, з’яўляецца Райцаўскі сельсавет.

– У мінулым годзе за кошт сродкаў гаспадаркі ў вёсцы Шчонава разабралі 6 дамоў, якія стаялі наводдаль адзін ад аднаго. Таму вызваліўся 21 гектар зямлі. Сёлета гэты кавалак уключаны ў сельгасабарот СВК “Свіцязянка-2003”, на якім была пасеяна сумесь траў, – расказвае старшыня Райцаўскага сельсавета Валерый Фёдаравіч Бабко. – Другое жыццё дамам у вёсках Міратычы і Ятвезь надаюць жыхары г. Баранавічы, якія ахвотна купляюць сабе дачы, бо ўсяго ў некалькіх кіламетрах знаходзіцца возера Свіцязь. У аграгарадку Райца застаўся толькі адзін пустуючы дом, які 3 гады таму купіў карэліччанін, але за ўвесь гэты час яго гаспадарскай рукі мы так і не ўбачылі. У хуткім часе будзе суд, калі і вырашыцца яго далейшы лёс. Таксама ў аграгарадку было знесена 3 дамы, на месцы якіх за сродкі гаспадаркі было пабудавана новае жыллё.

Але, як кажуць, ідэальнага нічога не бывае, таму і на тэрыторыі Райцаўскага сельсавета ёсць пэўныя пытанні па некаторых дамах, якія знаходзяцца ў занядбанні.

– Сёлета мы разабралі 10 дамоў. У Скрышаве, Забердаве ёсць будынкі, да ўласнікаў якіх шмат прэтэнзій наконт добраўпарадкавання прысядзібных тэрыторый. Лёс хутара Галянова будзе вырашацца праз суд. Усе дакументы на сябе аформіла жыхарка г.п. Мір, але яна не даглядае ні будынак, ні тэрыторыю каля яго, – адзначае Валерый Бабко. – Прырода там выдатная, але стан дома і тэрыторыі такі, што без слёз не глянеш. Усё ж такі, будзем спадзявацца, што і кожны пустуючы дом зможа знайсці свайго гаспадара.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

Добавить комментарий