Антонина Овчинникова провела мастер-класс по флористике и поделилась секретами своих картин (фото)

“Зачараваны свет” – менавіта так называлася выстава-сустрэча Антаніны Аўчыннікавай, цудоўнага карэліцкага паэта і, як аказалася, вельмі таленавітай мастачкі. Сустрэча прайшла 17 кастрычніка ў Карэліцкім раённым краязнаўчым музеі, дзе сабрала ўсіх нераўнадушных да мастацтва людзей.

Напачатку мерапрыемства Антаніна Мікалаеўна распавяла пра гісторыю стварэння карцін з кветак і лісця, якая мае японскія карані і называецца ашыбана. Жанчына паказала розныя прыродныя матэрыялы і тое, што з іх можна зрабіць, – лес, неба, рэчку ці штосьці іншае. Трэба адзначыць, што праца гэта вельмі карпатлівая і патрабуе шмат уседлівасці і цярпення.

– У сучасны час жывапіс засушанымі раслінамі набыў сусветнае значэнне, і яго папулярнасць працягвае расці. Ва ўсім свеце праводзяцца шматлікія пленэры і выставы, а фларысты вынаходзяць усё новыя спосабы пісьма і засушвання раслін, – расказала мастачка.

На творчай сустрэчы прысутнічалі шматлікія госці, сярод якіх была і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама, старшыня РА ГА “БСЖ” Іна Міхайлаўна Санчук.

– Карціны Антаніны Мікалаеўны – гэта нешта незвычайнае. Калі я гляджу на іх, то быццам акунаюся ў гэтую прыроду, у гэтую неверагодную гармонію. Вельмі хацелася б пажадаць вам доўгіх гадоў жыцця, невычэрпнай энергіі і ўсяго самага найлепшага. Шчыры дзякуй вам за тое, што вы ёсць, – сказала Іна Міхайлаўна.

Сама сустрэча нібы нагадвала вячоркі, дзе ўсе прысутныя былі на роўных і адпачывалі душой. Акрамя аўтарскіх вершаў, можна было пачуць і песні ад гасцей мерапрыемства. Так, напрыклад, пасля расповеду Антаніны Мікалаеўны пра бацькоўскі дом і малую радзіму, прыгожую песню пра маці выканала Таісія Мікалаеўна Мухіна, чым расчуліла амаль усіх прысутных…

Добрыя словы ў адрас мастачкі працягваліся. Выказаць сваё захапленне прыйшоў і настаяцель храма Святой вялікапакутніцы Варвары Аляксей Шышкір.

– Гледзячы на такую прыгажосць, я думаю аб тым, наколькі трэба мець глыбокую душу, каб стварыць нешта падобнае… Я ад усёй душы жадаю Вам не спыняцца на дасягнутым і працягваць развівацца, бо такі талент павінен жыць і радаваць сябе і іншых.

Дарэчы, за ўсё жыццё Антаніна Аўчыннікава стварыла амаль 300 карцін, але далёка не ўсе яны зараз захоўваюцца ў жанчыны.

– Можна сказаць, што мае карціны вандруюць па свеце, бо некаторыя з іх знаходзяцца зараз у Мінску, Брэсце, Баранавічах і іншых гарадах. Ведаеце, мне вельмі радасна ад таго, што гэтая прыгажосць робіць шчасліваю не толькі мяне, але і іншых, – з усмешкай на твары дадала Антаніна Мікалаеўна.

Скончылася сустрэча віншаваннямі і цёплымі словамі ў адрас мастачкі, якая, нібы тыя карціны, адорвала ўсіх і кожнага сваёй шчырай, непадробнай прыгажосцю.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

?? ФОТАГАЛЕРЭЯ ??

 

Добавить комментарий