Герой Социалистического Труда Татьяна Орда знает секрет счастливой жизни

Імя Героя Сацыялістычнай Працы Таццяны Рыгораўны Арда з г. п. Карэлічы добра вядома не толькі жыхарам нашага раёна, але далёка за яго межамі. Пра сумленную працаўніцу не аднойчы пісалі ў сродках масавай інфармацыі. Яе жыццё было і застаецца прыкладам для маладога пакалення — у ім шмат змястоўнага і павучальнага. Напярэдадні важнай падзеі — 100-годдзя УЛКСМ — журналісты раённай газеты «Полымя» завіталі да ветэрана працы і папрасілі падзяліцца ўспамінамі і меркаваннямі.

— Таццяна Рыгораўна, згадзіцеся, што вялікі сэнс закладзены ў народнай прымаўцы: «Жыццё пражыць — не поле перайсці». Якім яно было ў Вас?

— Поўным, змястоўным, цікавым. Нарадзілася ў вёсцы Горная Рута Карэліцкага раёна. Спачатку працавала на ферме Дольная Рута калгаса імя Чапаева, затым паляводам. Дваццаць гадоў адпрацавала ў саўгасе «Карэлічы» даяркай. Закончыла Ваўкавыскі зоатэхнічны тэхнікум, была памочнікам брыгадзіра і брыгадзірам на ферме «Людвікі» племзавода «Карэлічы» — з 1959 па 2000 год. У 1966 годзе прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

— Магчыма, Вам удасцца нагадаць адну з самых найцікавейшых падзей ці сустрэч з жыцця?

— Іх даволі шмат. Да прыкладу, была дэлегатам ХХІV з’езда КПСС у Маскве. Вялікі горад і шмат новых уражанняў, прамовы на форуме і грандыёзныя задачы, якія ставіліся перад яго ўдзельнікамі… Другі раз у Маскву наведалася на выставу ВДНГ у ліку дэлегатаў ад Беларусі. Даярка Тамара Уладзіміраўна Чубрык вазіла кароў. Ёй таксама было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы.

— Сапраўды, людзі старэйшага пакалення вельмі шмат працавалі. Праца была сэнсам жыцця. А ці застаўся ў Вас час на адпачынак?

— Я заўсёды адчувала падтрымку родных і блізкіх людзей у жыцці: свекрыві, свёкра, мужа, дзяцей. Яны — апора і падтрымка. Што да вольнага часу, то ў гады маладосці яго не хапала, але шкадавання не было. Ніколі не скардзілася. Усяго хапала заўсёды ўдосталь, трымалі сваю асабістую гаспадарку.

— Вам дастаткова ўвагі і клопату? Хто наведвае Вас, як славутага чалавека раёна?

— У мяне частымі гасцямі бываюць прадстаўнікі мясцовай улады. Яны не толькі наведваюцца да мяне, а прапануюць прыняць удзел у розных мерапрыемствах. Вось, да прыкладу, запрашалі на абласныя «Дажынкі» ў Іўе, але адмовілася: няблізка ды ў сталым узросце патрэбна ўвага. А вось на прапанову наведаць сучасную ферму ў СВК «Свіцязянка-2003» дала згоду і не пашкадавала: вось дзе сапраўдная фабрыка! Старшыня Уладзімір Арсенцьевіч Галавач пазнаёміў са сваёй гаспадаркай. Было цікава ўбачыць, як робаты дояць кароў. Радасць перапаўняла сэрца: гэта ж у нас, на Карэліччыне, і абслугоўваюць тэхніку нашы землякі.

— Кажуць: “Маладосць не купіш, а старасць не прадасі”. Што Вы скажаце на гэта?

— Я ўсё-такі аддаю перавагу маладосці. Як ні кажыце, маладосць — цудоўны час: не адчуваеш стомленасці, працуеш не пакладаючы рук, можаш кахаць і быць каханым, ставіць мэты і дасягаць іх… Адно заўважу на гэта: маладых трэба падтрымліваць на справе і добрым словам. У сваю чаргу таксама патрэбна, каб яны стараліся ў жыцці быць актыўнымі, адказнымі, працавітымі, бо інакш жыццё не будзе мець сэнсу. Пажылы ўзрост прынята называць залатым. Мне ў гэтым плане пашанцавала: я акружана ўвагай дачок Галіны і Жанны, таму старасць мне ў радасць. Ганаруся сваімі 4 унукамі і 4 праўнукамі.

— Якімі памкненнямі сёння жыве Герой Сацыялістычнай Працы? Чым напоўнены будні?

— Адпачываю душой, жыву цёплымі ўспамінамі пра мінулае, радуюся сённяшняму дню. Гляджу па тэлебачанні цікавыя перадачы і кінафільмы. Чакаю сустрэчы з роднымі, знаёмымі, землякамі, і гэтым я шчаслівая.

— Таццяна Рыгораўна, што б Вы пажадалі юнакам і дзяўчатам раёна з нагоды іх свята?

— Быць больш уважлівымі да сябе. Калі будзеш сур’ёзна і адказна адносіцца да сябе, выпрацоўваць і захоўваць добрыя рысы характару, то такім будзеш і ў адносінах да іншых. Ніколі не трэба ўзвышацца над людзьмі, не крыўдзіць іх, не задзіраць нос, а старацца быць справядлівым, шчырым, чулым. Заўсёды памятаць пра тое, што промні, якія ты вылучаеш, вернуцца да цябе.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Вікторыі КАСЦЮК і з асабістага архіва Таццяны АРДА

Добавить комментарий