К 100-летию ВЛКСМ. Сергей Волынец и Геннадий Крупко поделились комсомольскими воспоминаниями о 1970 – 1990-х годах на Кореличчине

Камсамольская арганізацыя калгаса імя Жалезняковіча (зараз СВК «Жухавічы») 70-90-х гадоў дваццатага стагоддзя лічылася адной з буйнейшых у вобласці і вызначалася добрымі справамі. Пры сустрэчы з былымі сакратарамі камсамольскай арганізацыі, а цяпер настаўнікамі Жухавіцкай сярэдняй школы Сяргеем Валынцом і Генадзем Крупко журналіст раённай газеты «Полымя» папрасіла падзяліцца сваімі ўспамінамі.

— Камсамольская арганізацыя калгаса імя Жалезняковіча была адной з буйнейшых у вобласці. У чым асноўны сакрэт поспеху?

В. С.: «Бадай, асноўным сакрэтам поспеху было тое, што старшынёй калгаса імя Жалезняковіча з’яўляўся Аляксандр Аляксандравіч Багушэвіч, былы першы сакратар Карэліцкага райкама камсамола. У гаспадарцы паспяхова вырашаліся пытанні жыллёвага будаўніцтва, маладым сем’ям уручаліся ключы ад новых кватэр. Шмат увагі ўдзялялася замацаванню дзяўчат на сяле. З гэтай мэтай былі адкрыты цяплічная гаспадарка, цэх пластмасавых вырабаў, сумеснае прадпрыемства з парфюмернай фабрыкай «Новая зара» г. Масква.

К. Г.: «Хочацца дадаць, што вялікая ўвага ўдзялялася і правядзенню сацыялістычнага спаборніцтва сярод моладзі на сельскагаспадарчых работах, развіццю спорту, арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў».

— Якія падзеі таго часу найчасцей успамінаюцца?

В. С.: «Арганізоўвалі паездкі на алімпійскія гульні ў г. Мінск, першынствы рэспублікі па футболе добраахвотнага спартыўнага таварыства «Ураджай», удзельнічалі ў рэспубліканскім конкурсе народных хораў, камсамольскіх суботніках. Цікава праводзіліся святы «Дажынкі» і «Зажынкі» з удзелам сталічных артыстаў і спартсменаў. У калгасе арганізоўваўся турнір па валейболе памяці Паўла Арсенцьевіча Жалезняковіча, на адным з іх прызы ўручаў сын Віктар».

К. Г.: «Сярод маладых працаўнікоў арганізоўваліся сацспаборніцтвы. За пяць гадоў маёй працы пяць чалавек атрымалі імянныя аўтамабілі — пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў: Васілій Камера (два разы), Анатолій Зарубайка, Дзмітрый Жухаўцоў, Іван Кароль».

— Жухавіцкая зямля багатая на шчырых і працавітых людзей. Што вызначала моладзь у вашы часы?

В.С.: «У першую чаргу любоў да працы. Да прыкладу, Зінаіда Кандрацьева была ўзнагароджана імянным трактарам на адным са з’ездаў камсамола, высокай дзяржаўнай узнагароды быў удастоены механізатар Уладзімір Драткоўскі, а загадчык участка Генадзій Каласоўскі быў дэлегатам аднаго са з’ездаў камсамола. Многія працаўнікі былі гонарам — услаўлялі працай родную гаспадарку».

К. Г.: «Праца, спорт, адпачынак ішлі побач. Пастаяннымі ўдзельнікамі абласных і рэспубліканскіх «Дажынак» былі Сяргей Богуш, Алег Ясевіч, Сяргей Зарубайка, Анатолій Зарубайка, Валерый Грамыка. Наш хор выступаў у вобласці і рэспубліцы, сярод яго ўдзельнікаў было шмат моладзі. Для ўдзельнікаў школьных вучэбна-вытворчых брыгад былі арганізаваны паездкі ў Кіеў і Ленінград. Камсамольцы абаранялі гонар раёна на абласных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах, прымалі ўдзел у турыстычных злётах».

— Вы прадаўжаеце працаваць з моладдзю. Што радніць і адрознівае сённяшніх і ўчарашніх юнакоў і дзяўчат?

В. С.: «Сённяшнюю моладзь больш цікавіць матэрыяльная частка жыцця. Для нас было галоўным патрыятычнае выхаванне і гуманныя адносіны да людзей, — павага да старэйшага пакалення».

К. Г.: «Зараз моладзь больш актыўная, знаёма з новымі тэхналогіямі. У нас гэтага не было. Было больш жывых зносінаў, людзі пісалі адзін аднаму пісьмы і паштоўкі. Зараз не хапае дабрыні, сяброўства, узаемаразумення».

— Што даў Вам камсамол?

В. С.: «Упэўненасць у сабе, пачуццё калектывізму, творчыя адносіны да справы, жаданне прыносіць карысць людзям і грамадству».

К. Г.: «Убачыць жыццё ва ўсіх яго фарбах, дзе сам з’яўляўся ўдзельнікам цікавых падзей. Разам з тым адчуваў гонар, што ўкладваў цаглінку ў будаўніцтва агульнага дома».

Падрыхтавала Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіваў С. ВАЛЫНЦА і Г. КРУПКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.