Комиссия по содействию занятости населения помогла с трудоустройством жителям Красненского, Малюшичского и Жуховичского сельсоветов

На мінулым тыдні чарговае пасяджэнне камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва прайшло ў будынку Карэліцкага райвыканкама ў пашыраным складзе. Акрамя членаў камісіі, на ім прысутнічалі кансультант аддзела рынка працы ўпраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Таццяна Яўгеньеўна Віткоўская, а таксама старшыні Красненскага, Малюшыцкага і Жухавіцкага сельвыканкамаў.

– Работа па садзейнічанні занятасці насельніцтва заўсёды была ў полі зроку ўсіх органаў улады, суб’ектаў прафілактыкі, грамадскіх аб’яднанняў, – распачаў пасяджэнне старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў. – Калі чалавек працуе, ён карысны сваёй сям’і, грамадству ў цэлым. Таму мы павінны зрабіць усё магчымае, каб тыя людзі, якія сапраўды ў гэтым зацікаўлены, мелі магчымасць кожную раніцу ісці на працу.

Хто, як ні старшыні сельвыканкамаў, якія ведаюць жыццё і праблемы кожнага жыхара на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, змогуць выявіць тую катэгорыю грамадзян, якая не мае пастаяннага афіцыйнага месца працы. Менавіта таму адным з асноўных пытанняў, якое было вынесена на павестку пасяджэння, стаў аналіз работы сельвыканкамаў па выяўленні і фарміраванні спісаў не занятых у эканоміцы грамадзян.

– У пачатку года мы фарміруем базу дадзеных непрацуючых грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета. На сённяшні дзень на нашым асабістым кантролі знаходзяцца 56 чалавек, не занятых у эканоміцы. Аднак у базу дадзеных занесены толькі трое грамадзян, якія ўжо на працягу больш 20 гадоў нідзе не працуюць і не выказваюць ніякага жадання працаўладкавацца, – адзначыла старшыня Красненскага сельвыканкама Тамара Мікалаеўна Лейка. – У астатніх непрацуючых грамадзян ёсць прысядзібныя ўчасткі, на якіх яны вырошчваюць сельскагаспадарчую прадукцыю.

➯ Адным з першых, хто выказаў жаданне працаўладкавацца, стаў Дзмітрый Віктаравіч з аграгарадка Краснае. Мужчына мае запатрабаваную на сённяшні дзень спецыяльнасць электарагазазваршчыка, аднак працаваць па ёй не хоча. Члены камісіі прапанавалі саіскальніку вакантную пасаду аператара трасільнай машыны на ААТ “Карэлічы-Лён”, якая яго зацікавіла.

– Па стану на 1 жніўня бягучага года на тэрыторыі Малюшыцкага сельсавета пражывае 31 непрацуючы грамадзянін, 5 з якіх ужо працаўладкаваны. 17 чалавек маюць прысядзібныя ўчасткі, – расказаў старшыня Малюшыцкага сельвыканкама Віктар Аркадзьевіч Дзірвук. – 9 грамадзян не маюць падсобнай гаспадаркі і не працуюць. Да кожнага з іх даведзены нормы Дэкрэта №3 «Аб садзейнічанні занятасці насельніцтва».

➯ Яшчэ адным саіскальнікам з такой жа запатрабаванай спецыяльнасцю электрагазазваршчыка стаў жыхар Малюшыцкага сельсавета, які апошнія пяць гадоў нідзе не працуе. Праблемная сітуацыя мужчыны заключаецца ў тым, што падчас пажару яго пашпарт і дыплом аб адукацыі згарэлі. Але члены камісіі запэўнілі, што дакументы можна аднавіць, пасля чаго саіскальніку неабходна будзе звярнуцца ў службу занятасці для далейшага працаўладкавання.

Апошнім пра выкананне нормаў Дэкрэта №3 на тэрыторыі Жухавіцкага сельсавета расказаў яго старшыня Аляксандр Уладзіміравіч Івашка.

– Па дадзеных на 1 жніўня на тэрыторыі нашага сельсавета пражываюць 26 чалавек, не занятых у эканоміцы. За няпоўныя два месяцы чацвёра з іх былі працаўладкаваны. Але ёсць і тая катэгорыя грамадзян, якая не ўяўляе сабе, што значыць кожны дзень хадзіць на працу. Вельмі крыўдна, што некаторыя з іх дастаткова маладога ўзросту, але вядуць асацыяльны лад жыцця.

У сувязі з гэтым адно з чарговых выязных пасяджэнняў камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва было вырашана правесці на тэрыторыі Жухавіцкага сельсавета, на якое, акрамя непрацуючых грамадзян, будуць запрошаны тыя, хто мае запазычанасць за камунальныя паслугі, газ альбо святло. Пільная ўвага таксама будзе звернута на тых, хто можа неўзабаве адправіцца ў лячэбна-працоўны прафілакторый.

– Работа членаў камісіі па садзейнічанні занятасці насельніцтва праходзіць на высокім узроўні. Усе пастаўленыя задачы выконваюцца, відавочна работа камісіі на перспектыву, нормы Дэкрэта №3 у поўнай ступені даводзяцца да адпаведнай катэгорыі грамадзян, – падвяла вынік пасяджэння Таццяна Віткоўская. – Галоўнае – і надалей працаваць зладжана і эфектыўна.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

Добавить комментарий