Кореличчане поделились секретами интересной и активной жизни на пенсии (+видео)

Многія лічаць, што на пенсіі жыцця няма. Быццам усё самае цікавае ўжо даўным-даўно прайшло, а ствараць новыя ўспаміны няма ні сіл, ні здароўя. Нібыта бабулям і дзядулям застаецца толькі грэцца ля каміну і чакаць унукаў, якія наносяць раз у месяц свае візіты. Але хто сказаў, што гэта правіла, а не выключэнне? Нашыя сённяшнія героі – яскравы прыклад таго, што нават у залатым узросце можна знайсці тое, што зробіць цябе на дваццаць год маладзейшым, а галоўнае – натхнёным і шчаслівым.

??? Людміла і Мікалай Друцька – неверагодна творчая сям’я, якая, нягледзячы на свой узрост, займаецца тым, што прыносіць невыказную радасць і задавальненне. Аддушына 69-гадовай Людмілы Мікалаеўны – вышыўка. Яшчэ дзяўчынкай ствараць дзівосныя ўзоры яе навучыла матуля, а зараз жанчына сама можа навучыць каго заўгодна, бо, гледзячы на яе шэдэўры, здзіўляешся, наколькі прафесійна і якасна ўсё зроблена. Вядома, здароўе з часам пакідае жадаць лепшага, але для сапраўднага творцы гэта не перашкода. Людміла Мікалаеўна вышывае тое, што бачыць. Шматлікія кветкі, жывёлы – усё быццам ажывае ў сталых, але працавітых руках… Дарэчы, аўтар пакідае сабе далёка не ўсё – многія вышыўкі адправіліся “вандраваць” у Еўропу – настолькі даспадобы яны прыйшліся родным і блізкім жанчыны.

Несумненна, вышыўка – праца доўгая і скрупулёзная, але той спакой, які адчуваеш падчас працэсу, можа не толькі прыўзняць настрой, але і ўзбадзёрыць таго, хто знаходзіцца побач.

А побач – верны сябар і муж, які на працягу ўсяго жыцця не ўяўляе сябе без музыкі, а асабліва – без баяна. Мікалай Канстанцінавіч кіруе гуртком у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, які мае назву “Музычная шкатулка”. Да яго прыходзяць усе, хто любіць спяваць і весела бавіць свой час, якога на пенсіі – хоць адбаўляй. Але навучыцца іграць на баяне – справа няпростая, таму найперш быў губны гармонік, які ў дзяцінстве хлопчыку падараваў бацька. А вось баян, які прыйшоў у жыццё таленавітага мужчыны крыху пазней, ужо на працягу многіх год прымушае спяваць не толькі голасам, але і сэрцам.

??? А вось для Антаніны Мікалаеўны Аўчыннікавай няма лепшага занятку, чым стварэнне карцін. Прытым робіць яна гэта не звычайнымі фарбамі, а з дапамогай прыродных матэрыялаў. Шматлікія кветкі, кукуруза, бяроста – чаго толькі не ўбачыш у складзе яе неверагодных работ! Карпатлівая праца хоць і забірае шмат часу, але ўзамен дорыць значна больш… Жанчына прызнаецца, што перад тым, як сарваць расліны, яна з імі размаўляе, імкнецца знайсці сувязь… Карціны Антаніны Мікалаеўны здзіўляюць не толькі сваёй прыгажосцю, але і дэталямі, гледзячы на якія, заўважаеш нешта сваё, да болю роднае і знаёмае. Дарэчы, спыняцца на гэтым жанчына не збіраецца. З захапленнем у вачах яна расказвае, што хоча паспрабаваць іншыя тэхнікі і віды мастацтва, якія, несумненна, выклічуць яшчэ больш задавальнення.

??? Калі многія знаходзяць сябе ў творчасці, то Галіна Мікалаеўна Комар вырашыла заняцца сваім здароўем. Маці пецярых дзяцей і бабуля дзевяці ўнукаў ведае, што зрабіць, каб пенсія стала не прысудам, а новай магчымасцю. Два разы на тыдзень жанчына выходзіць на стадыён і… проста ходзіць. А калі больш дакладна, то займаецца скандынаўскай хадой. Гурток “Рытм”, які працуе на базе Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дапамагае жанчынам адчуць свой арганізм, а разам з тым – і ўнутраную гармонію. Для таго, каб пачаць займацца, спецыяльных навыкаў не трэба. Кожны ходзіць так, як можа. Падчас заняткаў няма мэты кагосьці абагнаць ці паставіць новы хуткасны рэкорд. Галоўнае – сам працэс, які станоўча ўплывае на агульны стан чалавечага арганізма. Галіна Мікалаеўна расказвае, што наведванне гуртка дапамае не толькі целу, але і душы: тут можна пагаварыць і падзяліцца сваімі меркаваннямі, паспяваць і нават адправіцца ў вандроўку.

Калі ўзроставы рубеж ужо пачынае нагадваць аб сабе, вельмі важна крочыць наперад і не спыняцца, бо жыццё – гэта пастаянны рух, а не ляжанне на канапе. А пенсія, якая прыйшла так раптоўна і нечакана, можа паслужыць выдатнай магчымасцю заняцца тым, аб чым марылася, але на што не хапала часу. Спевы, фларыстыка ці скандынаўская хада – няважна. Галоўнае, каб чалавек адчуваў кожнае імгненне свайго жыцця, якое будзе напоўнена яскравымі падзеямі, усмешкамі і шчырай верай у заўтрашні дзень.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара
Відэа Лізаветы МУЦІЛОВІЧ

Добавить комментарий