Кореличское трио «Красуні-Band» сняли видеоролик на песню, получившую Гран-при фестиваля в Красногорске (+видео)

Трыа «Красуні-Band» прывезла з расійскага Краснагорска ў Карэлічы Гран-пры 17-га міжнароднага маладзёжнага фестывалю сярод гарадоў-пабрацімаў «Новы свет».

Дзявочы гурт у складзе чароўных прадстаўніц Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Анастасіі Мурашка, Рыты Яроцкай і Карыны Ячнік прадставіў на творчым форуме арыгінальны запальны нумар, дзе сышліся спевы і танцы, этніка і сучаснае гучанне і нават англійская і беларуская мовы. Не дзіўна, што кампазіцыя ў такім незвычайным «міжнародным» фармаце была горача сустрэта гледачамі і ўдзельнікамі фестывалю з Расіі, Латвіі і Германіі.

Творчае падарожжа ў Краснагорск запомнілася нашым дзяўчатам не толькі авацыямі і ўзнагародамі, але і насычанай культурнай праграмай, прыемнымі знаёмствамі і незабыўным вопытам. Тым больш для Рыты і Карыны паездка на фестываль «Новы свет» была першай, у адрозненне ад Анастасіі, для якой выступленне ў Краснагорску стала ўжо другім па ліку. У мінулым годзе спявачка разам са сваім калегам Аляксандрам Чарапанавым заняла тут першае месца ў намінацыі «Эстрадная песня».

Гучны поспех на творчым форуме афіцыйна адкрыў музычную гісторыю карэліцкага дзявочага трыа «Красуні-Band». З’явілася і назва, і мары аб новых конкурсах, і крэатыўныя думкі наконт рэпертуара. Да таго ж, дзяўчаты знайшлі баланс у творчым суіснаванні і ўдала дапаўняюць адна другую, а ў прафесійным росце маладому калектыву дапамагаюць калегі Сняжана Абрамчык і Аляксандр Чарапанаў.

З такой камандай і аптымістычным настроем гурт карэліцкіх прыгажунь яшчэ не раз здзівіць і парадуе гледачоў.

🎼 Даведка «Полымя» 🎶

У 2002 годзе Карэліцкім райвыканкамам заключана доўгатэрміновае пагадненне з горадам Краснагорскам Маскоўскай вобласці, якое прадугледжвае ўмацаванне супрацоўніцтва ў галінах адукацыі, культуры і спорту. За гады супрацоўніцтва з горадам-пабрацімам створана надзейная сістэма ўзаемаадносін, якая ўключае ў сябе культурны абмен дэлегацыямі, эканамічны дыялог і чалавечае сяброўства. Напрыклад, у Карэлічах адбываецца Міжнародны фестываль «Сяброўства без межаў», у якім прымае ўдзел творчая моладзь не толькі з розных куткоў Беларусі, але і таленты з Краснагорска. Ужо 16 гадоў запар дэлегацыя Карэліцкага раёна прымае ўдзел у Краснагорскім міжнародным фестывалі творчасці моладзі параднёных гарадоў «Новы свет» і кожны раз прывозіць прызавыя дыпломы. Акрамя таго, існуе традыцыя летняга абмену дзіцячымі дэлегацыямі, калі юныя краснагорцы прыязджаюць адпачыць у дзіцячы аздараўленчы лагер «Вясёлка», а нашы рабяты едуць у Краснагорск.

🎼Шчырая відэаразмова з трыа «Красуні-Band»:
«Алімпійскі, чакай нас!» 🎶

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і з «Красногорских вестей»
Відэа Лізаветы МУЦІЛОВІЧ

Добавить комментарий