На Кореличчине поздравили самых творческих жителей района с Днем работников культуры и впервые вручили премию «Kultkor» (фото+видео)

11 кастрычніка феерычна і прыгожа Карэліччына адзначыла Дзень работнікаў культуры. У чацвер фанфары і авацыі гучалі для тых, хто нашы будні ператварае ў святы. Работнікі культуры прымалі не толькі віншаванні і словы падзякі, але і заслужаныя ўзнагароды з рук кіраўніцтва раёна.

🎶 Старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў адзначыў вернасць і незгасальны запал галоўных герояў свята, якія кожны дзень дораць свае сэрцы іншым людзям, робяць іх больш шчаслівымі. Місія гэтая няпростая, але ў карэліцкіх работнікаў культуры ўсё атрымоўваецца выдатна. Такая самаадданая праца, адзначыў Аляксандр Віктаравіч, вітаецца і адзначаецца на самым высокім узроўні: Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта сёлета ўзнагароджаны дырэктар Жухавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрый Генадзьевіч Малышчык, а Падзячнымі пісьмамі старшыні райвыканкама — мастацкі кіраўнік аддзела культуры і дасуга «Жухавіцкі Дом культуры» Кацярына Аляксандраўна Жамойда і бібліятэкар Аюцавіцкай сельскай бібліятэкі Наталля Іванаўна Гаркавая.

🎶 Асаблівыя словы ў адрас калег прагучалі ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іны Міхайлаўны Санчук: «Сёння свята ў людзей незвычайнай прафесіі, якія бескарысліва і шчодра дзеляцца з жыхарамі і гасцямі нашай зямлі сваім талентам, цяплом, любоўю і душой, дапамагаюць захоўваць унікальнасць нацыі і спадчыну нашага народа. І так можна сказаць у адносінах да любога работніка культуры Карэліччыны. У нас столькі выдатных артыстаў, творцаў і майстроў, а пра карэліцкія святы і перамогі вядома далёка за межамі раёна! Жадаю вам працягваць удалыя творчыя пошукі і не страчваць натхнення і аптымізму!»

Такая высокая адзнака працы культработнікаў была пацверджана ўзнагародамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі: Ганаровыя граматы атрымалі дырэктар Карэліцкай раённай бібліятэкі Лілія Канстанцінаўна Арцюх, мастацкі кіраўнік аддзела культуры і дасуга «Лукскі Дом культуры» Іна Аляксандраўна Башко, настаўнік па класе домра Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Марыя Уладзіміраўна Бажко, а Падзячныя пісьмы — бібліятэкар Карэліцкай раённай бібліятэкі Ларыса Уладзіміраўна Кузьміч, метадыст аддзела метадычнай работы Карэліцкага РЦКіНТ Анастасія Пятроўна Мурашка і настаўнік дэкаратыўна-прыкладнога аддзялення Жухавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Пятроўна Звонка. Чароўным момантам урачыстасці стала ўручэнне ад аддзела Ганаровай граматы і спецыяльнага дыплома ў намінацыі «Прарыў года» рэжысёру Карэліцкага РЦКіНТ Міхаілу Пятровічу Башко. Гучныя апладысменты і спецыяльны дыплом у намінацыі «Вялікая перамога маленькай зоркі» чакалі і яго вучаніцу Ганну Кузьміч.

🎼 Шыкоўным працягам святочнага канцэрта і грандыёзнай прэм’ерай творчага года стала першая прэмія культуры Карэліцкага раёна «Kultkor-2018».

Першымі віншаванні тут прымалі клубныя ўстановы культуры.

🥇 У намінацыі «Брэнд года» перамогу святкаваў аддзел культуры і дасуга «Ярэміцкі Дом культуры» з фестывалем «Ярома з Яроміхай запрашаюць». Намінацыя «Культурная карыда» стала шчаслівым білетам для аддзела культуры і дасуга «Жухавіцкі Дом культуры», а іх калегі з Райцаўскага сельскага клуба ўзялі галоўны прыз у намінацыі «Сектар+».

🥇 Спецыяльныя дыпломы прэміі «Kultkor-2018» таксама ўручаліся згодна яркім і нечаканым намінацыям. Лепшымі «Культлайферамі» (людзьмі, якія не бачаць сваё жыццё без культуры і мастацтва) сталі супрацоўнікі Маладзёжнага цэнтра культуры, «Майстрамі года» — творцы аддзела рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага Дома рамёстваў, «Культурнымі ЗаЎсёднікамі» — вясёлы калектыў аддзела культуры і дасуга «Цырынскі Дом культуры», а «Тытанамі культуры» — дружная і зорная каманда Карэліцкага РЦКіНТ.

🥇 Наступнымі прэмію «Kultkor-2018» атрымалі бібліятэкары. Намінацыя «Цяпло ачага культуры» стала пераможнай для бібліятэкара Цырынскай сельскай бібліятэкі Зінаіды Аляксандраўны Наумовіч. Хвіліна славы ў намінацыі «За вернасць традыцыям бібліятэчнай прафесіі» чакала бібліятэкара Варанчанскай сельскай бібліятэкі Ліну Валянцінаўну Буячынскую, а «За прафесіяналізм і кампетэнтнасць» — метадыста Карэліцкай раённай бібліятэкі Наталлю Уладзіміраўну Казарэз.

🥇 Заветныя статуэткі прэміі «Kultkor-2018» былі ўручаны і лепшым прадстаўнікам школ мастацтваў раёна. Перамога ў намінацыі «За бязмежную любоў да прыгожага» стала вялікім і заслужаным падарункам для Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў.

🥇 Адзначылі на «Kultkor-2018» і верных сяброў. «Лепшымі сацыяльнымі партнёрамі» названы старшыня СВК «Маяк-Заполле» Віктар Віктаравіч Маковік, старшыня СВК «Жухавічы» Дзмітрый Дзмітрыевіч Янкоўскі і старшыня СВК «Свіцязянка-2003» Уладзімір Арсенцьевіч Галавач.

🥇 Таксама шчыра віталі на цырымоніі «Kultkor-2018» майстроў народнай творчасці: Веру Яўгеньеўну Салдатаву, Таццяну Аляксандраўну Купрас, Наталлю Анатольеўну Манкевіч, Таццяну Міхайлаўну Маклюк і Людмілу Вячаславаўну Хвясько.

Варта адзначыць, што ў цырымоніі ўзнагароджання прэміі «Kultkor-2018» актыўны ўдзел прынялі ўсе ганаровыя госці свята, кожны з якіх знайшоў вартыя словы для работнікаў культуры.

🎶 Напрыклад, жыццё галоўнага спецыяліста раённага Савета дэпутатаў Вольгі Віктараўны Куляка пэўны час было звязана з культурай, таму людзі гэтай сферы, прызналася выступоўца, займаюць асаблівае месца ў яе сэрцы і з’яўляюцца крыніцай натхнення, прыгажосці і духоўнага багацця.

🎶 Намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык таксама быў шчодры на кампліменты галоўным героям свята: «Кожная эпоха ў сферы культуры нашага раёна несла пэўны вобраз, мела свой твар. Сучасны воблік культуры Карэліччыны вызначаюць таленавітыя людзі, маштабныя брэндавыя мерапрыемствы і знакавыя творчыя эксперыменты. І хочацца пажадаць, каб такіх творцаў, а таксама іх дасягненняў і перамог было як мага больш!»

🎶 Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна Інеса Мікалаеўна Семібратава выказала ўпэўненасць, што так і будзе, бо ў нашай культуры працуюць неабыякавыя, адухоўленыя і адораныя людзі з вялікімі сэрцамі і светлымі памкненнямі.

🎶 Старшыня Карэліцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў Лідзія Мікалаеўна Шэўка звярнула ўвагу на высакароднасць і высокую каштоўнасць прафесіі работнікаў культуры, бо яе прадстаўнікі абараняюць духоўнасць нашага народа.

Наогул, слаўная гісторыя культуры Карэліцкага раёна, зазначылі многія выступоўцы, такая багатая на поспехі і адметныя падзеі, бо тут умеюць з павагай адносіцца да набыткаў ветэранаў працы і да наватарскіх ідэй маладога пакалення. Таму падчас святочнага мерапрыемства былі адзначаны ўвагай і тыя, і другія. Ад старэйшай «культгвардыі» на свяце з прамовай выступіла бібліятэкар Жухавіцкай сельскай бібліятэкі Ганна Мікалаеўна Казлоўская, а маладых спецыялістаў прадставіла балетмайстар аддзела культуры і дасуга «Мірскі Дом культуры» Юлія Валер’еўна Кутузава.

🎶 Завяршылася афіцыйная частка ўрачыстасці выступленнем старшыні прафсаюзнага камітэта работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Карэліцкага раёна Наталлі Уладзіміраўны Казарэз, для якой чарговая сустрэча з калегамі — гэта цудоўная магчымасць зазірнуць кожнаму ў вочы, даведацца, як справы, пажадаць усяго самага цудоўнага, а таксама ўручыць узнагароды. Сёлета іх удастоены начальнік гаспадарчай групы Сяргей Уладзіміравіч Балабановіч, касір Маладзёжнага цэнтра культуры Таццяна Міхайлаўна Папко, кіроўца Карэліцкага РЦКіНТ Аляксей Леанідавіч Аляшкевіч, старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Вікенцьеўна Несцер і ветэран працы, вядомы карэліцкі культурны дзеяч Іосіф Станіслававіч Улан.

Насычанай выдалася не толькі афіцыйная частка мерапрыемства, але і канцэрт. Работнікі культуры раёна, карэліцкія дзеткі і госці са Стаўбцоў дадалі святу творчых фарбаў усіх адценняў мастацтва. Прыгожым сюпрызам стаў і музычны салон ў імправізаванай выставачнай зале ў фае Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Хай такіх імгненняў, напоўненых усёй глыбінёй і хараством жыцця, у вас, нашы шаноўныя работнікі культуры, будзе вельмі шмат! Ваша праца толькі на першы погляд здаецца лёгкай і то толькі таму, што робіце вы яе геніяльна, ярка і таленавіта, нібы у вас за плячыма крылы. У кожны свой творчы поспех і, наогул, працоўны дзень вы ўкладваеце столькі сіл, энергіі і сябе, не шкадуючы часу і духоўных рэсурсаў. І мы вельмі ўдзячныя вам за гэты цуд!

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара і Іны ЛЕЙКІ
Відэа Лізаветы МУЦІЛОВІЧ

🎼 ВІДЭА І ФОТАГАЛЕРЭЯ СВЯТА 🎶

 

Добавить комментарий