На праздник к Макоше собрались многочисленные жители и гости райцевской земли (фото)

У мінулую нядзелю, 21 кастрычніка, аграгарадок Райца атрымаў ганаровае званне цэнтра рукадзелля, творчай фантазіі і хэндмэйда. Спытаеце чаму? Бо менавіта на райцаўскай зямлі адбылася цікавая сустрэча са славянскай багіняй, вечнай ткачыхай і вышывальшчыцай Макошай.

Пераступаючы парог Райцаўскага сельскага клуба, госці мерапрыемства адразу траплялі ў своеасаблівую творчую галерэю, дзе яны маглі пазнаёміцца з работамі народных майстроў Карэліччыны.

Ручнікі і вышытыя карціны Ганны Васільеўны Сіроцінай здзіўлялі ювелірнай вытанчанасцю і каляровым рашэннем. Як прызналася сама ўмельца, без вышыўкі яна жыццё не ўяўляе. Шлюбныя ручнікі, як і караваі на вяселлі, былі добра вядомы за межамі раёна. Саламяныя вырабы Веры Яўгеньеўны Салдатавай надалі святу цёплую і сонечную атмасферу. Радавалі вока і здзіўлялі разнастайнасцю сувеніры і гліняныя вырабы раённага Дома рамёстваў. Цікавасць прысутных выклікала выстава Райцаўскай сельскай бібліятэкі, дзе была прадстаўлена поўная інфармацыя аб гераіні свята.

Асноўныя падзеі мерапрыемства развярнуліся ва ўтульнай зале сельскага клуба. Музычныя падарункі ў выкананні работнікаў культуры, жартоўныя мініяцюры і цёплыя ўсмешкі гледачоў надалі святу святочную ўрачыстасць.

– Гледзячы на работы майстроў Карэліччыны, адчуваеш сапраўдны гонар за таленавітых, натхнёных і адораных жыхароў раёна, – адзначыла дырэктар раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Гароднік. – Хочацца пажадаць вам новых творчых ідэй і прыгажосці, што выходзіць з-пад вашых нястомных рук.

Стварыць хатні абярэг сваімі рукамі – ідэя, якая спадабалася і маленькім, і дарослым удзельнікам мерапрыемства. Пасля плённай працы з нарыхтоўкамі, ніткамі і нажніцамі ўдзельнікі конкурсу трымалі ў руках хэндмэйд-абярэгі. П’едэстал пераможцаў выглядаў наступным чынам: першае месца атрымала юная ўдзельніца свята Надзея Януш, другое – Тамара Мажэйка, трэцяе – Алена Захарчук.

Адна з традыцый свята – акцыя-гульня “Шалік лёсу”, падчас якой кожны з прысутных змог уплясці сваю нітачку ў рознакаляровы шалік, пры гэтым загадаўшы жаданне, якое абавязкова збудзецца.

Вялікую колькасць шчырых слоў удзячнасці за талент і любоў да дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва пачулі ў свой адрас майстры народнай творчасці Карэліччыны. Дыпломамі за асабісты ўклад у развіццё народных промыслаў і рамёстваў былі ўзнагароджаны Ганна Сіроціна, Пётр Барысевіч, Феафанія Яўсей, Кацярына Каралько, Таісія Скіпар, Вера і Аляксандр Салдатавы, Анастасія Воўк. У адрас Зінаіды Маковік, Таісіі Скіпар і творчага калектыву Геранёнскага Дома культуры прагучалі асаблівыя словы ўдзячнасці за ўдзел у свяце народнай творчасці “Макоша запрашае”. Ім былі ўручаны дыпломы і памятныя падарункі.

Бясконцымі апладысментамі сустракалі ўдзельнікі свята творчы калектыў з Іўеўскага раёна, які гучнымі спевамі вітаў багатую на таленты карэліцкую зямлю.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

? ? ФОТАГАЛЕРЭЯ ? ?

Добавить комментарий