От домашнего уюта до веселого досуга. В Кореличском районе помогают старшему поколению в решении любых вопросов

Дзень пажылых людзей – гэта не напамін аб узросце, а чарговая магчымасць выказаць прызнанне і павагу прадстаўнікам старэйшага пакалення за моц духу і жыццёвую мудрасць. А таксама надзяліць іх дадатковай увагай і клопатам.

У Карэліцкім раёне пражываюць 7309 чалавек пажылога ўзросту, у тым ліку 383 адзінокіх пенсіянера і 3001 адзінока пражываючы грамадзянін, якія заўсёды могуць разлічваць на сацыяльную дапамогу і падтрымку работнікаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна.

Па словах дырэктара Цэнтра Інесы Мікалаеўны Семібратавай, найбольш запатрабаванай формай сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей па-ранейшаму застаецца сацыяльная дапамога на даму. Сацыяльныя работнікі і сядзелкі аказваюць пажылым гарантаваны дзяржавай пералік сацыяльных паслуг, дзякуючы чаму тыя могуць працягваць жыць дома, у родных сценах, якія, як кажуць, і хворага лечаць.

У бягучым годзе 424 пенсіянеры карыстаюцца паслугамі 55 сацыяльных работнікаў. 8 сядзелак аказалі дапамогу 15 пажылым, якія поўнасцю страцілі рухальную актыўнасць. Для большасці з іх сацыяльныя работнікі сталі не толькі першымі памагатымі па дому, але і самымі блізкімі людзьмі, якіх яны любяць, без якіх, наогул, не ўяўляюць свайго далейшага жыцця.

Тыя ж пенсіянеры, якія вядуць актыўны лад жыцця, могуць заўсёды прыйсці ў Цэнтр, дзе абавязкова знойдуць занятак на любы густ. На сённяшні дзень функцыянуюць 9 клубаў і 10 гурткоў, якія наведваюць 56 чалавек паважанага ўзросту. Жадаеце засвоіць камп’ютар і добрая арыентавацца ў інтэрнэце, абавязкова запісвайцеся ў гурток “Сетцы ўсе ўзросты пакорлівыя”. Для тых, хто любіць актыўны адпачынак, можа заняцца папулярнай скандынаўскай хадой. Нядаўна ў карэліцкіх пенсіянераў з’явілася магчымасць паспрабаваць сябе ў творчым накірунку, запісаўшыся ў майстэрню па кераміцы, роспісе, разьбе па дрэве, якая працуе на базе Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа. З такой колькасцю заняткаў па інтарэсах адчуваць адзінокімі і сумаваць пенсіянерам проста няма часу.

З надыходам асенне-зімовага перыяду пажылым людзям неабходна не толькі маральная, але ў большай ступені фізічная дапамога. Прынесці дровы і ваду, выпаліць печку – гэтыя хатнія клопаты могуць стаць непасільнай ношай для сталага чалавека. У такім выпадку Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва можа прапанаваць карэліцкім пенсіянерам шэраг варыянтаў, каб правесці зімовыя месяцы ў цяпле і камфорце. На тэрыторыі раёна адкрыты і функцыянуюць 3 дамы ўзаемадапамогі і сацыяльнай падтрымкі, 1 прыёмная і 5 гасцявых сем’яў, а таксама кватэра самастойнага сумеснага пражывання для чатырох грамадзян сталага ўзросту, у якую ўжо ў кастрычніку заселяцца пастаяльцы з розных населеных пунктаў раёна.

У пенсіянераў, якія па аб’ектыўных прычынах не могуць заставацца на зіму ў сваіх домаўладаннях, ёсць магчымасць перазімаваць на медыка-сацыяльных ложках пры Мірскай гарпасялковай бальніцы на 25 месцаў, Лукскай бальніцы сястрынскага догляду на 25 месцаў і Жухавіцкім Доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, які разлічаны на 105 чалавек. Паслугамі гэтых устаноў, якімі ў бягучым годзе скарысталіся 22 чалавекі, у Цэнтры не думаюць абмяжоўвацца, будуць шукаць новыя шляхі для задавальнення запытаў мясцовых жыхароў паважанага ўзросту.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара і Іны ЛЕЙКІ

Добавить комментарий