По мнению учеников кореличчанка Светлана Комар должна войти в топ рейтинга духовно богатых людей журнала «Forbes»

Святлана Леанідаўна Комар – жанчына, якую кожны год на пачатку кастрычніка чакае не адно, а цэлых два святы. Першыя букеты яна атрымлівае з нагоды дня нараджэння, а другія – на Дзень настаўніка. Шчыра ўлюбёная ў сваю працу, яна стараецца знайсці падыход да кожнага дзіцяці, бо бачыць у ім галоўнае – асобу.

Цяжкі, але, безумоўна, патрэбны шлях настаўніка Святлана Леанідаўна абрала яшчэ ў дзявятым класе. Жанчына прызнаецца, што пытанне кім быць амаль не стаяла ўвогуле. З-за таго, што ўсё жыццё яе цягнула да дзяцей, яна і вырашыла дапамагаць маленькім хлопчыкам і дзяўчынкам у адкрыцці іншага, новага для іх свету. Пасля ўніверсітэта маладую настаўніцу накіравалі па размеркаванні ў Райцу, дзе яна старанна адпрацавала амаль два гады. Свой першы ўрок Святлана Леанідаўна не помніць, затое выразным успамінам адгукаецца бацькоўскі сход, да якога яна рыхтавалася не адзін дзень. Мая суразмоўца ўспамінае, якой страшнай і непрадказальнай здавалася гэтая мука… І сапраўды, хіба можна ўявіць, што адчувае дзяўчына, якая ледзь-ледзь скончыла ўніверсітэт, а ўжо павінна даваць парады бацькам? Вядома, у апошніх маецца і жыццёвы вопыт, і дзеці, а ў яе што? Адна тэорыя…

Але з цягам часу і ўрокі, і бацькоўскія сходы ўвайшлі ў звычку, і жыццё пайшло сваёй чарадой. Спачатку Святлана Леанідаўна пераехала ў Карэлічы, пасля чаго выйшла замуж і вырашыла застацца тут назаўсёды, хаця ўспаміны аб Мінску грэюць яе і да гэтай пары…

– Раней мне хацелася з’ехаць як мага далей. Здавалася, што чым больш кіламетраў ад дома, тым лепш. Ведаеце – маладосць, амбіцыі… Але з цягам часу ты разумееш, што ўсё наадварот: душа тады спявае, калі знаходзіцца бліжэй да дому, – дзеліцца жанчына.

У класе Святланы Леанідаўны вучацца сямнаццаць дзяцей, у кожнага з якіх свой характар і нораў. Здаецца, што знайсці падыход да кожнага – справа немагчымая, але жанчына ўсё ж такі ведае адзін сакрэт.

– Усё проста: трэба любіць гэтых маленькіх гарэз. Ведаеце, дзеткам вельмі важна паказаць, што ты разумееш іх і паважаеш. Да іх трэба адносіцца, як да роўных. Дарэчы, не толькі я вучу дзяцей, але і яны мяне. Напрыклад, дзякуючы сваім трэцякласнікам я даведалася пра гэтых чудзікаў – бонсцікаў. Вывучыла амаль усе імёны, бо гэта тое, чым яны жывуць і захапляюцца. А што, і настаўніку трэба быць у трэндзе!

Дарэчы, далёка не многія выкладчыкі могуць пахваліцца тым, што знайшлі агульную мову з чужымі дзецьмі. Але для Святланы Леанідаўны ўвогуле не існуе такога паняцця – гэта падчас размовы адчула я і ўпэўнена, што гэта адчуваюць і дзеці.

– Яна ў нас вельмі добрая, хоць хоць бывае і вельмі строгай. Але ж гэта толькі тады, калі мы не слухаемся, – у адзін голас гавораць падапечныя настаўніцы. – Мы любім Святлану Леанідаўну, бо яна разумная і прыгожая. Нават калі б нам прапанавалі каго іншага, то мы б не пагадзіліся, – наіўна, але так шчыра дзеляцца трэцякласнікі.

Сваіх выпускнікоў жанчына памятае добра, нягледзячы на тое, што сувязь падтрымлівае не з усімі. Але кожны год на вечар сустрэчы яе клас не пустуе – у яго заўжды зазіраюць тыя, хто нават пасля заканчэння школы застаецца ўдзячным за тыя далёкія, але шчаслівыя імгненні жыцця.

– Зямны шар круцяць аптымісты, і Святлана Леанідаўна – у іх ліку. Яна выпраменьвае нейкае неверагоднае святло і захапляе сваёй непадробнай цікавасцю да людзей, да жыцця. Невыпадкова і імя ў яе самае светлае. Можна пазайздросціць яе жаноцкасці, мудрасці, выдатнаму пачуццю гумару. У Святланы Леанідаўны ёсць бясцэнны дар – вучыць не толькі дзяцей, але і дарослых тым якасцям, якія спалучаюцца ў ёй самой: шчырасці, працавітасці, спагадлівасці і бескарыслівасці. І калі б «Forbes» складаў рэйтынг духоўна багатых людзей, Святлана Леанідаўна ўвянчала б пачатак гэтага спісу, – дзеліцца былая вучаніца Яўгенія Бярдзюгіна.

Безумоўна, першыя школьныя гады – важны час для станаўлення асобы. Дык няхай у свеце будзе як мага больш такіх людзей, як Святлана Леанідаўна, у чыіх руках уменне зрабіць школьнае жыццё не толькі карысным, але і багатым на трапяткія і самыя цёплыя ўспаміны.

На думку Святланы КОМАР:
Любімы аўтар: Дар’я Данцова
Любімы фільм: “Вясна на Зарэчнай вуліцы”
Любімае свята: Новы год
Любімая фраза: “Усё лепшае – наперадзе!”

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара

Добавить комментарий