Средняя школа №2 г.п. Кореличи отпраздновала 25-летие (фото)

Сярэдняя школа №2 г.п. Карэлічы на мінулым тыдні адзначыла 25-гадовы юбілей.

Кранаючая, шчырая, хвалюючая, душэўная… Менавіта такімі эпітэтамі можна назваць асаблівую атмасферу, якая панавала ў нядзелю, 13 кастрычніка, у сярэдняй школе №2 райцэнтра. Прыемна было назіраць за гледачамі перад пачаткам знакавага мерапрыемства: усмешкі асвечвалі твары людзей, для якіх школа стала другім домам.

Павіншавалі родную школу з невялікім юбілеем яе дырэктары розных гадоў: Міхаіл Уладзіміравіч Камароўскі, Вера Віктараўна Грышэчка, Руслан Юр’евіч Абрамчык і Генадзій Паўлавіч Бычко.

— З 1991 года школа пачала сваю работу як базавая, — успамінае В. В. Грышэчка, — і гэта не была новабудоўля, да гэтага тут працавала дзіцяча-юнацкая школа. Базы ніякай не было, мы проста садзіліся ў машыну, ехалі па школах раёна і бралі ў іх тое, што ім было непатрэбна. Цяпер тут многае змянілася. Школа стала сучаснай і камфортнай для вучняў і настаўнікаў.

Акрамя шчырых слоў пажаданняў, Грышэчка В. В. адрасавала Ганаровую грамату Гродзенскай абласной арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі старшыні пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі СШ №2 Марыі Міхайлаўне Міхайлоўскай.

Намеснік старшыні райвыканкама Руслан Юр’евіч Абрамчык адзначыў, што сярэдняя школа №2 — гэта эталон надзейнасці і кузня кадраў, адкуль выйшла мноства таленавітых вучняў, а многія педагогі сталі кіраўнікамі падраздзяленняў райвыканкама, устаноў адукацыі раёна, займаюць кіраўніцкія пасады за межамі раёна.

Успамінамі падзяліліся і ветэраны педагагічнай працы: Іван Уладзіміравіч Дзёмушкін, Ірына Віктараўна Турок, Марыя Уладзіміраўна Беленава, Алена Іванаўна Барыскіна, Марыя Аркадзьеўна Брынкевіч. І ўсе яны адзначылі, што шчасце настаўніка — у поспехах вучняў, якія з гонарам вымаўляюць, дзе б ні былі: “Мы з Карэліцкага раёна!”

— Сярэдняя школа №2 райцэнтра займае асаблівае месца ў сістэме адукацыі раёна, — адзначыла начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Ірына Валер’еўна Асташэвіч, — і ў гэтым вялікая заслуга яе калектыва. Сапраўды, вучні школы дэманструюць выдатныя поспехі на спартыўнай арэне, у творчых конкурсах на абласным і рэспубліканскім узроўнях. За апошнія гады ўзмацнілася матэрыяльна-тэхнічная база. Хутка тут пройдзе рамонт харчблока, некалькіх кабінетаў.

Асаблівыя словы ўдзячнасці начальнік упраўлення адукацыі адрасавала тым, хто адпрацаваў у сценах школы 25 гадоў. Ганаровых грамат упраўлення адукацыі райвыканкама ўдастоены бібліятэкар Алена Вячаславаўна Аўдакушына і загадчык склада Людміла Сяргееўна Лагута.

Дырэктар школы В. А. Браніцкі аб’явіў падзяку настаўнікам С. А. Макоўскай, А. А. Бязмен, І. Б. Купцэвіч, М. М. Міхайлоўскай, І. М. Кошур, А. Т. Жывень, А. Л. Янушэўскай, бібліятэкару А. В. Аўдакушынай і загадчыку склада Л. С. Лагута за 25-гадовую бездакорную работу ў сярэдняй школе №2.

Аб тым, якое значэнне мае школа для Карэліцкага раёна, нагадалі ганаровыя госці: дырэктары школ раёна А. А. Вярбіцкая, Н. У. Бурак, А. А. Галушка, дырэктар будаўнічага ліцэя Г. М. Арцюх, начальнік раёна электрасетак І. Г. Маковік, былы настаўнік, а цяпер бізнесоўца С. А. Санько.

Галоўнае дасягненне школы — гэта яе выпускнікі. Прыйшлі асабіста павіншаваць сваіх настаўнікаў Ганна Ялак, якая працуе выканаўчым прадзюсарам на АНТ, і Рыта Яроцкая, метадыст Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Юбілейны вечар завяршыўся, а школа працягвае жыць, і ў яе наперадзе шмат цікавых падзей, памятных сустрэч, здзяйсненняў і адкрыццяў, пра якія мы ў свой час абавязкова даведаемся.

ДАВЕДКА “ПОЛЫМЯ”
З 1961 года ў памяшканні сучаснай СШ №2 г.п. Карэлічы працавала адзіная на той момант школа раённага цэнтра, якая неўзабаве перамясцілася ў новае і тыпавое памяшканне сярэдняй школы №1 па вул. Фаменкі. У 1991 годзе СШ №2 зноў пачала сваю работу як базавая ўстанова адукацыі, у 1993 годзе атрымала статус сярэдняй школы.

Іна ЛЕЙКА
Фота аўтара

Добавить комментарий