В Кореличском районе модернизируется дорожная сеть (фото)

Дарогі – артэрыі жыцця і твар любога населенага пункта. Нездарма кажуць, што сустракаюць па вопратцы. Менавіта ад стану і якасці дарожнага адзення горада, райцэнтра альбо вёскі залежаць першае ўражанне гасцей і камфортнае перамяшчэнне мясцовых жыхароў таго ці іншага населенага пункта.

На Карэліччыне пытанню дарожнай рэабілітацыі надзяляецца шмат увагі. З года ў год сіламі работнікаў Карэліцкага дарожна-рамонтнага будаўнічага ўпраўлення №158, рамонтна-будаўнічага ўчастка РУП ЖКГ і рамонтна-будаўнічага прадпрыемства №12 мадэрнізуецца дарожная сетка Карэліччыны, што павышае імідж раёна ў вачах турыстаў і задавальненне мясцовых жыхароў ад магчымасці камфортнай язды і хады.

2018 год не з’яўляецца выключэннем. За 9 месяцаў бягучага года ўжо заасфальтаваны і добраўпарадкаваны не адзін кіламетр дарожнага пакрыцця вуліц райцэнтра і г.п. Мір. Толькі ў г.п. Карэлічы адрамантавана прыкладна 1,5 кіламетра вулічнай вопраткі, на што асвоена каля 180 тысяч рублёў.

– Першым аб’ектам, да якога ў пачатку бягучага года прыступіла брыгада работнікаў ДРБУ-158, стала вуліца Фаменкі ў г.п. Карэлічы, – расказвае начальнік планава-вытворчага аддзела ДРБУ-158 Юрый Уладзіміравіч Бабанскі. – У пачатку года быў праведзены бягучы рамонт дарожнага пакрыцця вуліцы працягласцю 460 метраў, што значна палепшыла жыццё мясцовых жыхароў.

У жніўні бягучага года ў цэнтры ўвагі брыгады работнікаў дарожнай арганізацыі знаходзіліся ўчасткі вуліц Чэхава і Пушкіна, дзе было заасфальтавана 130 метраў і 233 метры дарогі адпаведна. Участак вуліцы Чырвонаармейская працягласцю 225 метраў таксама можа пахваліцца новай дарожнай вопраткай, на якую пайшло амаль 34 тысячы рублёў.

Завулак Чырвонаармейскі. Здаецца, толькі ўчора тут плённа працавала тэхніка ДРБУ-158, аб чым сведчыць насычаны чорны колер свежага асфальтабетоннага пакрыцця. Так яно і ёсць. Прыкладна два тыдні таму 270 метраў завулка са звычайнай палявой дарогі пераўтварыліся ў камфортны асфальтаваны шлях, што толькі на “ўра” ўспрынялі мясцовыя жыхары.

Ёсць толькі адно “але”. З’езды да асабістых брамаў гаспадары падворкаў павінны рабіць самастойна. Хтосьці, заплаціўшы пэўную суму, звярнуўся да брыгады работнікаў ДРБУ-158, якія дадаткова заасфальтавалі невялікі ўчастак да брамы. Астатнія мясцовыя жыхары стараюцца асабістымі сіламі добраўпарадкаваць пад’езды да сваіх дамоў.

– Жыву на гэтым завулку амаль паўстагоддзя, з 1971 года. Увесь гэты час тут была звычайная палявая дарога, як кажуць, ні праехаць, ні прайсці. Таму новы асфальт для нас – сапраўднае шчасце, – дзеліцца жыхар завулка Іван Сцяпанавіч Шавейка. – Асабіста мы заплацілі грошы, і работнікі ДРБУ-158 добраўпарадкавалі з’езд да брамы. Цяпер і сынам на машынах будзе добра заязджаць на надворак, і снег зімой з лёгкасцю можна будзе адкінуць.

Ужо ў мінулую пятніцу наведвальнікі рынка ў г.п. Карэлічы змаглі асабіста ацаніць работу па добраўпарадкаванні вуліцы Жалезняковіча. Тут з’явілася стаянка прыкладна на 30 аўтамабільных месцаў, што значна аблегчыць існуючае пытанне з паркоўкай аўтамашын у рыначныя дні.

– Аўтастаянка заасфальтавана сіламі і тэхнікай ДРБУ-158. Добраўпарадкаваннем жа тэрыторыі займаецца рамонтна-будаўнічы ўчастак і брыгада азеляніцеляў РУП ЖКГ. Для камфортнага і бяспечнага перамяшчэння пешаходаў уздоўж вуліцы Жалезняковіча была зроблена пешаходная дарожка, – расказвае майстар рамонтна-будаўнічага ўчастка Міхаіл Аляксандравіч Расюкевіч. – У бліжэйшы час плануем прыступіць да добраўпарадкавання прылягаючай да рынка тэрыторыі.

Дзякуючы намаганням работнікаў рамонтна-будаўнічага ўчастка РУП ЖКГ вучні, іх бацькі і педагогі СШ №1 г.п. Карэлічы сёння крочаць у навучальную ўстанову па новай пешаходнай дарожцы. Напярэдадні вучэбнага года было пакладзена 325 квадратных метраў бяспечнага шляху ад мемарыяльнага комлексу “Зорка” да вуліцы Фаменкі.

– Раней прыходзілася ісці па ўскрайку дарогі, сёння – па новаму тратуару. Бяспечна і добра, – адзначылі вучні СШ №1 г.п. Карэлічы Яўгеній Яўсейчык і Іван Дарашэнка, спяшаючыся зранку ў школу.

Плённа працуюць дарожнікі раёна ў рамках праграмы па комплексным добраўпарадкаванні і развіцці г.п. Мір. Частка будаўнічых і рамонтных работ ужо выканана. Так, у чэрвені намаганнямі работнікаў ДРБУ-158 на ўчастку вуліцы Маладзёжная працягласцю 112 метраў было пакладзена асфальтабетоннае пакрыццё. Да таго ж брыгадай муляраў РБП-12 добраўпарадкавана прышкольная тэрыторыя СШ г.п. Мір. Шмат ужо зроблена на вуліцах Школьная і Зорная.

20 верасня настала гадзіна “ікс” для вуліцы Сташэўскай у Міры. Менавіта ў другой палове верасня распачалася яе рэканструкцыя.

– Першапачаткова работнікі дарожнай арганізацыі выканалі ўсе неабходныя падрыхтоўчыя работы: знялі старое асфальта-бетоннае пакрыццё і месцамі тратуарную плітку, дэманціравалі борт, – расказвае аб выкананай рабоце галоўны інжынер ДРБУ-158 Дзмітрый Уладзіміравіч Макарчык. – Для рэканструкцыі гэтай вуліцы спатрэбіцца каля 2 кіламетраў дарожнага барта, столькі ж тратуарнага барта і каля 2 тысяч квадратных кіламетраў тратуарнага пакрыцця. Дарога па вуліцы Сташэўскай набудзе новае асфальтабетоннае пакрыццё. Да таго ж дзеля бяспечнасці дарожнага руху і камфорту вучняў і іх бацькоў з’явяцца дзве пляцоўкі для прыпынку аўтатранспарту, стаянка для аўтамабіляў, месца для развароту транспарту і тратуарныя дарожкі па абодвух баках праезнай часткі. Завяршэнне рэканструкцыі вуліцы Сташэўскай запланавана ў лістападзе бягучага года.

Акрамя работнікаў ДРБУ-158, рамонтам і добраўпарадкаваннем вуліц г.п. Мір займаюцца Навагрудскае ДРБУ-189, Дзятлаўскае ДРБУ-119 і РБП-12.

У бліжэйшых планах – рэканструкцыя вуліцы Танкістаў працягласцю 2,2 кіламетра, якая будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў 2019 годзе. На будучы год пачнуцца рамонтныя работы і на вуліцы Першамайскай г.п. Мір.

Але ўсё ж такі найбуйнейшым аб’ектам Карэліцкага ДРБУ-158 з’яўляецца капітальны рамонт участка дарогі Карэлічы-Валеўка-Наваельня працягласцю 3,5 кіламетра, які распачаўся ў пачатку жніўня бягучага года.

– Участак дарогі быў раздзелены на два пускавых комплексы: першы – працягласцю 2 кіламетры, другі – 1,5 кіламетра. Увогуле, капітальны рамонт дарогі ўключае замену дарожнай вопраткі, падсыпанне і прыўздыманне дарогі, выпраўленне яе падоўжнага профілю, замена альбо рамонт водапрапускных труб, добраўпарадкаванне прыпыначных пунктаў, – адзначае Юрый Бабанскі. – Работы на першым пускавым комплексе ўжо амаль скончаны. Яго здача адбудзецца ў пачатку кастрычніка. Паралельна дарожнікі распачалі працу на другім комплексе. Завяршэнне капітальнага рамонту ўчастка дарогі Карэлічы-Валеўка-Наваельня запланавана на лістапад бягучага года. Увогуле, на новую вопратку для гэтага ўчастка дарогі пойдзе каля 5,5 тысяч тон асфальтабетона і некалькі тысяч кубоў старога асфальтагранулята, які выкарыстоўваецца ў мэтах эканоміі і паляпшэння якасці дарожнага пакрыцця.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара

Добавить комментарий