В СПК «Свитязянка-2003» торжественно открыли МТФ «Райца-1» (фото+видео)

СВК “Свіцязянка-2003” зрабіла чарговы ўпэўнены і паспяховы крок насустрач сучасным аўтаматызаваным тэхналогіям. 12 кастрычніка адбылося адкрыццё новазбудаванай малочна-таварнай фермы “Райца-1”, што стала знакавай падзеяй не толькі для работнікаў сельгаспрадпрыемства, але і Карэліччыны ў цэлым.

Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Анатольевіч Быліч, старшыня СВК «Свіцязянка-2003» Уладзімір Арсенцьевіч Галавач, начальнік ДРБУ-158 Мікалай Мікалаевіч Кадлубай, кіраўніцтва Шчучынскай МПМК-167, настаяцель храма св. Варвары іерэй Аляксей Шышкір, спецыялісты і работнікі “Свіцязянкі”.

– 16 месяцаў спатрэбілася будаўнікам Шчучынскай МПМК-167, каб узвесці даільны блок і два кароўнікі на 610 галоў. Брыгада працавала якасна і старанна, за што хочацца выказаць ім вялікую падзяку, – адкрыў мерапрыемства Уладзімір Галавач. – Безумоўна, на будаўніцтва гэтага аб’екта былі затрачаны значныя фінансавыя сродкі, каля 5100 тысяч рублёў. Фінансаванне ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” склала 3187 тысяч рублёў. Астатнія грошы – асабістыя сродкі сельгаспрадпрыемства.

Ганаровыя госці мерапрыемства шчыра віншавалі “Свіцязянку” з увядзеннем у строй новай малочна-таварнай фермы, жадаючы гаспадарцы дасягнуць найвышэйшых паказчыкаў.

– Сёння, у няпросты эканамічны перыяд, не кожны рашыцца пачаць узвядзенне такога грандыёзнага аб’екта за кошт асабістых сродкаў, – адзначыў Аляксандр Быліч. – Але Уладзімір Арсенцьевіч прыняў правільнае рашэнне. Як вынік – на Карэліччыне з’явілася новая аўтаматызаваная ферма, якая, я ўпэўнены, будзе адной з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы.

Кульмінацыйным момантам урачыстай падзеі стала ўручэнне старшыні СВК “Свіцязянка-2003” сімвалічнага ключа ад новай фермы, які быў перададзены Уладзімірам Галавачом загадчыцы МТФ “Райца-1” Раісе Машчонскай. Знакавым пры адкрыцці новазбудавання стала і тое, што мерапрыемства прайшло напярэдадні праваслаўнага свята Пакроваў. Іерэй Аляксей Шышкір уручыў старшыні гаспадаркі абраз Боскай Маці, якая будзе абараняць і дапамагаць у працы.

З увядзеннем новай малочна-таварнай фермы агульнае пагалоўе “Свіцязянкі” павялічыцца на 100 кароў. Астатнія 510 жывёл будуць пераведзены з МТФ “Райца” і МТФ “Міратычы”.

– Асноўная наша мэта – пераход са старой сістэмы на новую, якая будзе адпавядаць усім сучасным патрабаванням. Безумоўна, гэта станоўча паўплывае на надоі і якасць малака, а таксама палепшыць умовы працы работнікаў, – падзяліўся галоўны заатэхнік СВК “Свіцязянка-2003” Віктар Канстанцінавіч Саўко. – Па выніках мінулага года на МТФ “Літараўшчына” надой ад адной каровы склаў 9800 кг, на МТФ “Райца” – 9400 кг. Упэўнены, што такіх паказчыкаў, якія займаюць перадавыя пазіцыі як у вобласці, так і ў рэспубліцы, зможам дасягнуць і на гэтай ферме.

Сярод асноўных ноу-хау МТФ “Райца-1” — усталяваныя на даху малочнага блоку геліякалектары, якія значна зменшаць расход электраэнергіі. Цікава тое, што сонечныя батарэі будуць актыўна дзейнічаць не толькі летам, але і зімой. На новай ферме для рагуль створаны абсалютна камфортныя ўмовы: паілкі з аўтаматычным падагрэвам, асабістыя гумовыя лежакі для кожнай жывёлы. Нават аўтаматычная часалка прадугледжана. У хуткім часе на ферме з’явіцца першы ў раёне падсоўвальнік кармоў, які поўнасцю выключыць чалавечую працу.

Тым не менш, якая б аўтаматызацыя не была ўжыта, на чале ўсіх працэсаў стаяць работнікі МТФ “Райца-1”, якія будуць працаваць у найвыдатнейшых умовах: для іх абсталяваны пакой для прыёму ежы, душавыя, гардэробы.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара
Відэа Лізаветы МУЦІЛОВІЧ

Добавить комментарий