Храм Покрова Пресвятой Богородицы в Турце отметил 130-летие (фото+видео)

20 кастрычніка, у суботу, царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Турэц адзначыла 130-годдзе. Урачыстасці з нагоды слаўнага юбілею ўзначаліў вікарый Навагрудскай епархіі, схіепіскап Дзятлаўскі Пётр. Яго Праасвяшчэнству саслужылі сакратар Навагрудскага епархіяльнага Упраўлення протаіерэй Анатолій Герасімук, благачынны цэркваў Карэліцкай акругі протаіерэй Мікалай Орса, настаяцель царквы свяшчэннік Андрэй Абрамовіч і запрошанае духавенства.

Калі ехаць па цэнтральнай шашы з Міра на Карэлічы, то пры пад’ездзе да Турца міжволі скіруеш позірк на велічную святыню. Вось ужо 130 гадоў яна служыць прыхаджанам — ад старога да малога спяшаюцца сюды людзі са сваімі бедамі і радасцямі. Пры ўваходзе на тэрыторыю царквы звяртаеш увагу на лічбу на арцы — 1888 год, якая нагадвае аб яе векавым існаванні, а пры наведванні царквы яе абразы і прыгажосць — аб святасці і непаўторнасці.

У гэты дзень у святыні было асабліва ўрачыста. А дзясятай гадзіне раніцы збіраліся прыхаджане. Людзі сталага і маладога ўзростаў, з імі дзеці — яны прыйшлі не толькі з Турца, а прыехалі з навакольных вёсак і розных гарадоў. Усе былі ахоплены чаканеннем урачыстага моманту важнай падзеі, і ён не прымусіў доўга чакаць: турэцкую святыню наведаў вікарый Навагрудскай епархіі, схіепіскап Дзятлаўскі Пётр. Настаяцель мясцовай царквы Андрэй Абрамовіч выказаў ад імя прыхаджан радасць прыезду шаноўнага госця і папрасіў яго ўзнесці святыя малітвы — каб Бог захаваў прыхажан у міры, дабрабыце, міласці.

Пачынаецца Богаслужэнне. Гучаць малітвы. Словы святароў… Бясспрэчна, малітва мае вялікае значэнне, каму не вядома яе сіла. Тым больш, у гэты ўрачысты дзень яна гучыць асабліва пра нашы жыццё, любоў, згоду, сяброўства, ахоўнікаў… Хочацца паўтараць яе за святарамі і быць пачутым.

На богаслужэнні праслаўляецца Маці Боская. Менавіта ў яе гонар названа царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Святая служыла людзям, дапамагала ў іх просьбах, таму для нас Яна — прыклад у жыцці. У прыхажан мясцовай святыні ёсць магчымасць набыць Яе абразок і малітву.

130-годдзе царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў аграгарадку Турэц — сапраўды значны юбілей і для прыхаджан, і для запрошанага духавенства. 7 кастрычніка бягучага года ў царкве адбылася важная падзея: асвяцілі царкоўныя званы. На ўрачыстасці на гэты раз настаяцель царквы Андрэй Абрамовіч, адзначыўшы важнасць вялікай падзеі, падзякаваў усіх за сумесную службу і заклікаў не пакідаць малітву. Каб збіраліся на богаслужэнні не толькі ў вялікія юбілеі, а дарога да царквы была заўсёды жаданая і ў радасць.

Уладыка Пётр звярнуўся да прыхаджан са словамі настаўлення: «Мы павінны працягваць традыцыі нашых продкаў: прыходзіць у царкву па закліку сэрца і праслаўляць Госпада і Святую Багародзіцу», — адзначыў шаноўны госць і пажадаў змірэння, прымаць і выконваць Волю Боскую.

Напрыканцы літургіі выхаванцы Нядзельнай школы выканалі духоўныя песнапенні. Адбылася агульная святочная трапеза.

Адна са старэйшых прыхаджан з аграгарадка Турэц Марыя Яўгеньеўна Сабалеўская паведала, што ў свае 83 гады яна з задавальненнем наведвае мясцовую царкву, бо тут знаходзіць спакой для душы, Бог дае ёй сілы і здароўе. На жыццё не скардзіцца — яе наведваюць сацработнік, супрацоўнікі Карэліцкага ЦСАН і Турэцкай АУАП. Няхай доўжыцца яе век, як і ўсіх прыхаджан царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы, а Святая ўкрывае ад жыццёвых выпрабаванняў, і ўсё ўдаецца вытрымаць у жыцці.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота і відэа Вікторыі КАСЦЮК

? ? ? ФОТАГАЛЕРЭЯ ? ? ?

 

 

Добавить комментарий